Карбалевіч: «У Беларусі ствараецца палітычны апартэід»

Палітолаг — пра тое, чаму ўлады пайшлі на масавыя рэпрэсіі, затрымаўшы каля 200 чалавек за каментары пасля гібелі супрацоўніка КДБ, і хто можа стаць наступнай ахвярай рэжыму.


— Каток рэпрэсій не спыняецца, і ён выкліканы комплексам рацыянальных і ірацыянальных матываў, — адзначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч. — Ірацыянальны матыў — гэта цяжкая траўма, якую атрымаў Лукашэнка ад пратэстаў мінулага года. Каб кампенсаваць яе, ён узмацняе механізм тэрору.

Што тычыцца рацыянальных меркаванняў, магчымыя страх, пагроза паўтарэння масавых пратэстаў, таму што ён разумее, што людзі, якія выходзілі на вуліцу, засталіся, і іх настроі не памяняліся.

Таму трэба максімальна нейтралізаваць магчымы патэнцыял для пратэсту, тым больш, наперадзе вызначальныя электаральныя кампаніі. Улады асцерагаюцца, каб не адбылося тое ж, што здарылася падчас леташніх прэзідэнцкіх выбараў.

Акрамя таго, прысутнічае жаданне насаліць Захаду. Вы ўводзіце санкцыі — мы ў адказ будзем знішчаць грамадзянскую супольнасць.

Што тычыцца апошніх падзей — трагедыі з перастрэлкай, — з’явілася добрая падстава, і ўлады ёю скарысталіся. Яны ствараюць культ сілавых структур.

Сілавыя структуры ў Беларусі недатыкальныя. Яны маюць прэзумпцыю невінаватасці, не падлягаюць ніякаму пакаранню. Што б яны ні рабілі, яны заўсёды маюць на гэта права. Гэта асаблівая каста, якая павінна быць недатыкальная.

Такі культ — важны фактар, які павінен абараняць рэжым ад яго апанентаў. Таму што сілавыя структуры — гэта галоўная апора рэжыму. Любы замах на прадстаўніка сілавых структур караецца вельмі жорстка.

З іншага боку, усе ахвяры сілавых структур — апрыёры злачынцы. Таму і руйнуюцца мемарыялы Аляксандра Тарайкоўскага, Рамана Бандарэнкі. Цяпер любыя спробы не тое, што гераізаваць забітага Зельцэра, а нават проста прызнаць яго ахвярай трагедыі, караюцца жорстка.

Рэпрэсіі ідуць у рамках палітычнай філасофіі. Беларусы не роўныя перад законам. Ёсць каста недатыкальных, якая ў прынцыпе не можа быць ні ў чым дрэнным западозраная. І ёсць іншая каста — тыя, хто выступае супраць рэжыму. У дачыненні да іх таксама няма законаў — з імі можна рабіць усё, што заўгодна. Абедзве гэтыя касты стаяць над законам: толькі адна каста наверсе, а другая ўнізе. Такі палітычны апартэід ствараецца ў Беларусі.

Мэта маштабных рэпрэсій — утрыманне ўлады, падкрэслівае палітолаг, і пакуль гэтая тактыка працуе.

— Фактычна мы бачым сітуацыю, калі дзяржаўныя інстытуты пачынаюць абслугоўваць не інтарэсы грамадства, а інтарэсы рэжыму. То-бок, рэжым — гэта механізм утрымання ўлады.

Улада пачынае працаваць сама на сябе. Гэта вядзе да дэградацыі дзяржаўных інстытутаў — такіх, як інстытут правасуддзя, знешняя палітыка і гэтак далей. Абарона знешніх межаў сёння пастаўлена пад сумнеў у сувязі з міграцыйным крызісам. Пераходзячы мяжу Беларусі з суседнімі краінамі, мігранты і парушаюць беларускія законы.

Улады ахвяруюць эканомікай, хутка пачнуць дзейнічаць санкцыі. Кошт утрымання ўлады вельмі высокі, і з кожным днём становіцца ўсё большым, але гэта мала хвалюе Лукашэнку. Яго турбуе цяпер толькі адно пытанне — улада.

— Як вы думаеце, ці ўдасца ўладам прымусіць замаўчаць усіх нязгодных?

— У эпоху Інтэрнэту гэта зрабіць складана. Можна ліквідаваць рэдакцыі незалежных СМІ ў Беларусі, але немагчыма закрыць тэлеграм-каналы, сацыяльныя сеткі.

Колькасць спажыўцоў незалежных СМІ скарацілася: і па прычыне змяншэння палітызацыі грамадства, і па прычыне таго, што звычайнаму абывацелю лянота шукаць абыходныя шляхі для таго, каб знаходзіць інфармацыю закрытых сайтаў. Так што часткова гэта працуе. Але вярнуць тую эпоху, калі асноўнай крыніцай інфармацыі было тэлебачанне, ужо нельга.

— Як доўга можна тэрорам і рэпрэсіямі ўтрымліваць уладу?

— Гістарычны досвед паказвае, што можна доўга, але супраць беларускай улады дзейнічаюць новыя фактары. Эканамічныя санкцыі будуць разбураць эканоміку. Міжнародная ізаляцыя, якую адчуваюць усе прыхільнікі ўлады і наменклатура. Інфармацыйная сітуацыя, калі нейкія глупствы нельга схаваць. Ну, і дзеянні самой улады, якая падстаўляецца ўвесь час, займаючыся тым, што называецца самастрэламі, страляючы ва ўласную нагу. Усё гэта адбываецца ва ўмовах нізкай легітымнасці існуючай улады.

Тэрміны ніхто не скажа, будучыня невядома.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: