Кастусёва асудзілі з дапамогай скайпу

10 лютага суд Шклоўскага раёна пастанавіў аштрафаваць лідара Партыі БНФ Рыгора Кастусёва за ўдзел у акцыі супраць так званай глыбокай паглыбленай інтэграцыі з Расіяй, якая адбылася 20 снежня мінулага года ў Мінску.

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

Першае пасяджэнне па гэтай справе прайшло 28 студзеня, аднак тады Рыгор Кастусёў заявіў нязгоду з абвінавачаннем, якое грунтавалася адно толькі на адміністрацыйным пратаколе, у суд нават не былі выкліканыя сведкі-міліцыянты, на чыіх сведчаннях была заснаваная справа. Палітык удакладніў, што сваім удзелам у масавым мерапрыемстве ён рэалізоўваў сваё канстытуцыйнае права на мірны пратэст, і пры гэтым не стварыў ніякай пагрозы грамадскаму парадку. На гэтай падставе Кастусёў заявіў хадайніцтва пра выклік у суд сведак-міліцыянтаў.

У выніку ў панядзелак палітыка прызналі вінаватым у парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (частка 1 артыкула 23.34 КаАП). Сталічныя міліцыянты сведчылі супраць яго па скайпавай сувязі, паведамляе радыё "Свабода".

Cуддзя Святлана Баранцава прысудзіла старшыні Партыі БНФ штрафное спагнанне ў памеры 30 базавых велічыняў – гэта на сёння 810 рублёў. 

Дарэчы, напярэдадні працягу судовага працэсу Кастусёў быў затрыманы на мяжы: мытнікі правялі праверку друкаваных матэрыялаў, з якімі Рыгор Кастусёў вяртаўся з канфэрэнцыі ў Кіеве. У выніку некаторыя з матэрыялаў кіеўскай канферэнцыі пра пагрозы расійскай агрэсіі супраць Беларусі былі забраныя для правядзеньня экспертызы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: