КХП-БНФ звярнулася да кіраўніцтва Аўстрыі з нагоды пераследу Юрыя Беленькага

Намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі – БНФ Сяргей Папкоў накіраваў адкрыты ліст кіраўніцтву Аўстрыі, дзе ў гэтыя дні з афіцыйным візітам знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка.

Юрый Беленькі

«У гэтыя ж дні ўлады Беларусі распачалі адміністрацыйную справу супраць намесніка старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі – БНФ, дэпутата Вярхоўнага Савета (1990-1996) сп. Юрыя Беленькага», — гаворыцца ў звароце.

Аўтары адкрытага ліста падкрэсліваюць, што ўлады пераследуюць сп. Беленькага за ўдзел у мемарыяльных мерапрыемствах памяці ахвяраў сталінскага тэрору 1937-1941 гг., якія адбыліся 3 і 10 лістапада 2019 г. у Мінску. Сп. Беленькі быў афіцыйным арганізатарам гэтых мерапрыемстваў. Яны мелі некамерцыйны характар і прайшлі мірна. Не было ніякіх заўваг з боку міліцыі. Але пасля сканчэння мерапрыемстваў міліцыя запатрабавала ад сп. Беленькага аплату сваіх паслуг. Гэта незаконна, бо мерапрыемствы былі некамерцыйныя, лічаць у партыі.

Прадстаўнікі КХП-БНФ сцвярджаюць, што патрабаванні ўладаў і міліцыі супярэчаць прынцыпам АБСЕ і БДІПЧ, якія прызнаны Рэспублікай Беларусь. Згодна параграфа 31 (выданне 2010 г.), які рэгулюе прынцыпы свабодных сходаў і дэманстрацый, улады павінны несці ўсе выдаткі па забеспячэнні бяспекі на мерапрыемствах.

«Мы просім Вас, вельмішаноўныя спадары, праявіць добрую волю і выкарыстаць Ваш аўтарытэт, каб спыніць незаконны пераслед сп. Беленькага», — падсумоўваюць актывісты.

Адкрыты ліст адрасаваны федэральнаму прэзідэнту Аўстрыйскай Рэспублікі сп. Аляксандру Ван дэр Бэлену, прэзідэнту Нацыянальнай Рады Аўстрыйскай Рэспублікі сп. Вольфгангу Саботку, старшыню Аўстрыйскай Народнай Партыі, дэпутату Нацыянальнай Рады сп. Себасцьяну Курцу.

Паводле прэс-рэлізу



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: