«Кадравы чацвер»: бессэнсоўны да бязлітаснасці

Колькі не падпісвай указаў, а два плюс два заўсёды будзе чатыры. Ад перамены месцаў складнікаў сума не зменіцца. А шасцёрка ў картачнай калодзе ніколі не стане валетам.

Арт: Teun Hocks


Тэлеграм-канал «Пул першага», набліжаны да прэзідэнцкай прэс-службы, ранкам 19 лістапада анансаваў «кадравы чацвер» у Лукашэнкі. Маўляў, самаінаўгураваны пакуль яшчэ кіраўнік краіны прызначыць новыя кадры ў сілавыя структуры і на дыпламатычную службу, і нейкага новага міністра. «Кажуць, прызначэнне гучнае», — напісалі аўтары канала.

Падобныя заявы не могуць выклікаць нічога, акрамя іранічнай усмешкі. Рэакцыяй на гэтыя прызначэнні, нават не ведаючы, каго і куды перасунуць, можа быць толькі фраза: «Прызначэнне, можа быць, і гучнае, але бескарыснае».

Безумоўна, падобныя перастаноўкі для дзяржаўнай машыны маюць нейкую логіку. Лукашэнка не можа пакінуць вакантнымі, напрыклад, пасады паслоў — замест тых, хто выказаў нязгоду з цяперашняй палітыкай, гвалтам, фальсіфікацыяй вынікаў выбараў, і быў звольнены. Але прызначэнне паслоў у сённяшніх умовах — проста фармальнасць. Гэта як ўставіць вінцік ў машыну, якая і без яго не працуе і не запрацуе. Каго б ні прызначыў Лукашэнка ў «дыпламатычны корпус», сітуацыя ад гэтага не зменіцца. Для таго, каб яна змянілася, патрэбныя зусім іншыя дзеянні, ад дыпкорпусу не залежныя — спыненне гвалту ў краіне, вызваленне палітвязняў, рэальны дыялог з мэтай выхаду з крызісу, новыя выбары і пакаранне тых, хто зладзіў прававое бязмежжа ў Сінявокай.

І гэта залежыць не ад паслоў і не ад таго, што яны будуць мармытаць, уручаючы свае даверчыя граматы.

Тое ж самае з прызначэннем «сілавога блоку». Лукашэнка нядаўна ўжо тасаваў сілавікоў. Мабыць, ён разлічвае што «новыя прызначаныя», абавязаныя Лукашэнку павышэннем па службе і новым мяккім крэслам, будуць больш заўзята выконваць яго загады па «навядзенні парадку ў Мінску». Лукашэнка ўжо разы чатыры даваў тыдзень на гэтае «навядзенне», але воз і цяпер там — і са «старым-старым» міністрам МУС, і з «новым-старым» міністрам МУС, і так будзе і з «новым-новым» міністрам МУС, калі яго прызначаць.

«Воз і цяпер там» таму, што не ад кіраўніцтва сілавікоў гэта залежыць. Хто б ні быў новым кіраўніком МУС, КДБ ці мінскай міліцыі, усё, што ёсць у яго распараджэнні, — толькі дубінкі. Пасля таго, як 25 тысяч чалавек ужо адседзела на «сутках», а пратэсты не спыніліся, нават у міліцыі пачалі разумець — ціснуць на народ бессэнсоўна. Рэсурсаў і варыянтаў дзеянняў у народа значна больш, чым у сілавікоў.

Можна разагнаць і разгрупаваць чарговы марш — але настрояў у грамадстве гэта не зменіць. Можна зрэзаць бел-чырвона-белыя стужачкі ў адным раёне — яны з’явяцца ў іншым. Можна зняць сцягі ў Новай Баравой або ў Каскадзе — яны з’явяцца ў Малінаўцы або ў Грушаўцы. А пакуль будуць здымаць сцягі ў Малінаўцы — яны зноў узнікнуць у Новай Баравой.

Уласна кажучы, гэта пачаў разумець і шараговы, і сярэдні міліцэйскі склад. Тыя, хто цяпер выходзіць з «сутак», ужо ўсё менш кажуць, што «гэта была жэсць», і ацэньваюць стаўленне да сабе як «нармальнае». Так, працягвае «жэсціць» і прымушае таптацца па бел-чырвона-белых сцягах АМАП, але ўжо і не такія рэдкія выпадкі, калі затрыманых цішком адпускаюць, а заціснутым «у каробачку» паказваюць бяспечныя калідоры адыходу. А супрацоўнікі, якія складаюць пратаколы, пачалі размаўляць з затрыманымі, відавочна спрабуючы зразумець, якое будзе іх месца пры гіпатэтычнай «новай уладзе».

І не толькі шараговае і сярэдняе звяно сілавікоў пачынае разумець, што народ ім не адолець, і што ніякія «лялькаводы» не здольныя «лялькаводзіць» тры месяцы запар. Хтосьці ж «зліў» у сеціва тэлефонную размову, як мяркуецца, Баскава і, як мяркуецца, Шакуты адносна забойства Рамана Бандарэнкі. А праслухоўваць і запісваць такіх людзей можа, напэўна, далёка не шараговы супрацоўнік «органаў».

І ніякі сілавы міністр, прызначай яго хоць тры разы, не зменіць галоўнага — настрояў у грамадстве.


Наконт «гучнага прызначэння» міністра ва ўрад шэраг экспертаў выказалі меркаванне, што гэта можа быць міністр аховы здароўя. Гэтая пасада на дадзены момант застаецца вакантнай, выконвае абавязкі міністра Дзмітрый Піневіч. Прызначаць міністрам яго, ці кагосьці іншага... Што зменіцца?

Ці зможа ён забяспечыць лекараў сродкамі індывідуальнай абароны, якіх адчайна не хапае? Ці паставіць ён у бальніцы новыя апараты ШВЛ? Ці будзе Міністэрства аховы здароўя публікаваць рэальную статыстыку смерцяў ад «кароны»? У тыя дні, калі «афіцыйная» статыстыка выдавала па 6 смерцяў ад каронавіруса, нядаўна ўзламаны тэлеграм-канал лекараў «Белыя халаты» казаў пра 19 смерцяў толькі ў некаторых бальніцах Мінска…

Будзем шчырыя — гэта рытарычныя пытанні. Ніякі міністр у «краіне, што перамагла кавід», правільнай статыстыкі не дасць. І не напоўніць бальніцы СІЗамі і ШВЛ, бо ў Мінздароўя на гэта банальна няма грошай. І ці ёсць сэнс наогул прызначаць міністра, які ўсё роўна нічога не зможа зрабіць?

Пасля таемнай самаінаўгурацыі Лукашэнкі ў інтэрнэце з’явіўся жарт: «Беларусь увайшла ў лік краін, якія не прызналі легітымным прэзідэнтам Аляксандра Лукашэнку». І ў той жа час гучалі галасы: «Ну, ён нелегітымны, ну і што? Усё роўна ж сябе “каранаваў”»?

Вось гэта і ёсць тая самая нелегітымнасць — калі ўсе яго рухі па прызначэнні-адхіленні, усе яго ўказы і распараджэнні — бессэнсоўныя да бязлітаснасці.

Бо ніякі новы міністр (персаналіі, паўтаруся, не важныя) нічога не можа зрабіць без рашэння непасрэдна на ўзроўні Лукашэнкі. А ўсе рашэнні, якія прымаюцца на ўзроўні Лукашэнкі, альбо апрыёры не выканальныя, альбо выклікаюць жорсткае непрыманне ў грамадстве, і невыканальныя па гэтай прычыне.

Лукашэнка можа прыняць толькі два рашэнні, якія будуць выконвацца: альбо збегчы з краіны, альбо пачаць перамовы аб варыянтах свайго сыходу. Іншых выканальных рашэнняў для яго проста не засталося.

P.S. Калі пісаўся матэрыял, стала вядома, што Лукашэнка прызначыў новага міністра культуры. Ім стаў былы памочнік па Брэсцкай вобласці Анатоль Маркевіч. Хто-небудзь верыць у тое, што Маркевіч адновіць, напрыклад, Купалаўскі тэатр?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: