Канапацкая распрацавала праект закона аб гарантыях прэзідэнту, які пакінуў пасаду

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая апублікавала ў фэйсбуку законапраект «Аб гарантыях Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, і членам яго сям'і», які вылікаў неадназначную рэакцыю.
«Адным з асноўных канстытуцыйных прынцыпаў дзяржаўнага кіравання з'яўляецца прынцып змяняльнасці. Гэта ж адносіцца і да выбарных пасадаў. Пакідаючы за дужкамі пытанне якасці выбараў, што праводзяцца ў Рэспубліцы Беларусь, мяркую неабходным выконваць усе асноватворныя дэмакратычныя прынцыпы, у тым ліку ў дачыненні да былых чыноўнікаў, дэпутатаў, прэзідэнтаў, забяспечыўшы іх на заканадаўчым узроўні.

Сёння ў беларускім заканадаўстве ў пытаннях пераемнасці і змяняльнасці ўлады маецца істотны прабел, які лічу магчымым ліквідаваць шляхам прыняцця Закона "Аб гарантыях Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, і членам яго сям'і".

І я як суб'ект права заканадаўчай ініцыятывы падрыхтавала праект дадзенага закона і ўношу яго на разгляд у Палату прадстаўнікоў»,напісала дэпутатка.


Праект закона, сярод іншага, прадугледжвае выплату штомесячнай пенсіі былому кіраўніку дзяржавы ў памеры 75% ад яго зарплаты, прызначэнне пенсіі членам яго сям'і пасля яго смерці. Таксама экс-прэзідэнту прапаноўваецца пакінуць адну з дзяржаўных рэзідэнцый і дазвол карыстацца ўрадавай сувяззю.

Таксама Ганна Канапацкая прапануе забяспечыць былому дзяржаўнаму лідару гарантыі недатыкальнасці і пазбавіць яго ад адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу за дзеянні, учыненыя падчас займання прэзідэнцкай пасады. 

Нагадаем, падчас парламенцкіх «выбараў», якія прайшлі ў Беларусі 17 лістапада, у Палату прадстаўнікоў не прайшоў ніводны апазіцыйны кандыдат, у тым ліку дзеючая дэпутатка ад АГП Ганна Канапацкая.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: