Карбалевіч: у Лукашэнкі няма ніякага плану — ён проста хоча пратрымацца да канца тэрміну

Лукашэнка не ведае, у чым павінна заключацца канстытуцыйная рэформа і ці патрэбна яна наогул, лічыць палітолаг і аўтар кнігі «Лукашэнка. Палітычны партрэт» Валерый Карбалевіч.


Пра гэта эксперт сказаў у інтэрв’ю «Беларускаму Партызану».

— 31 снежня Лукашэнка заявіў, што «Усебеларускі народны сход» (УНС) змяняць канстытуцыйныя нормы не ўпаўнаважана і не будзе. Хаця раней з яго слоў рабілі выснову, што менавіта гэта і можа адбыцца…

— Папярэднія яго заявы былі не вельмі пэўнымі. Гэта былі абрыўкі думак, з якіх эксперты спрабавалі стварыць суцэльную мазаіку. На самай справе супярэчлівыя выказванні Лукашэнкі сведчаць, што ў яго няма выразнага і яснага плана, што трэба рабіць.

Па-першае, няма ўяўлення, ці патрэбная наогул канстытуцыйная рэформа. Па-другое, калі патрэбная, то ў якім выглядзе павінна з’явіцца новая палітычная сістэма.

Таму, дарэчы, да гэтага часу няма ніякага праекта новай Канстытуцыі, якую ўлады маглі б прапанаваць народу. Хаця пра гэтую рэформу дзяржаўныя СМІ кажуць некалькі месяцаў, пачынаючы са жніўня — але за гэты час афіцыйнага праекта так і не з’явілася.

Я ўжо не кажу, што няма ніякага графіка прыняцця зменаў у Канстытуцыю. Як і няма графіка, што нас чакае наперадзе: ці будуць датэрміновыя выбары прэзідэнта? Ці будуць датэрміновыя парламенцкія выбары? Незразумела нават, калі будуць мясцовыя выбары.

Лукашэнка спрабуе выйграць час і знайсці для сябе найбольш аптымальныя варыянт знаходжання ва ўладзе. Яго ваганні звязаныя з уяўленнем аб тым, наколькі вялікая пагроза яго ўладзе. Калі ў жніўні-верасні яна была вялікая, Лукашэнка абяцаў, у тым ліку Пуціну, што будзе ажыццяўляць транзіт улады.

А цяпер ён прыйшоў да высновы, што ён пратэст здушыў, узяў сітуацыю пад кантроль, таму думае: навошта патрэбна ўся гэтая катавасія, гэтая рэформа, калі можна паспрабаваць нейкім чынам утрымацца ва ўладзе цягам пяці гадоў, нічога не прадпрымаючы?

Таму, мяркую, ніякага выразнага плану ў Лукашэнкі на сёння няма. Ён будзе рэагаваць, зыходзячы з развіцця сітуацыі, а пакуль чакае і глядзіць, наколькі моцны ціск грамадства, наколькі моцны ціск Расіі.

— Лукашэнка таксама адзначыў, што наданне УНС статусу канстытуцыйнага органа — гэта пакуль невырашанае пытанне, але «ніхто паўнамоцтвы шалёныя на Усебеларускі народны сход адпраўляць не будзе». Што гэта значыць?

— Наколькі я зразумеў з таго кантэксту, які прадставіла БелТА, пытанне аб наданні канстытуцыйнага статусу УНС вырашана, але не вырашана, якім чынам гэта зрабіць.

Мабыць, былі планы, што УНС абвесціць сябе вышэйшым органам дзяржаўнай улады і прыме новую Канстытуцыю. Але потым ад гэтай ідэі адмовіліся, і цяпер Лукашэнка прамовіў слова «рэферэндум».

Але я з цяжкасцю ўяўляю, як у сённяшніх умовах можна правесці рэферэндум. І які ў ім сэнс: калі яго будзе праводзіць Лідзія Ярмошына, то яго ніхто не прызнае.

Але для Лукашэнкі наданне канстытуцыйнага статусу органу, які не з’яўляецца абраным, — гэта ідэя. Бо без усялякіх выбараў, якія могуць прывесці да новага сацыяльнага і палітычнага выбуху можна будзе прымаць якія-небудзь важныя рашэнні.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: