Кандыдаты-2020: калі не Лукашэнка, то хто з іх?

Ужо амаль два дзясяткі асобаў заявілі пра сваё жаданне ўзяць удзел у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі-2020 у Беларусі. У ліку супернікаў Аляксандра Лукашэнкі можа аказацца болей за паўсотню асобаў. Інтрыг ужо на гэтым этапе некалькі: напрыклад, хто з вылучэнцаў сапраўды апанент кіраўніка краіны, а хто спарынг-партнёр?


Адразу зазначым: сёлета, па ўсім, будзе рэкорд па колькасці ахвотных зарэгістраваць свае ініцыятыўныя групы. Але і мінулымі кампаніямі прэтэндэнтаў было багата. На выбарах-2015 у Цэнтрвыбаркам дакументы былі пададзены 14 ініцыятыўнымі групамі, у 2010-м — 19-ццю, у 2001-м — аж 26-сцю.

Пералічым тых, хто заявіў цяпер (па стане на вечар 12 траўня) пра свой намер балатавацца і фармаваць ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты. Для гісторыі. Бо камусьці гэты спіс — багацце выбару, а некаму — «і жук, і жаба».

Такім чынам: у якасці прэтэндэнтаў фігуруюць: удзельнікі праймерыз правацэнтрысцкай апазіцыі, у якіх не атрымалася праз каронавірус ды ўнутраныя спрэчкі вызначыцца з адзіным кандыдатам, — хрысціянская дэмакратка Вольга Кавалькова, выконваючы абавязкі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў і кіраўнік руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч; лідар арганізацыі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў; былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая; лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч; тры «кандыдаты пратэсту» з каманды Статкевіча — беспрацоўная Анжаліка Жалезнікова, ІПшнікі Вераніка Мішчанка і Аляксандр Грачышнікаў; фермер Юрый Ганцэвіч; інжынер-канструктар і блогер Віталь Зялкоўскі, вядомы сваімі сэлфі з суворым тварам; блогер Сяргей Ціханоўскі (ютуб-канал «Краіна для жыцця»); блогер-дакументаліст Павел Спірын; банкір Віктар Бабарыка (з 12 траўня ўжо былы старшыня праўлення «Белгазпрамбанку»); былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогій Валерый Цапкала; грамадскія актывісты Уладзімір Няпомняшчых і Мікалай Арцюхоў; бізнесвуман у галіне грузаперавозак Наталля Кісель; прадпрымальнік Уладзімір Правальскі; бізнесовец, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргей Чэрачэнь.

Разам з Аляксандрам Лукашэнкам ужо два дзясяткі чалавек. Хутчэй за ўсё, з’явяцца іншыя прэтэндэнты — як фрыкі ды самарэкламоўцы, так і вядомыя персоны з сапраўды палітычнымі амбіцыямі. Цікава, што ў інтэрнэце створана петыцыя са зваротам балатавацца да прэм’ер-міністра Сяргея Румаса.

Прозвішчы вылучэнцаў на прэзідэнта сілкуюць здагадкі палітычна актыўных грамадзян наконт таго, хто можа быць спарынг-партнёрам Аляксандра Лукашэнкі. У гэтую выбарчую кампанію такіх тэхнічных і падстаўных кандыдатаў называюць па-новамоднаму — спойлерамі. За такіх палітыкаў з лагера апазіцыі некаторыя лічыць ужо некалькі гадоў Андрэя Дзмітрыева і Ганну Канапацкую. Алег Гайдукевіч рэпутацыю спарынг-партнёра атрымаў па спадчыне ад бацькі Сяргея Гайдукевіча, які некалькі разоў ствараў фонавую кампанію на выбарах Аляксандру Лукашэнку.

У інтэрнеце разгарнуліся дыскусіі вакол Валерыя Цапкалы — ці самастойны ягоны паход? Між тым, у сваім першым жа інтэрв’ю на dev.by ў статусе прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Цапкала заявіў: «Я не ў апазіцыі да дзейнай улады і наогул ні да каго не ў апазіцыі… Я лічу, што ў нас павінна быць такая палітычная сістэма, дзе было б месца розным поглядам, рознаму бачанню развіцця краіны».

Яшчэ адна інтрыгоўная тэма: хто можа стаяць за больш-менш сур’ёзнымі супернікамі для Лукашэнкі — Захад ці Масква? Калі большасць каментатараў у інтэрнэце схіляецца, што Цапкалу могуць дапамагчы заходнія грошы, то вельмі верагодным называецца прыпушчэнне, што расійскі капітал можа стаяць за Бабарыкам (глядзіце назву яго банка) і Ціханоўскім, які меў бізнес-справы ў Расіі і зрабіўся папулярным блогерам, які робіць крытычныя датычна ўладаў сюжэты, літаральна ў апошнія месяцы.

Ясна адно: Масква будзе мець нейкі свой інтарэс падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі-2020: як мінімум пагуляе на нервах кіраўніка Беларусі. Тым болей, што апошнім часам праблемаў у двухбаковых адносінах процьма. Мінск і Крэмль папікіраваліся нават наконт каронавіруса. Напраклад, у інфапрасторы могуць з’явіцца фільмы кшталту «Хросны бацька», як у 2010 годзе. Да ўсяго цыркулююць чуткі, што грашыма тады некаторых апазіцыйных кандыдатаў падтрымліваў расійскі алігарх Сулейман Керымаў.

Яшчэ адна інтрыга, якая тычыццца прэзідэнцкай выбарчай кампаніі-2020, палягае ў тым, хто з прэтэндэнтаў, апрача Лукашэнкі, здолее сабраць неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты 100 тысяч подпісаў грамадзян Беларусі. Аналітыкі і ветэраны-актывісты кажуць, што ў напаўкаранцінных умовах каронавіруснай эпідэміі — ніхто. Маўляў, з вялікай верагоднасцю можна паўтарыцца гісторыя 2010 года, калі цэлы шэраг кандыдатаў зарэгістравалі проста так або паводле прадстаўленых ксеракапійных аркушоў з подпісамі.

Пры ўмове сумленных выбараў хіба з паўдзясятка прэтэндэнтаў маглі б скласці годную канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку. То-бок, справа магла б дайсці да другога туру. На жаль, аб’ектыўных сацыялагічных замераў рэйтынгу Лукашэнкі на цяперашні момант няма, але імаверна, што ён рэкордна нізкі за ўвесь час кіравання. Пратэстныя настроі дастаткова шырокія.

Ускосна пра іх можна меркаваць паводле таго, як беларусы адрэагавалі на заклік Лукашэнкі нягледзячы на эпідэмію весці дзяцей на вучобу ў школы. Больш за 50 працэнтаў бацькоў праігнаравалі гэты зварот кіраўніка краіны. А многія, хто выправіў дзяцей у школы, папросту не маглі іх пакінуць адных дома, нават маючы такое жаданне. Па сутнасці, адбыўся своеасаблівы страйк з боку сотняў тысяч сем’яў. Падобная сітуацыя паўтарылася датычна правядзення парада на Дзень Перамогі ў Мінску. А наперадзе непазбежны эканамічны заняпад праз той самы каронавірус.

І рэакцыяй на паход Лукашэнкі на чарговы пяцігадовы тэрмін можна стаць не толькі масавае ігнараванне выбараў, але і страйкавая Плошча. Улады ўжо рыхтуюцца да яе ў стары спосаб — з дапамогай рэпрэсіяў: у першыя ж дні пасля абвяшчэння выбараў на 9 жніўня дзясяткі актывістаў, а таксама журналістаў апынуліся за кратамі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: