Карпянкоў, Орда, Азаронак і іншыя: Латвія, Літва і Эстонія пашырылі свае санкцыйныя спісы

Латвія, Літва і Эстонія пашырылі свае санкцыйныя спісы, унёсшы ў іх новыя прозвішчы беларускіх чыноўнікаў і функцыянераў. Пра гэта паведамляюць міністэрствы замежных справаў згаданых краін.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс прыняў рашэнне ўвесці бестэрміновую забарону на ўезд 26 грамадзянам Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, забарона на ўезд накладзена на міністра інфармацыі Ігара Луцкага, міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука і яго намесніка, а таксама кіраўніка ўнутраных войскаў Мікалая Карпянкова, галоўнага рэдактара выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Дзмітрыя Жука, журналіста СТБ Рыгора Азаронка, кіраўніка прафсаюзаў Міхаіла Орду і іншых.

«Сваімі дзеяннямі яны арганізавалі і падтрымалі фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і наступнае гвалтоўнае падаўленне мірных пратэстаў», — тлумачыць латвійскае МЗС.

Там нагадваюць, што ў цяперашні час уезд у Латвію забаронены для 159 чалавек у сувязі з вышэйазначанымі падзеямі ў Беларусі.

Кіраўнік МЗС Літвы паведаміў, што ўезд у краіну забаронены 26 датычным да гвалту супраць пратэстоўцаў і гібелі Рамана Бандарэнкі. Пра гэта Лінас Лінкявічус напісаў у сваім Twitter.

Прозвішчы гэтых людзей не ўдакладняюцца.

Аб пашырэнні санкцыйнага спісу паведаміла і МЗС Эстоніі.

«Сёння, 20 лістапада, Міністэрства замежных спраў апублікавала дадатковы спіс з 28 беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у адпаведнасці з Законам аб міжнародных санкцыях», — паведамляе прэс-служба.

Тлумачыцца, што гэтыя людзі маюць дачыненне да фальсіфікацый вынікаў выбараў і прымянення сілы супраць мірных дэманстрантаў. Забарона на ўезд усталявана на тэрмін з 20 лістапада 2020 года па 30 жніўня 2025 года. Прозвішчы таксама не ўдакладняюцца.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: