«Краінай зараз кіруе вуліца, кіруе народ». Франак Вячорка распавёў пра новы план Ціханоўскай

У інтэрв'ю тэлеканалу «Дождж» Святлана Ціханоўская заявіла пра неабходнасць змены тактыкі пратэстаў. У чым можа палягаць гэтая змена, якія варыянты змены абмяркоўваюцца? Пра гэта дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка распавёў палітычнаму аглядальніку Свабоды Юрыю Дракахрусту.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева



«Трэба знайсці разумны баланс паміж вуліцай і эканамічным пратэстам»

— Франак, ці можаце вы сказаць, якія падыходы да новай тактыкі ў камандзе Ціханоўскай?

— Есць дзве асноўныя рухаючыя сілы пратэстаў — гэта вулічны пратэст і гэта страйкавы рух. Асноўнае — гэта вуліца. Вуліца ў нядзелю — гэта масавы марш, ён мае тэрапеўтычнае значэнне, многія людзі ходзяць на нядзельныя маршы, каб падсілкавацца энергіяй ад іншых людзей. Калі людзі не могуць сабрацца разам, гэтага прыліву пазітыву не адбываецца. І наступае дэпрэсія ад шэрасці, ад АМАПу, ад арыштаў. У апошнія тыдні мы назіраем новую тактыку ўладаў, яны не даюць людзям сабрацца разам.

Эканамічны прэсінг, ціск — гэта другая рухаючая сіла пратэсту. Была спроба правесці страйкі адразу пасля выбараў, і другая спроба — гэта ўльтыматум Ціханоўскай 26 кастрычніка. Страйкі ўзнікаюць, але ўлады іх вельмі жорстка падаўляюць.

Зараз трэба знайсці разумны баланс паміж вуліцай і эканамічным пратэстам, які паралізуе сістэму. Таксама важна наносіць удары ў межах кампаніі шэймінгу — гэта складанне «чорнай кнігі» рэжыму, выяўленне амапаўцаў і чыноўнікаў, якія бяруць удзел у злачынствах. Гэтыя тактыкі дазваляюць аслабіць і раз’яднаць лукашэнкаўскія сілы.

«Змена тактыкі можа быць толькі ва ўзмацненні ціску»

— Крытыкі могуць сказаць, што нават размовамі пра змену тактыкі Ціханоўская «злівае пратэст», маўляў, гэтага ж хоча і рэжым, да гэтага заклікае і Юры Васкрасенскі, былы палітвязень, які агучвае тактыку ўладаў. Ці не дзейнічае Ціханоўская ў тым жа рэчышчы?

— Не ідзецца пра адмену нядзельных маршаў і асноўных акцыяў. Але зараз з розных прычынаў прыпыняюцца жаночыя маршы, якія праводзіліся па суботах. Цяпер па суботах будуць іншыя формы акцыяў, такія як ланцугі салідарнасці ў дварах і на раёнах. А нядзельныя маршы працягнуцца, хаця будзе мяняцца час і месца маршаў.

Некаторыя лічаць, што марш у апошнюю нядзелю — гэта была вялікая параза. Але гэта не было паразай. 1000 затрыманых сведчыць пра маштабы акцыі. Было ў ёй удзельнікаў 30 ці 100 тысячаў мы не можам, але неабходнасць для ўладаў затрымліваць шмат людзей сведчыць пра тое, што акцыя была вельмі буйная.

Таму ніхто не збіраецца казаць, што мы прайгралі ў мінулую нядзелю і трэба гэтыя акцыі спыняць. Святлана пра гэта не казала.

Яе словы пра змену тактыкі былі вырваныя з кантэксту. Змена тактыкі можа быць толькі ва ўзмацненні ціску, у наданні новых элементаў барацьбы.

— Вы — дарадца Ціханоўскай. А калі яна сама можа агучыць гэтую новую тактыку, пра якую яна казала на «Дажджы»?

— Святлана сама акцыі не праводзіць. Іх праводзяць Тэлеграм-каналы, грамадскія арганізацыі, дваровыя чаты, якія каардынуюцца паміж сабой. Святлана толькі падтрымлівае гэтыя акцыі. Яна не кіруе і не кіравала імі. У бліжэйшыя дні будзе абвешчана пра новы план барацьбы, пра план на бліжэйшыя тыдні.


«Краінай зараз кіруе вуліца»

— Улады, акрамя рэпрэсіяў, спрабуюць рабіць палітычныя крокі. Рыхтуецца Усебеларускі народны сход, магчыма, на ім будзе прадстаўлены праект новай Канстытуцыі, магчыма, магчыма, будзе рэферэндум па гэтым праекце. Што Ціханоўская прапануе рабіць у адказ на гэта, у сувязі з гэтымі крокамі ўладаў?

— Лукашэнка спрабуе накінуць свае сцэнары, адцягнуць увагу ад галоўнага — ад новых выбараў. Тут пазіцыя адназначная: круглы стол Васкрасенскага — байкатаваць, бо гэта цырк і імітацыя, усебеларускі сход — ігнараваць, бо працэдура яго фармавання непразрыстая. Трэба праводзіць свой усебеларускі сход, бо людзям, якія цяпер захапілі ўладу, даверу няма. Канстытуцыйная рэформа можа быць толькі пасля выбараў ці адначасова з выбарамі.

Гэта тры кансэнсусныя пазыцыі, якія падзяляюць усе дэмакратычныя сілы.

Цяпер улада нашмат слабейшая, чым была, яна не кантралюе палітычны парадак дня.

— Вы сказалі пра альтэрнатыўны ўсебеларускі сход. Калі вы мяркуеце яго праводзіць?

— Пакуль невядома, калі Лукашэнка збіраецца праводзіць свой сход. Калі гэта люты 2021 году, то лютага ніхто чакаць не будзе. Нашая стратэгія — дамагчыся саступак ад Лукашэнкі сёлета, каб у гэтым годзе дамагчыся новых выбараў, вызначэння іх даты.

На гэта скіраваныя нашыя высілкі ў Беларусі і за яе межамі. Краінай зараз кіруе вуліца, кіруе народ. Калі Лукашэнка ў сваім палацы будзе праводзіць свой «междусобойчик», людзі будуць праводзіць свае сапраўдныя народныя сходы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: