Канапацкая — у свабодным палёце

Аргкамітэт па правядзенні праймерыз сярод прэтэндэнтаў на ролю адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычнай апазіцыі «пракаціў» кандыдатуру Ганны Канапацкай. Яе не будзе ў спісе прэтэндэнтаў на адзінага. І не толькі з-за тэхнічных хібаў.

Рыгор Кастусёў дэманструе пасведчанне кандыдата ў прэтэндэнты на адзінага


Як паведаміў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай завяршэнню рэгістрацыі кандыдатур прэтэндэнтаў на адзінага выканаўца абавязкаў каардынатара штабу праймерыз Алесь Сігаеў, у выніковы спіс трапілі пяць кандыдатур. Гэта прадстаўнікі БХД Павел Севярынец і Вольга Кавалькова, старшыня Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, намеснік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў. Ганна Канапацкая «выпала з абоймы».

Як было заяўлена раней, прэтэндэнт на адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмсіл на сёлетнюю кампанію, які вылучаўся не партыйнай структурай, павінен быў сабраць у сваю падтрымку 200 подпісаў грамадзянаў. Ганна Канапацкая здала 224 подпісы. Для праверкі была адабраная прыкладна палова з іх — 100 подпісаў. З іх 41 подпіс быў прызнаны «несапраўдным» — не ўтрымліваў неабходнай інфармацыі пра людзей альбо несапраўдную інфармацыю. «Напрыклад, тры подпісы былі з датай нараджэння — 2020 год», — адзначыў Сігаеў.

Пры гэтым у праверку ўваходзіла і абтэлефаноўванне тых, хто нібыта паставіў подпіс у падтрымку Канапацкай.

Але подпісы — не адзіная прычына, па якой Канапацкай адмовілі ва ўдзеле ў праймерыз. Па словах Сігаева, аргкамітэт па правядзенні праймерыз грунтуе сваю працу на ўзаемным даверы і павазе. З гэтым у Ганны Канапацкай таксама ўзніклі праблемы. Сігаеў, які прымаў у Канапацкай дакументы на рэгістрацыю, быў шчыра здзіўлены паводзінамі прэтэндэнткі. Не толькі тым, што яна публічна казала ў інтэрнэтах, але і, як ён выказаўся, «пагрозамі» ў дачыненні да аргкамітэту ў прыватным парадку. Напрыклад, Канапацкая ў нейкім выпадку пагражала звярнуцца ў адпаведныя дзяржаўныя органы для дачы ацэнкі дзеянняў аргкамітэту.

Даволі дзіўна, калі чалавек, што прэтэндуе на супрацьстаянне з уладай у час прэзідэнцкіх выбараў, апелюе да нейкіх «дзяржорганаў» у першым, і не самым важным этапе кампаніі. Таксама былі адзначаныя і «наезды» Канапацкай на кіраўніка АГП Мікалая Казлова. Раней Канапацкая абвінаваціла яго ў тым, што той, маючы доступ да яе подпісаў, «пераманьвае людзей у АГП». Сігаеў адзначыў, што подпісы былі толькі ў кіраўніка кантрольна-рэвізійнай групы, і Казлоў іх нават не бачыў.

Па словах яшчэ аднаго ўдзельніка прэс-канферэнцыі, сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага, інфармацыя па подпісах Канапацкай была ў аргкамітэту яшчэ за пяць дзён да прыняцця рашэння — з тым, каб яны абмеркавалі сітуацыю ў сваіх структурах. То-бок, адвод кандыдатуры Канапацкай быў не спантанным, а ўсвядомленым рашэннем нават не персанальна прадстаўнікоў партый і арганізацый, што ўваходзяць у аргкамітэт, а рашэннем іх структур. Можна выказаць здагадку, што на Ганну Канапацкую проста не пагадзіўся працаваць актыў дэмакратычных партый, што ўдзельнічаюць у праймерыз.

Рашэнні па рэгістрацыі таго ці іншага прэтэндэнта ў аргкамітэца прыймаюцца кансэнсусам. Па спадарыне Ганне такога кансэнсусу дасягнуць не ўдалося. Супраць яе кандыдатуры выступіла не толькі Аб’яднаная грамадзянская партыя, але і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).


Што ж да астатніх пяці прэтэндэнтаў, то вельмі хутка пачнуцца іх паездкі па рэгіёнах. Яны будуць адбывацца па аўторках, пятніцах, суботах і нядзелях. Усяго плануецца аб’ехаць 56 гарадоў і мястэчак. Першыя ў спісе — Гарадок (ужо ў гэтую пятніцу), Віцебск і Наваполацк (7 сакавіка) Міёры, Шаркаўшчына і Паставы (8 сакавіка). На ўсе сустрэчы грамадзян заклікаюць прыходзіць з пашпартамі, бо па іх будуць выдавацца выбарчыя бюлетэні на галасаванне па адзіным кандыдаце.

Журналісты выказалі занепакоенасць тым, што сустрэчы з народам могуць зрывацца. Але адмаўляцца ад планаў аргкамітэт пакуль не плануе. «У сувязі з каронавірусам у нас увогуле могуць абвясціць каранцін і забараніць любыя масавыя мерапрыемствы», — сказаў Сігаеў, падказаўшы ўладам файны ход для зрыву праймерыз.

Сайт жа па анлайн-галасаванні пакуль затрымліваецца з запускам. Па словах таго ж Віталя Рымашэўскага, гэта звязана з сыходам з кампаніі Ганны Канапацкай. Паколькі прэтэндэнтаў стала на адну менш, трэба выправіць сістэму галасавання. Справа ў тым, што аддаць голас у інтэрнэце за каго-небудзь з палітыкаў можна будзе не проста так, а праз аўтарызацыю — код, які ў sms прыйдзе на мабільны тэлефон. Такім чынам, з аднаго нумары мабільніка прагаласаваць можна будзе толькі адзін раз.

Хутка таксама запрацуе і сайт праграмы адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі. Зараз эксперты дапрацоўваюць гэтую праграму, якая будзе ўключаць у сябе пакет рэформаў, што абавяжацца правесці «адзіны». На гэтым сайце народ зможа не толькі абмеркаваць праграму, але і ўнесці свае прапановы па яе рэалізацыі. Цягам красавіка такія прапановы будуць прымацца і абмяркоўвацца.

Віталь Рымашэўскі не выключыў, што такім абмеркаваннем беларусы нават прымусяць уладу зрабіць нейкія захады да рэформаў — каб перахапіць ініцыятыву ў апазіцыі. Па яго словах, такія выпадкі нярэдкія — патрабаванні да ўладаў, падмацаваныя масавымі пратэстамі і акцыямі наўпроставага дзеяння не раз прымушалі ўладу пачаць перагляд сваёй палітыкі. Так было, напрыклад, з акумулятарным заводам у Брэсце ці з пакараннямі па сумнавядомым 328-м артыкуле Крымінальнага кодэксу, які ў выніку стаў больш мяккім.

Карацей, кампанія па выбарах адзінага кандыдата ад апазіцыі ўступіла ў актыўную фазу. І ад неабыякавых людзей залежыць, хто гэтым адзіным будзе, і якая праграма ў яго з’явіцца. Так што — можна шукаць абвесткі ў інтэрнэце пра сустрэчы з «кандыдатамі ў кандыдаты» ў вашым горадзе.

І не забудзьце пашпарт!



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: