Карбалевіч: Каб застацца пры ўладзе, аб’яднанне з Беларуссю Пуціну больш не патрэбна

Праект «саюзнай дзяржавы», з дапамогай якога меркавалася працягнуць паўнамоцтвы Пуціна, адкінуты. Такое меркаванне выказаў палітолаг Валерый Карбалевіч у блогу на Радыё Свабода.

Пасланне Пуціна і Беларусь

Галоўная палітычная навіна, якую агучыў Уладзімір Пуцін у сваім чарговым пасланні Федэральнаму сходу, палягае ў тым, што ў Расіі будзе мяняцца Канстытуцыя. У новым варыянце паўнамоцтвы прэзідэнта змяншаюцца, а ўзрасце палітычная вага Дзяржаўнай Рады і Федэральнага Сходу.

Такім чынам, мяркуючы па ўсім, прыняты варыянт, з дапамогай якога Пуцін застанецца пры ўладзе пасля 2024 года. Ён вельмі падобны да казахстанскага сцэнару. То-бок Пуцін узначаліць Дзяржраду, да якой пяройдуць важныя паўнамоцтвы, якія цяпер замацаваныя за прэзідэнтам. Не выключаецца (хоць і менш верагодна), што ён можа стаць і прэм’ер-міністрам.

Што гэта азначае для Беларусі? Прапанова Пуціна значыць, што праект «саюзнай дзяржавы», з дапамогай якога меркавалася працягнуць ягоныя паўнамоцтвы, адкінуты. Магчыма, па інэрцыі Масква будзе праштурхоўваць і далей ідэю «паглыблення інтэграцыі» з Беларуссю. Але хіба толькі дзеля зручнай падставы, каб рэзка зменшыць эканамічную дапамогу Беларусі. Бо відавочна, што на аб’яднанне Лукашэнка не пагодзіцца. У такім разе са спакойным сумленнем можна адмовіцца ад большасці прэферэнцый саюзніку.

Уласна пра Беларусь у сваім пасланні Пуцін нават не ўзгадаў.

Крызіс у беларуска-расійскіх адносінах з прычыны цэнаў на газ і нафту не скончаны

Фактычна працэс рэалізацыі гэтай стратэгіі Крамля мы цяпер і назіраем у беларуска-расійскіх адносінах. На першы погляд, здавалася, што самая вострая фаза крызісу, якая здарылася на Новы год, прайшла, газ і нафта паступаюць у Беларусь. Але такое ўражанне аказалася падманлівым. Пытанне пра газ вырашана толькі на два месяцы (студзень — люты), а там зноў пачнецца пакутлівы торг аб цане.

Яшчэ горшая сітуацыя з нафтай. Хоць з 4 студзеня яе пастаўкі ў Беларусь пачалі ажыццяўляць кампаніі, падкантрольныя расійскаму алігарху Міхаілу Гуцарыеву, але гэтага зусім недастаткова. Колькасць нафты, якая пастаўляецца, вагаецца, па розных звестках, ад 600 да 750 тысяч тон. Гэты аб’ём забяспечвае толькі палову загрузкі Наваполацкага і Мазырскага НПЗ, якія ў 2019 годзе штомесяц спажывалі 1,5 млн тон расійскай нафты. Таму Беларусь мусіла прыпыніць экспартныя пастаўкі нафты і абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў.

Перамовы па нафце, як і па газе, упіраюцца ў пытанне цаны. З прычыны падатковага манеўру ў Расіі сёлетняя цана паднялася на 20 долараў за тону. Але расійскія кампаніі дадаюць яшчэ прэмію ў 10 долараў. Якраз наконт гэтай прэміі і не ўдаецца дамовіцца. Мінск патрабуе яе скасаваць. А паводле добра інфармаванай маскоўскай газеты «Коммерсантъ», менавіта Крэмль выступае супраць скасавання прэміі. То-бок гэта ўжо пытанне палітычнае.

Мінск спрабуе ціснуць на Маскву, выкарыстоўваючы статус транзітнай дзяржавы

Мінск спрабуе рабіць свае выпады і ўколы, выкарыстоўваючы статус транзітнай дзяржавы. 10 студзеня Лукашэнка сваім указам увёў экалагічны падатак на транзіт нафты праз тэрыторыю Беларусі. Плаціць яго мае прадпрыемства «Захад-Транснафтапрадукт», якое належыць расійскай кампаніі «Транснефтепродукт».

Таксама Беларусь вядзе ўпартыя перамовы з расійскім бокам аб падвышэнні тарыфаў на транзіт нафты.

І вось 15 студзеня прыйшло паведамленне, што на нафтаправодзе «Дружба», прызначаным для транзіту расійскай экспартнай нафты ў Еўропу, будуць праходзіць рамонтныя працы. Дзяржаўная кампанія «Гомельтранснафта Дружба» плануе праводзіць рамонты штомесяц, прычым іх «ажыццяўленне спалучана са зніжэннем ціску ў трубаправодзе і частковым прыпыненнем перапампоўвання нафты». Такі беларускі адказ Пуціну.

Як ва ўсякай вайне, бакі выкарыстоўваюць інфармацыйныя атакі, элементы блефу і шантажу. Так, партал Tut.by 10 студзеня паведаміў, што, паводле вартых даверу крыніцаў, ёсць праект пастановы ўраду аб прыпыненні транспартавання расійскай нафты па «Дружбе» ў Еўропу.

Чыннік ціску на Маскву — шматлікія паведамленні пра пошукі Мінскам альтэрнатыўных крыніц нафты. Але для яе транспартавання няма гатовай лагістыкі. Да таго ж альтэрнатыўная нафта будзе даражэйшая за расійскую. Таму, думаю, наўрад ці такая інфармацыя моцна напалохае Маскву.

Стратэгія афіцыйнага Мінска на расійскім кірунку правалілася

Падчас мінулай нафтавай вайны ў студзені 2007 года Лукашэнка пайшоў на больш радыкальны крок. Ён увёў сваім указам мыта на транзіт нафты, у выніку чаго амаль на трое сутак былі спынены пастаўкі расійскай нафты на еўрапейскі рынак. Гэта выклікала шок у шэрагу еўрапейскіх краін.

Чаму цяпер Лукашэнка не важыцца на такі крок? Бо гэта азначае абвастрэнне канфлікту не толькі з Расіяй, але і з Еўразвязам. Тады, у 2007 годзе, рэпутацыя Лукашэнкі на Захадзе была ніжэйшая за плінтус, беларускаму лідару не было чаго губляць.

Цяпер сітуацыя іншая. Афіцыйны Мінск ужо некалькі гадоў стварае новы вобраз Беларусі. Краіна прэтэндуе на статус фактару міру, стабільнасці, донара бяспекі ў рэгіёне. Спыненне транзіту энергарэсурсаў праз Беларусь моцна сапсуе гэты вобраз. Таму Лукашэнка і паводзіць сябе больш асцярожна.

Калі глядзець на сітуацыю шырэй, то можам канстатаваць, што стратэгія афіцыйнага Мінска на расійскім кірунку правалілася. Яна палягала ў тым, каб у абмен на згоду весці перамовы па «паглыбленні інтэграцыі» і падпісанні дарожных картаў, вярнуць эканамічную дапамогу з боку Расіі. Але Масква адмовілася гуляць у гэтую гульню і засталася непахіснай. Яе пазіцыя аказалася жорсткай: або інтэграцыя паводле расійскага сцэнару, або рэзкае скарачэнне, а ў перспектыве наогул спыненне эканамічных прэферэнцый саюзніку.

Асобнае пытанне, ці была наогул у Аляксандра Лукашэнкі выйгрышная стратэгія ў сітуацыі жорсткага расійскага ўльтыматуму. Але гэта ўжо іншая тэма.

У любым выпадку, гэты правал на расійскім кірунку моцна ўдарыў па рэпутацыі кіраўніка Беларусі. Ён страчвае імідж адзінага палітыка, здольнага дамаўляцца з Крамлём і ствараць спрыяльныя ўмовы для беларускай эканомікі.

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: