Кіраўнік МЗС ФРГ: Сітуацыя ў Беларусі — ганебная пляма пасярод Еўропы

Хайка Мас і яго калегі з краін Веймарскага трохкутніка паабяцалі не мірыцца з рэпрэсіямі ў Беларусі. Яны асудзілі выкарыстанне бежанцаў у якасці сродка ціску на Еўразвяз.
Міністры замежных спраў Германіі, Польшчы і Францыі Хайка Мас (Heiko Maas), Збігнеў Рау і Жан-Іў Ле Дрыян пацвердзілі адзіны курс трох краін у дачыненні да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. "Сітуацыя ў Беларусі застаецца ганебнай плямай пасярод Еўропы. Лукашэнка спрабуе ўсталяваць у краіне могілкавы спакой, але мы не маем намеру глядзець на гэта склаўшы рукі", — сказаў Мас пасля сустрэчы ў Веймары ў пятніцу, 10 верасня.

Германскі міністр таксама асудзіў "абсалютна непрымальнае выкарыстанне бязвінных бежанцаў на знешніх межах Еўрасаюза". Урады Польшчы, Літвы і Латвіі абвінавачваюць Лукашэнку ў арганізаванай адпраўцы бежанцаў на мяжу ЕС. Кіраўнік МЗС Польшчы Рау на сустрэчы ў Веймары заклікаў да згуртаванасці і скаардынаваных дзеянняў. "На фоне крызісу важна праяўляць салідарнасць", — падкрэсліў ён.

Па словах Рау, Польшча з занепакоенасцю сочыць за сітуацыяй у грамадзянскай супольнасці Беларусі і спробамі дамагчыся абсалютнай цэнтралізацыі ўлады ў нашай краіне. Кіраўнік МЗС Францыі Ле Дрыян таксама падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва ў палітыцы ў дачыненні да Беларусі.

Сустрэча трох міністраў праходзіла ў горадзе Веймары ў федэральнай зямлі Цюрынгія, дзе ў 1991 годзе тагачасныя кіраўнікі МЗС Германіі, Францыі і Польшчы Ганс-Дзітрых Геншэр (Hans-Dietrich Genscher), Ралан Дзюма і Кшыштаф Скубішэўскі стварылі так званы Веймарскі трохкутнік, каб пераадолець падзел у Еўропе і з'яднаць тры дзяржавы.

dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: