Камітэт ААН па правах чалавека прыняў да разгляду скаргу Рыгора Кастусёва

Камітэт ААН па правах чалавека прыняў да разгляду скаргу Рыгора Кастусёва, якую палітык накіраваў у ААН у сувязі з абмежаваннямі свабоды сходаў, што былі здзейсненыя ўладамі Беларусі.
Рыгор Кастусёў

Пра гэта паведамляецца ў лісце Камітэта ААН па правах чалавека, які днямі атрымаў палітык. У лісце спецдакладчыкі камітэта Крыстаф Хэйнс і Юваль Шані паведамілі, што скарга была зарэгістравана 7 студзеня пад нумарам 3690/2019. Копія скаргі была таксама накіраваная ўраду Беларусі – у дзяржавы ёсць паўгады, каб адказаць па сутнасці выкладзеных у скарзе сведчанняў парушэння свабоды сходаў.

У 2016 годзе за мітынг на Дзень Волі ў Мінску суд Савецкага раёна аштрафаваў Рыгора Кастусёва на 20 базавых велічыняў (420 рублёў) штрафу. У ліпені 2018 года суд Партызанскага раёна аштрафаваў палітыка на 35 базавых велічыняў (735 рублёў) за ўдзел у акцыі пратэсту супраць дзейнасці забаўляльнага комплексу «Поедем поедим» побач з месцам пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Курапатах.

Старышня Партыі БНФ лічыць, што ў абодвух выпадках было парушанае яго права на свабоду мірных сходаў, гарантаванае Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах:
– Я звяртаў увагу судоў, што мне пастаўлены ў віну толькі сам факт удзелу ў масавых мерапрыемствах. Мне не былі выстаўленыя абвінавачанні, што я парушыў грамадcкі парадак альбо правы і свабоды іншых асобаў, – адзначае Рыгор Кастусёў ў скарзе.

Каментуючы прыняццё скаргі да разгляду, Рыгор Кастусёў заявіў:
— Мы ведаем, што ўлады не выконваюць рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека. Але мы таксама ведаем, што яны вельмі нервова ставяцца да гэткіх скаргаў. У 2020 годзе Каміэтам ААН ужо было вынесенае рашэнне па факце абмежавання свабоды сходаў згодна скаргі сябры Сойму Партыі БНФ са Слуцку Віталя Амяльковіча, па шэрагу іншых зваротіаў сябраў Партыі БНФ камітэт вынес заключэнні пра парушэнне ўрадам Беларусі сваіх міжнародных абавязацельстваў. У рэшце рэшт кольскасць перарастае ў якасць і падобныя рашэнні ААН прымушаюць улады карэктаваць сваю палітыку і абмяжоўваць сваю рэпрэсіўную актыўнасць. Гэта адзін з важных фактараў барацьбы за свабоду ў Беларусі. І хоць асноўнае змаганне вядзецца ўнтуры краіны, нашыя спасылкі на міжнародныя нормы вельмі важныя дзеля ўсведамлення таго, што нашая справа – слушная, справядлівая, заснаваная на міжнародным праве. Парушальнікі тут не мы – парушальнікам ёсць рэпрэсіўная сістэма, створаная аўтарытарным рэжымам.

Праваабаронца Барыс Бухель, які прадстаўляе інтарэсы старшыні Партыі БНФ па дадзенай скарзе, са шкадаваннем адзначыў, што на ўзроўні Рэспублікі Беларусь Рыгор Кастусёў прайшоў усе судовыя інстанцыі, але ўлады не выконваюць сваіх міжнародных абавязацельстваў. Затое на ўзроўні Камітэта па правах чалавека ААН, упэўнены праваабаронца, атрымаецца дамагчыся поспеху – пра гэта паведамляе магілёўскі сайт mspring.online.

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: