Карбалевіч: Місія Бабіча ў тым, каб паставіць Беларусь на месца

Чаму маўчыць Лукашэнкі і ці пазбавіцца Беларусь расійскіх субсідый?

У апошнія дні расійская і беларускі бакі абмяняліся непрыемнымі словамі наконт двухбаковых адносінаў. Выказванні Бабіча выклікалі хвалю абурэнняў у Беларусі, а рэакцыя беларускага знешнепалітычнага ведамства — у расійскай інфармацыйнай прасторы. Але пакуль не прагучала рэакцыі на выпады Бабіча з боку афіцыйнага беларускага лідара.

— Нейкім чынам Лукашэнка на гэта адрэагуе, можа, не наўпрост, іншасказальна, — кажа палітолаг Валер Карбалевіч. — Кіраўнік беларускай дзяржавы ўжо дыскутуе з расійскімі СМІ, абвяргае іх фэйкі. Дарэчы, беларускі МЗС паведаміў, што працяг рэакцыі афіцыйнага беларускага боку яшчэ варта чакаць.

— Як трэба расцэньваць паводзіны Бабіча, якія выклікалі такую рэакцыю?

— Пасол не павінен карыстацца такой рыторыкай. Фактычна Бабіч палемізаваў з Лукашэнкам і ацэньваў развагі беларускага кіраўніка як дзіўныя, недарэчныя, анекдатычныя. Але паслы так не размаўляюць.

Калі Пуцін падпісваў указ аб прызначэнні Бабіча паслом у Беларусі, расійскі прэзідэнт асабіста прыняў Бабіча, што бывае нячаста. Пуцін асабіста яго інструктаваў, і нават надаў яму статус свайго спецпрадстаўніка ды дазволіў наўпрост звяртацца да сябе, абмінаючы усіх пасярэднікаў, у тым ліку і МЗС, якому фармальна падпарадкаваны Бабіч. Місія Бабіча — у тым, каб паставіць Беларусь на тое месца, якое яна павінна займаць у беларуска-расійскім «саюзе» ў поўнай адпаведнасці са сваёй палітычнай вагой. Гэта дэманстрацыя таго, што «хвост больш не павінен круціць сабакам». Так і паводзіць сябе пасол у краіне, якую яго дзяржава лічыць сатэлітам. Праз выказванні Бабіча мы бачым змены афіцыйнай лініі Расіі ў дачыненні да Беларусі.

— Рэакцыя беларускага МЗС на словы Бабіча не прымусіла сябе доўга чакаць. Ці мог прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз зрабіць такую крытычную заяву насуперак кіраўніцтву?

— Не ведаю, на якім узроўні, але гэта, безумоўна, узгаднялася. Такія рэчы на адрас Расіі не мог агучваць проста прэс-сакратар МЗС. Так што палеміка будзе працягвацца, магчыма, і яшчэ на больш высокім узроўні.

— Ці радыкалізуецца пазіцыя беларускага кіраўніцтва ў дачыненні да Крамля пасля такіх выпадаў на свой адрас з боку расійскага пасла?

— Тут пытанне не ў радыкалізацыі пазіцыі афіцыйнага Мінска. З інтэрв’ю Бабіча вынікае, што і пытанне цаны на газ на наступны год, і пытанне расійскіх крэдытаў, і праблема бесперашкоднага доступу беларускіх тавараў на рынак Расіі Масква ўвязвае з будаўніцтвам саюзнай дзяржавы.

У заяве расійскага прэм’ера Дзмітрыя Мядзведзева напярэдадні Новага года ў Брэсце гаварылася толькі пра падатковы манеўр. Цяпер жа гаворка ідзе пра ўсе астатнія субсідыі. І гэта я б ужо назваў ультыматумам Бабіча. Гэта важней за тыя абразы, якімі цяпер абменьваюцца бакі.

— Што будзе далей?

— Цяжка паверыць, што беларускі бок пагодзіцца на рэальную інтэграцыю паводле мадэлі «саюзнай дзяржавы». А калі Расія прыбірае ўсе субсідыі, дык у чым тады сэнс самога існавання саюза Беларусі і Расіі, які шмат у чым грунтуецца на расійскай эканамічнай дапамозе. Калі гэтая дапамога знікае, дык падвісае ўся сістэма дамоўленасцяў паміж Беларуссю і Расеяй, уся шматгадовая палітыка інтэграцыі.

Перад беларускім кіраўніцтвам паўстае пытанне, як выжыць без расійскай эканамічнай дапамогі, якая складае значную частку існавання Беларусі. Адразу ўзнікае шмат пытанняў, іншая справа, што за пагрозамі неабавязкова будзе іх выкананне. Важна, наколькі катэгарычна ў гэтым пытанні настроеная Масква. А ў афіцыйнага Мінска вялікага выбару і няма. Пераходзіць на расійскі рубель, перадаваць рэальную ўладу з Беларусі ў Маскву і гэтак далей Лукашэнка наўрад ці пагодзіцца.

www.zautra.by

Пераклад НЧ



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: