Кандыдаты ад «Моладзевага блоку» распавялі пра сваю кампанію

18 кастрычніка ў сталічным андэграўнд-бары «Karma» прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам кандыдатаў у дэпутаты ад «Моладзевага блока» і іх давераных асоб. ЦВК зацвердзіў усе 8 з 8 кандыдатур: маладыя палітыкі вылучаліся праз партыйныя спісы «Грамады», так што збіраць подпісы ім было не патрэбна, піша Еўрарадыё.
Новаспечаныя кандыдаты прадставілі агульную для ўсіх перадвыбарчую праграму і расказалі пра законапраекты, якія збіраюцца прасоўваць у парламент.

Прызыў у войска

Асноўнай «фішкай» законапраекта мусіць стаць прынцып аднакратнасці адтэрміноўкі і бесперапыннасці адукацыі. То-бок любы малады чалавек будзе мець магчымасць прайсці, пры жаданні, усе ступені адукацыі. Але атрымаць другую «вышку» ці паўторна пайсці ў аспірантуру ўжо не атрымаецца: трэба адслужыць.


Адпрацоўка

Размеркаванне застаецца толькі для «сацыяльна значных спецыяльнасцей». Сюды «Моладзевы блок» адносіць сферу аховы здароўя, адукацыю і сілавыя структуры. Акрамя гэтага, маладыя палітыкі прапануюць адмовіцца ад штрафаў, якія цяпер неабходна выплочваць пры адмове ад абавязковай адпрацоўкі пасля каледжаў і ўніверсітэтаў. Яшчэ адзін крок плануецца зрабіць насустрач тым студэнтам, якія атрымлівалі адукацыю на платнай аснове: статус «маладога спецыяліста» хочуць замацаваць і за імі.

Артыкул 328

Маладыя палітыкі выступаюць за частковую дэкрыміналізацыю «дробнага» спажывання. Адказнасць за наяўнасць адносна невялікіх доз лёгкіх наркотыкаў мусіць быць перанесена ў Адміністратыўны кодэкс, а ў якасці мер пакарання павінны прызначацца штрафы, арышт да 15 сутак ці папраўчыя працы. Дзеля гэтага прапануецца ўвесці тэрміны «нязначны» і «значны» памер наркотыкаў, якія дазволяць размежаваць адказнасць. Падобныя законы ўжо досыць даўно працуюць у суседніх краінах — Расіі і Польшчы.

Сярод шматлікіх прапаноў, датычных змены артыкула 328, дакумент маладых палітыкаў прадугледжвае, напрыклад, размежаванне адказнасці паміж рэальнымі «дылерамі» і тымі, хто проста падзяліўся «касяком» з сябрам падчас вечарынкі. Яшчэ прапануецца выкрасліць з артыкула 328 такое паняцце, як «захоўванне з мэтай збыту». На думку актывістаў, мэту збыту даволі часта вельмі цяжка даказаць. Да таго ж, нават мэта збыту яшчэ не яўляецца непасрэдна збытам, а значыць не мусіць карацца так жорстка.

Голас моладзі

Маладыя кандыдаты ў дэпутаты падкрэсліваюць, што іх законапраекты не носяць рэвалюцыйны і рэзкі характар. Яны прапануюць толькі тое, што мае «здаровы сэнс і рэальны шанец на імплементацыю ў дзеючыя законы дзяржавы, а таксама тое, што зараз запатрабавана і цалкам рэальна». Мэта актывістаў — данесці свае законапраекты і прапановы да шырокіх мас моладзі і іх бацькоў, менавіта на гэта і на будучыню мае прыцэл уся кампанія.

Агітацыю «Моладзевы блок» плануе весці праз інтэрнет-пляцоўкі і сацыяльныя сеткі. Актывісты абяцаюць, што ў хуткім часе распачнуць вялікую кампанію, дапамогу ў якой акажуць адразу некалькі мецэнатаў.

Цікава, што за колькасць галасоў патэнцыйныя парламентарыі не надта турбуюцца: яны адмыслова былі высунутыя ў тых выбарчах акругах, дзе знаходзіцца вялікая колькасць навучальных устаноў, інтэрнатаў і дзе пражывае моладзь.

Калі галасоў выбаршчыкаў хопіць, каб патрапіць у парламент, прадстаўнікі «Моладзевага блока» пераконваюць, што гатовыя працаваць нават з БРСМ, калі ў такім узаемадзеянні будзе плён і здаровы сэнс.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!