Кінах: Наша агульная праблема — нізкі ўзровень эфектыўнасці дзяржаўных інстытутаў улады

У якіх сферах Беларусь і Украіна могуць паспяхова супрацоўнічаць і што замінае правядзенню рэформаў? Пра гэта мы паразмаўлялі з кіраўніком Украінскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Анатолем Кінахам, які непасрэдна датычны да распрацоўкі эканамічнай стратэгіі развіцця сваёй краіны.


— Пачынаючы з 2003 года аб'ём знешняга гандлю паміж Украінай і Беларуссю вырас больш, чым у 3 разы: з $1 млрд да $4,5 млрд у 2018-м. Вы згадвалі ў сваіх выступах, што патэнцыял гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Украінай і Беларуссю значна большы і складае, агульным чынам, $8 млрд. Хацелася б зразумець, за кошт чаго можа быць дасягнуты такі рэзкі рост дынамікі ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі?

— Такая мэта пастаўлена на 2019 год — дасягнуць узаемнага гандлёва—эканамічнага абароту ў памеры $8 млрд, і гэтая мэта цалкам дасяжная. Напрамкаў вельмі шмат. Нават калі ўзяць, у прыватнасці, пытанні, звязаныя з энергетычным сектарам. У Беларусі ёсць дэфіцыт электраэнергіі. У нас, у прынцыпе, ёсць магчымасць экспарту.

У нас праблемы вельмі вялікія з прадуктамі нафтаперапрацоўкі. У тым ліку, гэтыя праблемы звязаныя не толькі з адсутнасцю сыравіны. Украіна не мадэрнізавала свае нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы, і таму яны не адпавядаюць сёння міжнародным еўрапейскім стандартам, як па глыбіні перапрацоўкі, так і па якасці канчатковага прадукту. Беларусь здолела гэта зрабіць. Шырокае поле для супрацоўніцтва, у тым ліку, з пункту гледжання геаграфічнага размяшчэння пастаўкі сыравіны для перапрацоўкі на беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах. То-бок, энергетычны сектар — велізарнае поле для эфектыўнага супрацоўніцтва.

Супраца магчыма ў сферы машынабудавання. У першую чаргу, для нас цікава аўтобусабудаванне, у чым Беларусь мае добрыя пазіцыі. Гэта таксама сельгасмашынабудаванне. Гэтыя сферы ў першую чаргу. Нават транспартнае машынабудаванне для чыгунак у Беларусі мае таксама пэўныя добрыя вынікі і напрацоўкі.

Ваенна-прамысловы комплекс — аналагічна. Хоць гэтая сфера ў нас закрыта для такога публічнага абмеркавання і інфармацыі, тым не менш, патэнцыял там вельмі цікавы. Пэўныя напрацоўкі ёсць і цяпер, над імі працуюць нашы спецыялісты, і супрацоўніцтва не перапыняецца.

Аграпрамысловы комплекс. У першую чаргу, перапрацоўка, у чым Беларусь мае добрыя паказчыкі. І таму мы маглі бы вельмі цесна супрацоўнічаць з пункту гледжання арганізацыі эфектыўных перапрацоўчых прадпрыемстваў у аграсектары. Асабліва ўлічваючы вельмі моцную сыравінную базу, якая ёсць ва Украіне. Мы маглі б такім чынам працаваць не толькі на рынкі Украіны і Беларусі, але і пастаўляць на рынкі іншых дзяржаў, у тым ліку Еўрапейскага Саюза, Азіі і г.д. Транспартныя і транзітныя паслугі паміж дзвюма краінамі таксама маюць патэнцыял.

— Лічыцца, што ў дынаміцы гандлёва-эканамічнага партнёрства Беларусі і Украіны негатыўнае сальда заўсёды знаходзіцца на боку Украіны. Беларусь жа, у сваю чаргу, у мінулым дасягала пазітыўнага сальда, у асноўным, за кошт перапрацоўкі расійскай нафты. Хацелася б зразумець, што будзе далей, калі ўжо істотна абмежаваныя пастаўкі нафты на беларускія НПЗ. Ці дасягнуць парытэту Украіна і Беларусь у сваіх гандлёва-эканамічных адносінах? Ці, мажліва, будзе актуальны іншы сцэнар?

— Безумоўна, гэта, у тым ліку, адаб'ецца на нашым тавараабароце, паўплывае на паказчыкі сальда нашага двухбаковага гандлю. Тым не менш, складана прагназаваць, што менавіта адбудзецца. У нас вельмі добры патэнцыял, які мог бы быць запатрабаваны, у тым ліку, у выраўнанні гандлёва- эканамічнага балансу, з пункту гледжання ўзмацнення нашага супрацоўніцтва, па стварэнні перапрацоўчай прамысловасці. Не толькі на тэрыторыі Беларусі, а і на тэрыторыі Украіны, каб мець аптымальныя ўмовы па транспартнай лагістыцы, зніжэнню выдаткаў, — і павышэнню, такім чынам, канкурэнтаздольнасці прадукцыі.

Ёсць сферы, якія ў нас маглі б быць вельмі эфектыўнымі ў плане стварэння сумесных прадпрыемстваў, інтэграваных кампаній і г.д. І хімічны комплекс — велізарнае поле для працы. Тым больш, што наша хімічная галіна, у сувязі з праблематыкай сыравіны (газ прыродны для хіміі — гэта сыравіна) забяспечвае варыянты, дзе мы маглі б з беларусамі аб'ядноўваць намаганні.

Я ўжо не кажу пра нашы транзітныя магчымасці па пастаўках беларускай прадукцыі на экспарт. Пра астатнія сферы таксама можна шмат казаць. Гаворка можа ісці і пра сферу турызму, аздараўлення, і тых сфер, якія звязаныя з інфраструктурай як такой, з развіццём унутраных транспартных паслуг.

— Украіна і Беларусь бяруць удзел у міжнародных транспартных праектах, якія аб'ядноўваюць рэгіёны Чорнага і Балтыйскага мораў (цягнік камбінаванага транспарту «Вікінг», кантэйнерны цягнік ZUBR). Як вы ацэньваеце патэнцыял праекта па аднаўленні суднаходства па трансгранічным рэках?

— У сумеснай працы Украіны і Беларусі па Дняпры, па Прыпяці, па Бугу і г.д., каб максімальна выкарыстоўваць гэтыя артэрыі для транспарціроўкі, перавозкі грузаў, вельмі высокі патэнцыял. Сёння Украіна, як прыклад, перавозіць рачным водным транспартам толькі 3% ад агульнага аб'ёму грузаперавозак. Для параўнання, у Румыніі гэты працэнт дасягае — 29%, у Нідэрландах — 47%. У Беларусі, я мяркую, працэнт выкарыстання воднага транспарту не нашмат большы, чым ва Украіне.

Хоць, паўтаруся, гэта вельмі-вельмі эфектыўны від транспарціроўкі, які аказвае мінімальны ўплыў на экалагічны асяродак. Зараз мы працуем над тым, каб ва Украіне была ўведзена ў якасці нацыянальнай праграма па развіцці водных унутраных шляхоў, выкарыстанні воднага транспарту. У тым ліку — у сувязі з неабходнасцю развіцця суднабудаўнічых напрамкаў і для вытворчасці адпаведных судоў рака-мора. Неабходны вельмі сур'ёзныя работы, пачынаючы з днопаглыблення. У прыватнасці, ва Украіне гэтая праблема нарастае.

Калі ўзяць нават Прыпяць, то сярэдняя глыбіня ўжо 0,4 метры, і там, па сутнасці, суднаходства спынілася. А на Дняпры ёсць часткі, дзе замест нарматыўных глыбінь мінімум 3,65 м, зараз глыбіня складае максімум 2,2 м. Я лічу, гэта як раз тыя праекты, якія павінны мець міждзяржаўнае напаўненне, і пры рэалізацыі якіх супадаюць інтарэсы Украіны і Беларусі. То-бок, павінны быць вельмі сур'ёзныя сумесныя праекты па правядзенні днопаглыбных работаў, па рамонце і падтрыманні ў належным стане шлюзаў, асабліва на Дняпроўскім каскадзе. І шэраг іншых такіх інфраструктурных прац.

— Ва Украіне — новы прэзідэнт, а таксама новая Вярхоўная Рада. Якія крокі вы бы парэкамендавалі распачаць новай уладзе ў плане стасункаў з Беларуссю?

— З уласнага досведу, я памятаю перыяд 2005-2006 гг, раз калі я быў Сакратаром Савета Нацыянальнай бяспекі, у гэты час былі чарговыя спробы санкцый супраць Беларусі. Сустракаліся тады з нашымі стратэгічнымі партнёрамі, ЗША і Еўропай, і я ім асабіста казаў, што мы ніколі на гэта не пойдзем. Таму што санкцыі, у першую чаргу, б'юць не па ўладзе, яны б'юць па людзях. І, нягледзячы на пэўны палітычны ціск, Украіна тады не ўводзіла ніякіх санкцый.

У нас з Беларуссю вельмі шмат агульных інтарэсаў. Таму я спадзяюся, што сёння новы фармат улады, у тым ліку і прэзідэнт, і парламент, і будучы ўрад, будзе зыходзіць з вельмі добрай пазітыўнай пераемнасці, разумення, што Беларусь — гэта наша братэрская, сяброўская, суседняя дзяржава, з якой трэба выбудоўваць узаемавыгадныя ўмовы для супрацы, камунікацыі людзей, даверу адзін да аднаго. Гэта, я ўпэўнены, будзе захавана і ў новым фармаце ўлады. Мы будзем гэтаму спрыяць.

Безумоўна, для нас вельмі важна, каб ва ўмовах разнавектарнах напрамкаў супрацоўніцтва і інтэграцыі, — ЕўрАзЭС, ЕС і г.д., — Украіна і Беларусь у двухбаковых адносінах знаходзілі добры здаровы баланс нацыянальных інтарэсаў, супрацоўніцтва, баланс інтарэсаў з навакольным светам. Я ўпэўнены, гэта магчыма. Гэта закладзена ў гісторыі, у традыцыях, у сімпатыях людзей. І такая пераемнасць будзе абавязкова працягнута.

— Як вы самі ацэньваеце патэнцыял рэформаў, якія прайшлі ва Украіне пасля 2014 года? Што, з вашага пункту гледжання, было правільным, а што — не?

— Ва Украіне нарастае вельмі сур'ёзная праблема. Яна ёсць ва ўсіх дзяржавах, у тым ліку, у постсавецкіх, таксама і ў Беларусі. Праблема нізкага ўзроўню эфектыўнасці дзяржаўных інстытутаў улады. Як з пункту гледжання прафесіяналізму, так і працы ў інтарэсах людзей, развіцця дзяржавы ў цэлым. І гэтая праблема як раз для Украіны вельмі абвастрылася у перыяд 2014-2019 гг.

Гэта была адна з сур'ёзных памылак папярэдняга прэзідэнта. Асабліва ў кадравай палітыцы, калі кадравыя пытанні разглядаліся не праз прызму прафесіяналізму, досведу, ведаў, а праз прызму асабістай адданасці, квоты, карупцыйнага доступу да рэсурсаў і г.д. І гэта прывяло да вельмі сур'ёзных праблем, да паглыблення крызісу ва Украіне, да стварэння сітуацыі, калі абсалютная большасць людзей не давярала і не давярае ўладзе.

Мы бачылі, што на выбарах прэзідэнта Украіны людзі галасавалі не за новаабранага прэзідэнта, а супраць той сістэмы, гэта ацэнка людзьмі, у тым ліку, і рэформаў. Таму што, калі мы гаворым пра складаныя рэформы, такія як пенсійная, рэформа сферы аховы здароўя, праваахоўных органаў, — усе гэтыя рэформы для нас вельмі актуальныя, але яны, у значнай ступені, трансфармаваліся ў піяр палітычны, у імітацыю гэтых рэформаў, у адсутнасць выразных комплексных дзеянняў, у тым ліку, адпаведных дзяржаўных праграм. Менавіта такія дзяржаўныя праграмы прадугледжваюць як раз комплексны падыход: кадры, рэсурсы, тэрміны, адказнасць, маніторынг і г.д. Цяпер для нас велізарная задача, ад якой, шмат у чым, будзе залежаць і наша будучыня, — каб новы фармат улады нам удалося стварыць на больш высокім узроўні прафесіяналізму і адначасова адказнасці перад людзьмі.

— Што павінны зрабіць ваша і наша краіны, каб быць паспяховымі і дзеяздольнымі ў трохкутніку Кіеў-Мінск-Масква?

— У гэтым плане ўсё будзе шмат у чым залежыць ад росту якасных паказчыкаў эканомікі, узроўня жыцця людзей, іх рэальнай плацежаздольнасці. І ад гэтага будзе залежаць усё астатняе, у тым ліку, магчымасць краіны быць не аб'ектам, а суб'ектам міжнароднай палітыкі. Не толькі быць часткай геапалітычнага супрацьстаяння, якое сёння ёсць у свеце, асабліва па вектару ЗША-Расія, не проста быць палігонам для гэтага супрацьстаяння, а быць суверэннай дзяржавай, здольнай па ўсім перыметры абараняць свае нацыянальныя інтарэсы і тэрытарыяльную цэласнасць.

****
Анатоль Кінах узначальвае Украінскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў. Паслужны спіс, мабыць, самага паважанага і вядомага на сённяшні дзень украінскага прамыслоўца ўражвае: народны дэпутат Украіны шасці скліканняў, міністр эканомікі (2007), сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны (2005-2006), прэм'ер-міністр Украіны (2001—2002). 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!