Кампанія «Права Выбару»: адмова ў рэгістрацыі ЦВК апанентаў Лукашэнкі палітычна матываная

Кампанія «Права Выбару» выступіла з адмысловай заявай з нагоды адмовы ЦВК зарэгістраваць ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты блогера Сяргея Ціханоўскі і іншых апанентаў кіраўніка Беларусі.

ПФота з сацйта pvby.org



Кампанія «Права Выбару-2020», якая аб'ядноўвае восем палітычных і грамадзянскіх структур, — БНФ, БХД, БСДП, «Рух «За Свабоду», АГП, партыю «Зялёныя», аргкамітэт ПСП і прафсаюз РЭП, — выступіла з заявай у сувязі з адмовай ЦВК у рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты блогера Сяргея Ціханоўскі і іншых апанентаў дзеючага кіраўніка Беларусі.

Кампанія «Права Выбару» лічыць, што адмова ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты блогеру Сяргей Ціханоўскаму і іншым апанентам дзеючага кіраўніка Беларусі носіць палітычныя матываваны характар.

Сяргей Ціханоўскі быў арыштаваны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту і яму не была дадзеная магчымасць уласнаручна паставіць подпіс пад дакументамі і асабіста падаць дакументы ў ЦВК, нагадвае кампанія «Права Выбару».

Адмова рэгістрацыі ініцыятыўнай групы выключна на падставе таго, што пад дакументамі стаяў подпіс даверанай асобы, якая мае юрыдычную даверанасць падпісваць любыя дакументы ад імя Сяргея Ціханоўскага, выглядае юрыдычна спрэчнай і відавочна палітычна матываванай, адзначае «Права Выбару».

Апеляцыя ЦВК да аналагічнай адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча ў 2015 годзе (у той час, калі прэтэндэнт знаходзіўся ў месцах пазбаўлення волі) сведчыць пра тое, што ЦВК публічна і адкрыта прымае практыку пазбаўлення грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца пад арыштам, права балатавацца ў якасці кандыдатаў на выбарах.

Адміністрацыйны арышт палітычнага апанента дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі Сяргея Ціханоўскага і наступнае пазбаўленне яго магчымасці рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты сведчыць пра адсутнасць роўных умоў для ўдзелу ў выбарах для грамадзян Рэспублікі Беларусь, адзначаецца ў заяве.

Кампанія «Права Выбару» лічыць, што пра дыскрымінацыю апанентаў Лукашэнкі ў выбарчым працэсе сведчыць і адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп апанентаў дзеючага прэзідэнта Веранікі Мішчанкі, Аляксандра Грачышнікава, Вольгі Нікалайчык, Анжалікі Жалезнікавай, Валянціна Фралова, Антаніны Вішняковай, Вікторыі Хатэнка, Ігара Клешчука на падставах, не абумоўленых у Выбарчым Кодэксе Рэспублікі Беларусь.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: