Краіна пераможнага цынізму

Чарнобыль не ўпісваецца ў афіцыйную беларускую ідэалагему.

Які б вобраз краіны ні стварала яе кіраўніцтва, усё разбіваецца праз адно — Чарнобыль. Якая можа быць «моцная і квітнеючая Беларусь», калі 23% яе тэрыторыі забруджана радыенуклідамі са шчыльнасцю больш за 1 Kюры/км па цэзію–137? 

Які можа быць «беларускі эканамічны цуд», калі 264 тысячы гектараў земляў краіны былі выключаныя з сельскагаспадарчага абароту? З іх удалося рэабілітаваць толькі каля 15 тысяч гектараў, і тое «рэабілітацыя» выклікае вялікія сумневы. Зараз новы слоган: «Беларусь — краіна для жыцця». Добрая ж «краіна для жыцця», дзе цэзіем–137 забруджана каля 20% тэрыторыі, стронцыем–90 — каля 10%, ізатопамі трансуранавых элементаў — яшчэ да 2%.

З-за жадання «не бачыць радыяцыю» і ўзнікае нездаровы цынізм, які выяўляецца амаль ва ўсім. Нам кажуць, што Беларусь «пераадольвае» наступствы аварыі на ЧАЭС, — і скарачаюць забруджаныя зоны. Нібыта, там можна жыць. Але ніводзін чыноўнік пакуль не пабудаваў хатку там, дзе «жыць можна».

Не пабудаваў, бо насамрэч — нельга. І яшчэ доўга будзе нельга. У выніку бэта-распаду на забруджаных тэрыторыях плутонію–241 узнікае амерыцый–241 (241Am) у колькасцях, параўнальных з колькасцю плутонію. 241Am мае высокую радыетаксічнасць — з часам ён становіцца больш актыўным. Паводле разлікаў навукоўцаў, рост актыўнасці глебы, забруджанай трансуранавымі ізатопамі, за кошт 241Am будзе працягвацца да 2060 года. Праз 100 гадоў пасля аварыі на ЧАЭС агульная актыўнасць глебы на забруджаных тэрыторыях будзе ў 2,4 разы вышэй (!), чым у пачатковы пасляаварыйны перыяд. Зніжэнне актыўнасці глебы ад 241Am чакаецца хіба пасля 2400 года!

У той жа час Беларусь амаль дабудавала атамную станцыю. Не будзем казаць, наколькі тэхналагічна і эканамічна апраўданая «будоўля стагоддзя». Узгадаем толькі, што нам абяцалі правесці рэферэндум наконт будаўніцтва АЭС. Ён быў? Не.

Няцяжка здагадацца, чаму. Нават паводле дадзеных даследаванняў Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, і нават сёння, калі АЭС практычна пабудаваная, яе стварэнне ўхваляюць менш за палову беларусаў. Згодна з апошнім апытаннем, падтрымліваюць будаўніцтва станцыі 49,8% беларусаў. Прычым, бар’ер у 50% не перасякаецца з 2012 года (станцыю пачалі будаваць у 2011-м). Зразумела, што ў такіх варунках «элегантную перамогу» на рэферэндуме атрымаць не ўдасца.

І такія лічбы выдае дзяржаўны сацыялагічны інстытут.

Пра стаўленне ўлады да тых жа ліквідатараў аварыі на ЧАЭС і казаць не варта. У іх забралі ільготы, бясплатны праезд, санаторна-курортнае лячэнне і зрабілі выгляд, што іх, нібыта, і не існуе.

Ужо які год мяне бянтэжыць адзін паказальны факт. Якой бы ні была заяўка на «Чарнобыльскі шлях», у які б дзень акцыя ні праводзілася, якім бы ні быў адказ Мінгарвыканкаму — у гэтым дазволе практычна ніколі не прадугледжваецца мерапрыемства, якое павінна быць у акцыі цэнтральным. У дазволе Мінгарвыканкаму амаль ніколі не знаходзіцца месца для памінання ахвяраў Чарнобыля: ускладання кветак і запальвання знічак ля Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай.

Але ад таго, што праблему надзвычай цынічна не заўважаць, яна не знікне. І гэты цынізм уладаў калі-небудзь абавязкова вылезе бокам.

Абурэнне мае асаблівасць назапашвацца. Учора вы пакрыўдзілі «дармаедаў», якія насамрэч ніякія не дармаеды. Сёння вы пакрыўдзілі «чарнобыльцаў». Заўтра пакрыўдзіце прафсаюзы і камуністаў (як жа, 1 мая на носе). Паслязаўтра ўся прапаганда будзе крычаць пра «вялікую перамогу» і «шанаванне памяці ветэранаў», а ветэраны будуць падлічваць, на колькі ўпала пакупніцкая здольнасць іх пенсій. І калі-небудзь усё гэтае назапашанае абурэнне аб’яднаецца і грымне. Грымне так, што мала не пакажацца. І да гэтага, як паказваюць веснавыя падзеі, не так ужо і далёка, як падаецца.

Аналагічны цынізм быў у СССР. Там таксама казалі, што «ў Чарнобылі нічога не адбылося», забаранялі «чарнобыльскія» мітынгі, сцвярджалі, што малыя дозы радыяцыі не шкодныя, а нават карысныя. Там таксама «не бачылі радыяцыю».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: