Карбалевіч — пра «дарожныя карты»: Чыноўнікі пішуць праграмы не для таго, каб іх выконваць

Беларуская сацыяльная мадэль з ручным кіраваннем несумяшчальная з уніфікацыяй макраэканамічнай палітыкі і заканадаўства з Расіяй, лічыць палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

10 верасня ў Мінску Савет міністраў «саюзнай дзяржавы» ўхваліў 28 саюзных праграм. Лукашэнка і Пуцін іх падпішуць на паседжанні Вышэйшага дзяржсавету 4 лістапада. Як пішуць дзяржаўныя медыя Беларусі і Расіі, зроблены гістарычны крок на шляху інтэграцыі. Дарэчы, самі гэтыя саюзныя праграмы так і не абнародаваныя. Паказалі толькі іх спіс.

Якія наступствы можа мець гэтая дзея? Як паўплывае рэалізацыя згаданых праграм на суверэнітэт Беларусі? У незалежных медыя, сацыяльных сетках ацэнка гэтай падзеі розная, часам дыяметральна процілеглая. Адны кажуць пра канец беларускай дзяржаўнасці, другія ацэньваюць гэтыя дакументы як пустыя паперы.

Безумоўна, пытанне пра пагрозы суверэнітэту цалкам слушнае. Любыя міжнародныя саюзы яго абмяжоўваюць. І чым больш шчыльны саюз, тым больш палітыка дзяржавы праводзіцца з аглядкай на партнёра. Інтэграцыя Беларусі з Расіяй настолькі шчыльная, што любыя новыя крокі на гэтым шляху азначаюць дадатковыя абмежаванні для суверэннай палітыкі.

Прыняццё саюзных праграм азначае рост уплыву Расіі на Беларусь, узрастанне залежнасці малодшага партнёра ад моцнага саюзніка. Гэтыя праграмы ствараюць інстытуцыянальную прывязку да Расіі ў эканамічнай сферы. Хоць з абнародаваных матэрыялаў вынікае, што не прадугледжана стварэння нейкіх наднацыянальных органаў, рэгулятараў, аднак фармуюцца перамоўныя пляцоўкі, адпаведныя кансультацыйныя структуры дзвюх краін па 28 кірунках. Замест таго, каб праводзіць рэформы ўнутры краіны, будаваць рынкавыя інстытуты, беларускія ўрадоўцы будуць траціць высілкі на малавыніковую бясконцую перамоўную каніцель, спадзеючыся на расійскую халяўную дапамогу.

Аднак не магу пагадзіцца з тымі, хто прадракае канец беларускаму суверэнітэту. У згаданых праграмах шмат дэкларатыўнага. Там многа гаворыцца пра «гарманізацыю», «адзіныя падыходы», «узгадненне» і іншы бюракратычны слэнг. Чыноўнікі пішуць праграмы зусім не для таго, каб іх выконваць.

Галоўны сумнеў наконт практычнай рэалізацыі гэтых «дарожных картаў» палягае ў тым, што беларуская сацыяльная мадэль грунтуецца на прынцыпе ручнога кіравання эканомікай. А такі стыль адрынае любыя вонкавыя абмежаванні. Чаму Беларусь дасюль так і не ўступіла ў Сусветную гандлёвую арганізацыю? Бо не хоча падпарадкоўвацца яе правілам, якія ставяць пэўныя межы валюнтарызму ў эканамічнай палітыцы. Такую ж ролю абмежавальніка будуць выконваць нейкія ўніфікаваныя з Расіяй правілы, нормы. Гэта значыць, трэба будзе ўзгадняць з Масквой узровень інфляцыі, памер дэфіцыту бюджэту, аб’ём бюджэтных субсідый нацыянальным вытворцам, стаўку рэфінансавання і шмат іншых параметраў, якія ляжаць у аснове макраэканамічнай палітыкі любой суверэннай дзяржавы. І навошта гэта трэба Лукашэнку?

Беларуская сацыяльная мадэль, якой уласціва ручное кіраванне, несумяшчальная з уніфікацыяй макраэканамічнай палітыкі і заканадаўства Беларусі з Расіяй. Парадокс сітуацыі ў тым, што гэта можа стаць шчытом на шляху абмежавання суверэнітэту краіны.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: