Калі не ён, дык хто ж?

Важная асаблівасць «беларускай мадэлі» — адсутнасць электаральных рэйтынгаў у вышэйшых службовых асобаў дзяржавы.

Сярод маіх калегаў і знаёмых няма прыхільнікаў расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Таксама ў маім блізкім коле няма і тых, хто аддаваў бы перавагу аб’яднанню з Расіяй, а не ўступленню ў Еўрасаюз.

Аднак, калі меркаваць па шматгадовых даследаваннях НІСЭПД, прадстаўнікі еўрапейскага выбару заўсёды знаходзіліся ў Беларусі ў меншасці. Падчас апошняга апытання (лета 2016 года) незалежныя сацыёлагі зафіксавалі наступнае размеркаванне геапалітычных прыхільнасцяў беларусаў: аб’яднанне з Расіяй — 42%, уступленне ў Еўрасаюз — 34%, не здолелі адказаць — 24%.

Варта звярнуць увагу на высокі працэнт рэспандэнтаў, што не далі адказу. Здзіўляцца гэтаму не даводзіцца: усё, што звязана са знешняй палітыкай, ляжыць па-за межамі штодзённага вопыту простага чалавека. Таму свайго меркавання наконт геапалітыкі ў яго няма і быць не можа.

Аднак усё мяняецца, калі пераходзіць на асобы. Прыводжу размеркаванне адказаў на пытанне: «Як Вы ставіцеся да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна?» (чэрвень 2012 года): станоўча — 48%, абыякава — 35%, адмоўна — 13%, не здолелі адказаць — 4%.

У палітыцы і футболе, як вядома, разбіраюцца ўсе, але не ў любой палітыцы, а ў рэдукаванай да асабістых адносін. Як кажа мая сястра, чалавек з вышэйшай адукацыяй, якая ўсё сваё свядомае жыццё пражыла ў Ленінградзе-Пецярбургу: «Пры алкаголіку Ельцыне мы ледзь зводзілі канцы з канцамі, а Пуцін — малайчына, таму і жыццё наладзілася».

Пры Ельцыне (1991–1999) сярэдняя цана нафты складала 16,5 долара за барэль. Пры Пуціне яна тры гады запар трымалася вышэй за 110 долараў за барэль. Акрамя таго, большая частка прэзідэнцтва Ельцына прыйшлася на час, калі савецкага парадку ўжо не існавала, а новы яшчэ не сфармаваўся. Але спрабаваць растлумачыць такія «тонкасці» маёй сястры — значыць марнаваць час.


Не выключэнне, а правіла

Калі я сутыкаюся па-за сваім блізкім колам з прыхільнікамі расійскага прэзідэнта, што гатовыя абараняць свайго куміра з пенай у рота, задаю ім простае пытанне-тэст: «А чым жа так вызначыўся Пуцін да таго, як стаў прэзідэнтам?» Нескладана здагадацца, што ўцямнага адказу на гэтае пытанне мне яшчэ ні разу не далі.

Заходжу на асабісты сайт нацыянальнага лідара Расіі. У раздзеле «Біяграфія» чытаю: «Пасля вяртання з Германіі ў Ленінград Уладзімір Пуцін з 1990 года займаў пасаду памочніка рэктара Ленінградскага дзяржуніверсітэта па міжнародных пытаннях». Іншымі словамі, ён быў звольнены з органаў, ці я нешта няправільна разумею?

Адпаведных каментараў у інтэрнэце — воз і вазочак. Аднак інтэрнэт — гэта памыйніца, як справядліва ахарактарызаваў сусветнае павуцінне ў свой час адзіны беларускі палітык (АП). Так што я не рэкамендаваў бы спяшацца з адназначнымі высновамі.

«Хто быў нікім, той стане ўсім». Як паказала гісторыя, гэта поўнае аптымізму прароцтва аўтара словаў «Інтэрнацыяналу» Эжэна Пацье ніякага дачынення да працоўнага класу не мае. Іншая справа — наменклатура. Таму выпадак з Пуціным — не выключэнне, а правіла. З АП, між іншым, у пачатку 1990-х адбылася аналагічная гісторыя.

Усім нам неаднаразова даводзілася сутыкацца з пытаннем: «Калі не ён, дык хто?» Пытанне гэта надзвычай папулярнае на постсавецкай прасторы. Пошукам адказу на яго, як правіла, займаюцца ў апазіцыйным асяродку. Шукаюць — і не знаходзяць.

Незалежная сацыялогія марнасць пошукаў пацвярджае. Напрыклад, у чэрвені 2016 года электаральны рэйтынг АП склаў 30%, а ў яго бліжэйшых апанентаў Караткевіч і Статкевіча — 5%, у Мілінкевіча і Някляева — 3%. Далей ідзе яшчэ шэраг вядомых у вузкіх апазіцыйных колах прозвішчаў са значэннем рэйтынгу ніжэй статыстычнай памылкі.

Усё звыкла. Усё заканамерна. Але ў гэтым спісе няма ніводнага прозвішча прадстаўнікоў улады. Ні кіраўніка ўрада, ні старшыні парламента!

Пры такой сацыялогіі не павінна здзіўляць актуальнасць пытання: «Калі не ён, дык хто?» Але сацыялогія толькі фіксуе рэальнасць, яна яе не фарміруе.

Пошукі крыніц феномену адзінага палітыка прапаную правесці з дапамогай дырэктара Лявада-цэнтра Льва Гудкова: «У параўнанні з рэйтынгам папулярнасці палітыкаў у дэмакратычных краінах, дзе існуе палітычная і эканамічная канкурэнцыя і ёсць свабодная прэса, адкрытая крытыка ўлады. Мы маем справу зусім з іншай з’явай — гэта арганізаваны кансенсус, які трымаецца на вельмі магутнай машыне прапаганды (вылучана. — рэд.)».


Ленін думае пра нас

На якой падставе футбольныя фанаты лічаць Ліянэля Месі вялікім футбалістам? Безумоўна, прэса не абыходзіць яго бокам, ды і рэкламадаўцы да яго добразычлівыя. Але следства не варта блытаць з прычынай. Месі, перш за ўсё, футбаліст, які забівае ў кожным сезоне больш за 30 галоў. Хочаце стаць другім Месі і зарабляць звыш 100 мільёнаў долараў на год? Няма праблем. Пачынайце рэгулярна забіваць лепшым камандам свету.

АП на беларускім палітычным полі гуляе ў ганаровай адзіноце. Ён забівае мячы ў браму, у якой няма брамніка. Таму і актуальнае пытанне: «Калі не ён, дык хто?» Між тым, спецыялістаў, здольных забіваць у пустую браму, знойдзецца ў Беларусі калі і не мільён, то ўжо сотня тысяч гарантавана. Але якімі б ні былі іх асабістыя якасці, шанцаў быць дапушчанымі паганяць мяч па палітычным полі ў іх няма. Не для таго чвэрць стагоддзя таму АП «падняў уладу з бруду».

Каб азнаёміцца са спецыфікай працы машыны беларускай прапаганды, далёка хадзіць не трэба. Прапаганда — на тое і прапаганда, каб быць публічнай. Ненавязлівасць не з’яўляецца яе моцнай бокам.

Возьмем які-небудзь выпадкова абраны прэс-рэліз з сайта АП. Напрыклад, за 21 траўня 2019 года — ён прысвечаны нарадзе па актуальных пытаннях эканомікі. Сапраўды, больш значную тэму адшукаць складана. Нездарма ж АП пастаянна нагадвае нам, што падмуркам паспяховай дзяржавы з’яўляецца моцная эканоміка.

І якую інфармацыю пра стан беларускай эканомікі мы можам даведацца з прэс-рэлізу? Абсалютна ніякую. Прыводжу тыповы фрагмент дакумента: «Хацелася б пачуць ад прэм’ер-міністра і віцэ-прэм’ераў, якая сітуацыя ў нас з экспартам. Натуральна, найважнейшае пытанне — валавы ўнутраны прадукт. Які ў нас рух у гэтым кірунку?»

Інтрыгуючы пачатак, пагадзіцеся. Праблема, аднак, палягае ў тым, што нічога, акрамя пытанняў АП, тэкст прэс-рэлізу не ўтрымлівае. Пытанні ёсць, а адказаў на іх няма. Такі вось своеасаблівы рэмейк маналогу сатырыка Міхаіла Жванецкага «Сход на лікёра-гарэлачным заводзе» з яго знакамітым рэфрэнам: «Шкада, што мы так і не здолелі паслухаць начальніка транспартнага цэху».

Для чаго ж тады такі «змястоўны» дакумент быў размешчаны на галоўным дзяржаўным сайце? У чым яго сэнс? З якой мэтай падобныя дакументы потым тыражуюць дзяржаўныя СМІ?

А сэнс якраз і палягае ў тым, каб пераканаць чытачоў у наяўнасці ў краіне адзінага палітыка, які ўвесь час трымае руку на пульсе краіны і якому ёсць справа да ўсяго. Карацей, «Ленін думае пра нас».

Гэтай жа мэце служаць рэгулярныя наведванні АП прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.


Хто каго ўпрыгожвае?

Ва ўмовах палітычнай канкурэнцыі палітык не можа выскачыць як чорт з табакеркі. Мне запярэчаць: а як жа 40-ы прэзідэнт ЗША акцёр Рональд Рэйган? Аднак перш чым перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах у 1980 годзе, Рэйган двойчы перамагаў на выбарах губернатара штата Каліфорнія. Між іншым, самага населенага штата Амерыкі, што займае першае месца па аб’ёме ВУП у краіне. І тым не менш уехаць у Белы дом з першай спробы яму не ўдалося.

АП даўно ўжо нікога не перамагае на выбарах. Яго рэйтынг дзяржаўнымі службамі калі і публікуецца, то выключна перад выбарамі, каб апраўдаць будучы завоблачны вынік ЦВК. За «норму» бярэцца другі тур у 1994 годзе, калі трыумфатар першых і апошніх дэмакратычных выбараў у Беларусі атрымаў 82% галасоў. Пры гэтым сарамліва замоўчваецца, што дадзены працэнт падлічаны ад колькасці тых, хто прагаласаваў у другім туры. Ад спісачнага ж складу выбаршчыкаў (з улікам яўкі) узровень электаральнай падтрымкі быў сціплейшы — 56%.

Які б сёння электаральны рэйтынг зафіксаваў НІСЭПД, калі б у яго такая магчымасць, — пытанне адкрытае. Аднак разлічваць на паўтор гістарычнага мінімуму (20,5% у верасні 2011 года) не даводзіцца. У мінулым годзе «беларуская мадэль» забяспечыла рост рэальных даходаў насельніцтва на 8%, а рэальнай заработнай платы — на 11,6%. Атракцыён нечуванай шчодрасці працягнуўся і ў бягучым годзе, пра што, у прыватнасці, сведчыць павелічэнне імпарту легкавых аўтамабіляў у студзені-лютым на 38,2%.

Але якім бы ні быў рэйтынг, ён, у першую чаргу, ёсць вытворная ад статусу яго ўладальніка. Іншымі словамі, у нас не чалавек упрыгожвае месца, а месца — чалавека. Пра гэта неабходна памятаць, калі нам у чарговы раз задаюць пытанне: «Калі не ён, дык хто?»


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: