Колькі слоў пра спецыфіку грамадскіх адносін

На барацьбу з «шумамі» ўладная «вертыкаль» вымушана накіроўваць значную частку сваіх рэсурсаў. На практыцы гэта азначае стварэнне шматлікіх службаў, якія дублююць і кантралююць адна адну. Так запускаецца «дурная бясконцасць» кантролю над кантралёрамі.

Большасць з нас мае добрую рэпутацыю ва ўласных вачах. Гэтую ісціну я запазычыў з падручніка па сацыяльнай псіхалогіі амерыканца Дэвіда Маерса. Сацыялагічныя апытанні яе пацвярджаюць. Калі папрасіць рэспандэнтаў параўнаць асабістыя якасці з якасцямі навакольных, дык нескладана здагадацца, у якім выпадку працэнт станоўчых, а ў якім негатыўных якасцяў апынецца вышэй. У прыватнасці, у 2005 годзе 52% расіян палічылі сябе гасціннымі, у той час як такіх людзей вакол сябе яны прыгадалі 36%. Зайздроснымі сябе назваў 1%, а навакольных «зайздроснікаў» было аж 23% (тут і далей прыводзіцца дадзеныя Лявада-Цэнтра).

Лацінская прымаўка «Vox populi vox Dei» («Голас народа — голас Божы») у век панавання электронных СМІ страціла сваю актуальнасць, бо тое, што па звычцы прынята лічыць грамадскай думкай, па факце з’яўляецца толькі рэхам медыйных падзей. Таму не варта здзіў­ляцца, што пасля «Крымнаш» у ацэнцы міралюбнасці і гатоўнасці прыйсці на дапамогу два брацкія народы, на думку расіян, кардынальна разышліся: 41% і 47% расіян знайшлі ў сябе гэтыя якасці, а ва ўкраінцаў — толькі 10% і 7% (верасень 2014 года). Пры такіх адрозненнях у ацэнках найбольш верагоднай формай камунікацыі з’яўляецца вайна, што на практыцы і назіраецца.

Цікавыя вынікі апытання, праведзенага ў сувязі з чэмпіянатам свету па футболе. Шанцы на перамогу сваёй каманды, якая апынулася ў рэйтынгу ФІФА на апошнім месцы сярод удзельнікаў фінальнай стадыі чэмпіянату, расіяне ацанілі вышэй за зборныя Германіі і Бразіліі: 14%, 13% і 12% адпаведна.

Для параўнання прывяду прагноз банка Goldman Sachs. Выкарыстаўшы 200 статыстычных мадэляў, прааналізаваўшы дадзеныя па ўсіх гульцах і апошнія вынікі камандных матчаў, аналітыкі банка ў спісе верагодных пераможцаў на першае месца паставілі зборную Бразіліі (18,5%), якая ў фінале сустрэнецца са зборнай Германіі (10,7%). Шанцы зборнай Расіі на выхад з групы былі ацэненыя ў 33,5%, а на перамогу ў фінале — 0,7%.

Гульня ў «сапсаваны тэлефон»

Але пакінем варажбу на кававай гушчы з нагоды будучага пераможцы ЧС–2018 заўзятарам і перамесцімся з футбольных палёў на поле палітычнае. Дакладней, на тое, што прынята ў Беларусі лічыць такім, бо ў краіне, у якой правам займацца палітыкай надзелены, паводле Канстытуцыі, толькі адзін чалавек, палітыкі не можа быць па азначэнні.

Гэты чалавек, што цалкам натуральна, таксама мае добрую рэпутацыю ва ўласным успрыманні. Прынамсі я не прыгадаю ні аднаго выпадку, калі б ён крытыкаваў свае рашэнні. Крытыкаваць сваіх падначаленых за бяздзейнасць — гэта калі ласка, за памылковыя рашэнні — вельмі рэдка.

Прычына адсутнасці рэгулярнай крытыкі адзіным палітыкам (АП) рашэнняў сваіх падначаленых — не таямніца: уладная «вертыкаль» вось ужо чвэрць стагоддзя існуе ў Беларусі не для прыняцця рашэнняў, а для іх выканання. Гэта выканаўчая «вертыкаль». Таму з якой бы колькасці ўзроўняў яна ні складалася, якая б ні была колькасць яе чальцоў, — але сінэргетычнага эфекту, калі вынік узаемадзеяння некалькіх фактараў аказваецца вышэй за сумы дзеянняў кожнага з іх, чакаць ад «вертыкалі» не даводзіцца.

Наадварот, у рэжымах, якія абапіраюцца на ўладную «вертыкаль», пашырэнне колькасці яе ўдзельнікаў павышае верагоднасць скажэння кіраўнічага сігналу. Тут напрошваецца прамая аналогія з дзіцячай гульнёй у «сапсаваны тэлефон».

«На кожным адрэзку ўладнай іерархіі, — тлумачыць гісторык Аляксандр Галкін, — непазбежна ўзнікаюць адхіляючыя «шумы», якая выклікаюцца групавымі або індывідуальнымі інтарэсамі, што нярэдка не супадаюць з інтарэсамі вярхоўнай улады. У крытычных сітуацыях такая «шумы» настолькі моцныя, што сутнасць зыходнага імпульсу губляецца ўжо на верхніх прыступках іерархічнай структуры».

На барацьбу з «шумамі» ўладная «вертыкаль» вымушана накіроўваць значную частку сваіх рэсурсаў. На практыцы гэта азначае стварэнне шматлікіх службаў, якія дублююць і кантралююць адна адну. Так запускаецца «дурная бясконцасць» кантролю над кантралёрамі.


Незасвоены ўрок

АП любіць разважаць на тэму дынамічнага развіцця «беларускай мадэлі». Звернемся да тэксту Паслання–2018. Дынамічнае развіццё традыцыйных і новых галін, дазволіць Беларусі «заняць годнае месца ў глабальных працэсах». Айчынная нарматворчасць — «жывы і дынамічны працэс, такі ж, як і само жыццё». У беларускага турызму, медыцыны і спорту «ёсць усе магчымасці для дынамічнага нарошчвання іх экспартнага складальніку». Наша з Кітаем «дынамічная сувязь пашыраецца і па колькасці, і па якасці».

Наступная цытата наўпрост звязвае «вертыкаль» у якасці адзінага суб’екта «беларускай мадэлі» з дынамікай: «Усёй выканаўчай вертыкалі трэба будзе вырашыць задачу — аказваць усебаковую дапамогу бізнесу ў стварэнні новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў, якія забяспечаць пазітыўную дынаміку развіцця кожнага рэгіёну краіны».

Вось такая накіраванасць у будучыню з дапамогай сродкаў нават не ўчорашняга, а заўчорашняга дня. Як мы бачым, урок распаду СССР з яго звышцэнтралізаванасцю ўладальнік дыплома гістарычнага факультэта Магілёўскага педагагічнага інстытута па спецыяльнасці «выкладчык гісторыі і грамадазнаўства» не засвоіў.

У сучасных умовах — што відавочна дэманструе міжнародны вопыт — цэнтралізацыя, уласцівая ўладнай «вертыкалі», у прынцыпе супярэчыць дынаміцы. Калі руцінныя праблемы «вертыкаль» яшчэ хоць неяк здольная разрульваць, дык перад новымі выклікамі яна пасуе. Адна справа — перадаваць кіраўніцкія рашэнні, што прымаюцца наверсе, і зусім іншае — самастойна прымаць рашэнні ў аператыўным рэжыме.


Эканоміка «паважаных людзей»

Прыгледзімся да сучаснай дынамікі на прыкладзе кампаніі Amazon, якая мае найбуйнейшы ў свеце абарот сярод тых, што прадаюць тавары і паслугі праз інтэрнэт. Створаная ў 1994 годзе амерыканскім прадпрымальнікам Джэфам Безасам, яна першапачаткова спецыялізавалася на гандлі кнігамі. У ліпені 2011 года рынкавая капіталізацыя Amazon упершыню перавысіла 100 мільярдаў долараў, а да лютага 2018-га — 700 мільярдаў долараў, апярэдзіўшы Microsoft Біла Гейтса.

Вось такая дынаміка! Пакуль АП з года на год паўтарае свае мантры на тэму «жалезнай дысцыпліны», сучасныя буйныя кампаніі актыўна асвойваюць рэінжынірынг, найважнейшым прынцыпам якога з’яўляецца дэцэнтралізацыя. Выканаўцы бяруць на сябе адказнасць там, дзе раней ім даводзілася звяртацца да кіраўніцтва. Усё гэта дазваляе арганізацыям працаваць як адзінае цэлае, павялічваючы эфектыўнасць працы.

Сучасныя дэцэнтралізаваныя кампаніі ўладкаваныя зусім не так, як раней. Медыйны гігант Facebook не вырабляе свайго кантэнту, у Uber няма ўласнага аўтапарку. Затое ў такіх гульцоў значна больш прасторы для росту, бо яны валодаюць пераважна прыкладаннямі да мабільных тэлефонаў, а не велічэзнай інфраструктурай і матэрыяльнымі рэсурсамі.

«Эканоміка бітаў адрозніваецца ад эканомікі атамаў, — тлумачаць амерыканцы Эндру Макафі і Эрыка Брынальфсана, аўтары кнігі «Машына, платформа, натоўп. Як падрыхтавацца да нашай тэхналагічнай будучыні». — Як толькі мы аблічбавалі інфармацыю, няхай гэта будзе тэкст або фільм, можна зрабіць бясконцую колькасць копій, якія будуць ідэнтычныя арыгіналу. Іншы важны фактар лічбавай эканомікі — яна не залежыць ад адлегласці. Перадаць інфармацыю з Грэнландыі ў Антарктыду не складаней, чым у суседні пакой».

Але кругагляд беларускіх кіраўнікоў мала чым адрозніваецца ад кругагляду савецкіх «чырвоных дырэктараў», якія думалі не пра прыбытак, а пра тоны і штукі. Насуперак прапагандзе, яны не змагаліся з дэфіцытам, а свядома яго падтрымлівалі, бо толькі распарадчык дэфіцыту мог прэтэндаваць на статус «паважанага чалавека».

Як тут ні працытаваць фрагмент з маналогу Міхаіла Жванецкага «Дэфіцыт»: «У тэатры прагляд, прэм’ера ідзе. Хто ў першым шэрагу сядзіць? Паважаныя людзі сядзяць: загадчык складам сядзіць, дырэктар крамы сядзіць, ззаду таваразнаўца сядзіць. Усё гарадское начальства загадчыка складам лю­біць, шануе. За што? Загадчык складам на дэфіцыце сядзіць! Дэфіцыт — вялікі рухавік грамадскіх спецыфічных адносін».

Больш глыбокага аналізу прыроды савецкай эканамічнай мадэлі я ў сваім жыцці не сустракаў!

Здавалася б, тыя часы назаўжды засталіся ў мінулым. За чвэрць стагоддзя вырасла пакаленне, якое не ведае, як гэта — душыцца ў чэргах за кавалкам каўбасы. Усё і так, і адначасова не так. Намі па-ранейшаму кіруюць тыя, хто нарадзіўся ў СССР. Намі кіруюць «паважаныя лю­дзі», якія сядзяць на дэфіцыце... ўлады. І ў гэтым сэнсе нічога не змянілася. Была народная дзяржава. Стала дзяржава для народа. Але галоўны загадчык складам як сядзеў на дэфіцыце, так і сядзіць.

Раней яго абіралі на безальтэрнатыўнай аснове. У сучаснай Беларусі, калі меркаваць па колькасці прозвішчаў у бюлетэнях для галасавання, дэмакратыі не менш, чым на Захадзе, што, аднак, не адмяняе спецыфіку грамадскіх адносін, якую сфармаваў дэфіцыт.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!