Казахстанскі транзіт улады: высновы для Беларусі

Хоць Назарбаеў насамрэч не адмовіўся цалкам ад уладных паўнамоцтваў, аднак зроблены крок у кірунку паступовага, кантраляванага транзіту ўлады, мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч у блогу на Радыё Свабода.

Фота - Валерый Шарыфулін / ТАСС / Forum


Варыянты сыходу дыктатараў

Сенсацыйная адстаўка Нурсултана Назарбаева адбылася на фоне размоваў і развагаў пра нібыта планаваны сыход Аляксандра Лукашэнкі, на які ён намякнуў падчас «вялікай размовы» 1 сакавіка. Таму казахстанскі досвед робіцца асабліва цікавым.

Гісторыя ведае розныя варыянты сыходу дыктатараў ці аўтарытарных лідараў.

Першы варыянт. Валадар сыходзіць зусім, захаваўшы толькі гарантыі ўласнай бяспекі. Так пакідалі свае пасады Аўгуста Піначэт, Барыс Ельцын, Фідэль Кастра.

Другі варыянт. Валадар абʼяўляе адстаўку, ніякіх значных фармальных пасадаў не займае, але выконвае ролю «шэрага кардынала». То бок захоўвае рэальную ўладу. Такі статус меў Юзаф Пілсудскі ў міжваеннай Польшчы, Лі Куан Ю ў Сінгапуры.

Трэці варыянт. Лідар сыходзіць з займанай пасады, перадае яе іншаму палітыку, аднак сам перамяшчаецца на іншую пасаду, надзяляючы яе важнымі паўнамоцтвамі. Так рабіў Слабадан Мілошавіч, мяняючы пасаду кіраўніка Югаславіі на кіраўніка Сербіі. Гэткім чынам хацеў застацца пры ўладзе Серж Саргсьян у Арменіі, памяняўшы пасаду прэзідэнта на прэмʼер-міністра, але яму перашкодзілі масавыя пратэсты. Уласна кажучы, так зрабіў і Уладзімір Пуцін у 2008–2012 гадах, стаўшы кіраўніком ураду, аднак захаваўшы рэальную ўладу.

Нурсултан Назарбаеў зрэалізаваў гэты апошні варыянт. Ён узначальвае Раду бяспекі Казахстану, папярэдне памяняў Канстытуцыю, паводле якой старшыня гэтай Рады мае нават больш паўнамоцтваў, чым дзейны прэзідэнт. І гэта пры тым, што Елбасы расставіў паўсюль сваіх людзей, родзічаў, аднак не давярае нават ім. Сваё бачанне сітуацыі ён калісьці патлумачыў так: «Як толькі пачнеш шукаць замену, вакол усё патаптана. Нікога няма, адзін я. У вас іншых няма, таму трымайцеся за мяне». Каму такі чалавек можа давяраць?

Тады ў чым сэнс замены шыла на мыла? Усё гэта зроблена дзеля паступовага, кантраляванага транзіту ўлады. Каб раптам ягоных дзяцей пасля смерці не адправілі ў турму, як адбылося ў суседнім Узбекістане.

Ці магчымы ў Беларусі падобны варыянт транзіту ўлады?

Калі казаць пра перспектывы Беларусі, то, зразумела, ні першы, ні другі варыянт Лукашэнку не пасуе. Але я вельмі сумняюся, што ён пойдзе нават на трэці варыянт. Бо гэта прадугледжвае неабходнасць дзяліцца з кімсьці ўладай. Што для яго непрымальна. Бо аўтарытарны валадар, які доўга знаходзіцца пры ўладзе, нікому не давярае, усіх падазрае ў нелаяльнасці.

Да таго ж у выніку адмоўнай кадравай селекцыі ягонае атачэнне ўсё больш драбнее. На нядаўнім пасяджэнні Рады бяспекі Лукашэнка сказаў: «Усе, хто сядзіць за гэтым сталом і насупраць мяне: вы — не палітыкі, вы — людзі, якія дакладна працуюць у сваім кірунку». Каму ж тут можна даверыць не толькі ўладу, але і гарантыі ўласнай бяспекі, калі за гэтым сталом сядзяць адно толькі выканаўцы, якія старанна канспектуюць у сшытак словы пра «бабло», «мэрсэдэсы» і «цёлак»? Трагедыя адзіноты, для апісання якой патрэбна пяро Шэкспіра.

Паводле БелТА, Лукашэнка патэлефанаваў Назарбаеву і сказаў, што з вялікім шкадаваннем успрыняў гэты крок свайго сябра. Аднак варта адзначыць, што асабістыя дачыненні паміж лідарамі не заўсёды былі сяброўскімі. Некалькі фактаў.

Даўнія спрэчкі паміж Лукашэнкам і Назарбаевым

У 1996 годзе, калі Аляксандр Лукашэнка турбаваў усіх лідараў постсавецкіх краінаў заклікамі да неадкладнай рэінтэграцыі вакол Расіі, Нурсултан Назарбаеў у інтэрв'ю польскай «Gazecie Wyborczej» не вытрымаў паліткарэктнасці і заявіў: «Лукашэнка няхай сабе кажа што хоча. Гэта ваш сусед — вам і галава балець павінна. Лукашэнка ёсць Лукашэнка, няма пра што гаварыць».

Пра адзін з эпізодаў саміту СНД у 1996 годзе напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Расіі сам Лукашэнка апавёў у адым інтэрв'ю: «Каля мяне сядзіць Назарбаеў. Я штурхаю яго: слухай, Нурсултан, скажы што-небудзь. „Ды не, лепш ты, табе зручней, ты побач, Садружнасць“. Я кажу: чаго ж мне вылазіць, звычайна ж парадак вызначаны, па старшынстве. Штурхаю Аліева, ён злева сядзеў. Аліеў мне: дай закусіць! Яшчэ 10 хвілін прайшло. Я выступіў. Я вельмі коратка заўсёды выступаю, адкрыта, сумленна. Памятаю, сказаў: Барыс Мікалаевіч, вам трэба будзе цяжкае выпрабаванне, дай бог, каб вы яго вытрымалі, дай бог вам здароўя. Ну, а потым усіх прарвала. Кучма пачаў, яшчэ нехта. Падымаецца Карымаў. Р-раз, мяне зачапіў — што я, маўляў, камуністаў у Расіі ня лаю. Падымаецца Назарбаеў. Таксама мяне падчапіў, зноў за камуністаў. Я не стрываў: ды хопіць вам, кажу, што вы, Палітбюро сабралася тут! Што вы на мяне наваліліся ?!» («Совершенно секретно», 1997, № 9).

Лукашэнка адказваў той жа манетай. Калі прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў ў 1999 годзе сказаў, што не разумее, як будзе функцыянаваць канфедэрацыйнае абʼяднанне Беларусі і Расіі, Лукашэнка пакрыўдзіўся і даў адказ: «Незразумела? Калі незразумела — чытай кніжкі. Прэзідэнтам стаў, а не ведае, што такое канфедэрацыя». (Белорусская деловая газета, 1999, 25 студзеня).

Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!