
Вячаслаў Касінераў пасля збіцця
Выпадак адбыўся ўчора прыкладна а 10-й вечара на цэнтральнай плошчы Маладзечна. Туды Касінераў разам з сябрамі і сяброўкамі завітаў да знаёмых, каб адпачыць. Нечакана з'явіўся натоўп з дваццаці чалавек, якія прадставіліся «правымі» ды пачалі чапляцца да маладзёнаў, завязалася бойка.
"Магчыма, нас «вялі» яшчэ ад вакзалу, — тлумачыць Касінераў, — мы там бачылі хлопца, які некаму тэлефанаваў, спаглядаючы на нас. Магчыма, акурат збіраў сваю «зондэр-каманду нацы-гопнікаў». У выніку па горадзе ездзіла некалькі аўто, поўных людзей, шукалі. Ёсць верагоднасць, што ўвагу прыцягнула наша знешнасць, пірсінг, татуяванні і інш".Паводле Касінерава, бойка нагадвала хутчэй збіццё, бо нападнікаў было болей прыкладна ў пяць разоў, білі таксама і дзяўчат: адну дзяўчыну жорстка кінулі на ашфальт. Міліцыі побач не было.
"Асабіста мяне павалілі на зямлю, — працягвае Касінераў, — і дабівалі чалавек сем. Я трапляў розныя бойкі, але гэта больш нагадвала збіццё, не пра якія роўныя магчымасці гаворкі не ішло. Як вынік — паламаны нос і чэрапна-мазгавая траўма".Здзівіла актывіста таксама нахабства і самаўпэўненасць нападнікаў, якіх не засмучала ані тое, што гэта цэнтр
гораду, ані відэакамеры побач. На думку актывіста, гэта можа тлумачыцца альбо «глупствам» альбо «папярэдняй дамовай з сілавікамі».
У міліцыю па факце нападу юнакі звяртацца не збіраюцца.
Нагадаем, што Вячаслаў Касінераў быў фігурантам гучнай «Справы графітыстаў». Ён і ягоныя паплечнікі
неаднаразова ўдзельнічалі ў вулічных акцыях апазіцыі, у тым ліку цягам «вясновых пратэстаў» сёлета.