Кент: Беларусь павінна вызваліць палітвязняў, інакш ЗША вернуць эканамічныя санкцыі

Рашэнне пра аднаўленне эканамічных санкцый ЗША супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў будзе наўпрост залежаць ад пытання палітычных зняволеных у Беларусі.


Пра гэта заявіў намеснік памочніка Дзяржаўнага сакратара ЗША ў справах Еўропы і Еўразіі Джордж Кент у інтэрв’ю «Радыё Свабода».

Гаворка ідзе пра санкцыі, якія былі ўведзеныя Злучанымі Штатамі яшчэ ў 2006 годзе, аднак былі прыпыненыя ў 2015-м, калі ў Беларусі вызвалілі ўсіх палітвязняў. Гэта санкцыі супраць прадпрыемстваў «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», «Белнафтахім» і яго амерыканскі філіял, «Белшына», «Гродна Азот», «Гродна Хімвалакно», «Лакафарба», «Нафтан» і «Полацк Шкловалакно». З 2015-га прыпыненне санкцый рэгулярна падаўжалася, апошні раз яго працягнулі ў кастрычніку 2019-га на паўтара года — да 26 красавіка 2021-га.

На пытанне кіраўніка Беларускай службы «Радыё Свабода» Аляксандра Лукашука пра тое, ці вядуцца паміж Вашынгтонам і Мінскам абмеркаванні магчымых дзеянняў беларускага боку, якія дазволяць пазбегнуць аднаўлення санкцый, Джордж Кент адказаў, што гэтыя пытанні маглі б быць прадметам дыялогу. Ён пацвердзіў, што тэрмін апошняга выдадзенага генеральнага дазволу на гандаль з прадпрыемствамі, якія трапілі пад санкцыі, скончыцца ў канцы красавіка.

«Выдача дазволаў з 2015 года была звязаная з агульным паляпшэннем сітуацыі з правамі чалавека, у той час як першапачаткова санкцыі ў 2006 годзе былі ўведзеныя ў сувязі з вынікамі выбараў, якія былі адзначаныя фальсіфікацыямі, а затым і рэпрэсіямі. І адной з неад'емных умоў выдачы дазволу была адсутнасць палітвязняў. І ў Беларусі не было палітвязняў з 2015-га да сярэдзіны 2020 года», — сказаў прадстаўнік Дзярждэпартамента.

Аднак цяпер у Беларусі, са шкадаваннем адзначыў ён, налічваецца ўжо больш за 280 палітвязняў (іх колькасць хутка расце, на сёння праваабаронцы прызналі палітвязнямі ўжо 291 чалавека). Менавіта ад наяўнасці палітвязняў, падкрэсліў дыпламат, будзе залежаць пытанне аб далейшым прыпыненні або аднаўленні эканамічных санкцый у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў.

«Ясна, што, улічваючы прававую аснову санкцый, важна ўбачыць — і з пункту гледжання правоў чалавека, і з пункту гледжання магчымага падаўжэння генеральнага дазволу — дакладныя крокі, прынятыя беларускімі ўладамі. Пазіцыя ЗША адназначная: палітвязняў быць не павінна і Беларусь павінна вызваліць усіх палітвязняў», — заявіў Джордж Кент.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: