Кандыдату ў дэпутаты Юрыю Губарэвічу вынесена папярэджанне

Кандыдату ў дэпутаты Мінгарсавета старшыні руху „За Свабоду» Юрыю Губарэвічу вынесенае папярэджанне. Такое рашэнне прыняла 16 лютага Першамайская раённая выбарчая камісія Мінска.


«Папярэджанне вынесенае за тое, што камісія ўбачыла ў СМІ публікацыю, якая пацвярджае факт прысутнасці кандыдата ў дэпутаты на участках галасавання № 11 і 12, факты ўмяшання ў працу ўчастковых камісій, прымушэнне старшыні камісіі № 11 да паказу спісаў выбаршчыкаў у эфіры, а таксама самавольнай дэманстрацыі спісу выбаршчыкаў на ўчастку № 12», — працытаваў БелаПАН рашэнне камісіі палітык.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што «да спісаў выбаршчыкаў нават не дакранаўся». Камісія палічыла, што Губарэвіч парушыў таямніцу галасавання, з’явіўшыся на выбарчым участку, бо кантроль волевыяўлення грамадзян забараняецца. Акрамя таго, у віну палітыку пастаўленая сама прысутнасць на ўчастку для галасавання — кандыдат у дэпутаты гэта рабіць паводле заканадаўства не можа.

Губарэвіч мае намер абскардзіць папярэджанне ў гарадской выбарчай камісіі.

15 лютага Губарэвіч наведаў два ўчасткі, дзе незалежныя назіральнікі зафіксавалі найбольшае разыходжанне ў спісе выбаршчыкаў з афіцыйнымі звесткамі камісій. Паводле яго слоў, на адным з участкаў незалежныя назіральнікі казалі пра 60 чалавек, якія прагаласавалі, звесткі камісіі — 148. На другім участку, згодна з афіцыйнымі звесткамі, прагаласавала 185 чалавек, паводле звестак незалежных назіральнікаў — 35.

Губарэвіч звярнуўся да старшыняў гэтых дзвюх камісій, аднак яны адмовіліся пацвердзіць афіцыйныя звесткі пра галасаванне. Кандыдат у дэпутаты Мінгарсавета выклікаў міліцыю для фіксавання парушэння.

«Праверка звестак магла б заняць пяць хвілін шляхам падліку подпісаў у спісах выбаршчыкаў, аднак міліцыя не стала гэта рабіць, узяўшы толькі заяву назіральніка і паведаміўшы, што далей будзе праводзіць расследаванне праз выбарчыя камісіі», — сказаў ён. Губарэвіч адзначыў, што хацеў праверыць, ці можна »па гарачых слядах лавіць парушальнікаў». «Як выявілася, такой магчымасці не існуе. На месцы злавіць за руку тых, хто фальсіфікуе галасаванне, немагчыма», — заявіў ён.

Палітык лічыць, што ўлады «накручваюць» яўку выбаршчыкаў, хутчэй за ўсё, каб паказаць «ўсенародную падтрымку» дзейнага кіраўніцтва краіны. Мясцовыя выбары адбудуцца 18 лютага. З 13 па 17 лютага праходзіць датэрміновае галасаванне.

Паводле БелаПАН


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!