Крэмль яшчэ раз пацвердзіў: настроі беларусаў яго не хвалююць

«Крэмль ладзіць скокі на костках беларусаў», — так заснавальнік EAST-цэнтра, Андрэй Елісееў на сваёй старонцы ў Facebook ацаніў стаўленне Расіі да бясчынстваў беларускай улады. Такім чынам палітолаг адрэагаваў на заяву міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова, які выказаў задаволенасць, што беларускія пратэсты «сходят на нет».



Палітолаг Андрэй Елісееў у сваім допісе ў Facebook разважае пра заяву міністр замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова, які «вельмі цынічна і недарэчна выказаўся пра падзеі ў Беларусі, асабліва ў святле яшчэ адной рэзананснай смерці, звязанай з бязмежжам беларускіх сілавікоў»:

«Мы... удовлетворены тем, что эти протесты сходят на нет», — заявіў Лаўроў.

Вось так. Якой цаной гэта ў апошнія два тыдні адбываецца і ступень тэрору, што ўчыніў падкантрольны Крамлю кіраўнік, яго не хвалюе. У Беларусі за апошнія тры месяцы затрымалі ўжо каля 20 тысяч чалавек.

Прымаючы пад увагу прапорцыю да насельніцтва краіны, гэта адпавядала б прыкладна 300 тысячам затрыманых людзей у Расіі. Гэта проста ўвесь горад Смаленск, які падпаў пад затрыманні, штрафы, збіццё, катаванні.

Дакладней, у Смаленску жывуць каля 300 тысяч чалавек разам з немаўлятамі і старымі. Планамерныя рэпрэсіі супраць усяго дарослага насельніцтва паўмільённай Разані напэўна былі б больш дакладнай аналогіяй маштабу рэпрэсій у Беларусі.

На думку Лаўрова, на нядаўнюю пратэстную акцыю выйшла менш людзей, чым звычайна, не з прычыны тэрору і запалохванняў, а таму, што беларусы нібыта ўсвядомілі, што «ўсё ж такі сітуацыю трэба супакойваць і трэба пераходзіць да канструктыўнага дыялогу». І дадаў, што "здаровай" апазіцыі трэба ўпісвацца ў дыскусію пра змену Канстытуцыі.

Гэта цынічная хлусня і спроба адвесці ўвагу з рэальных спадзяванняў большасці беларусаў на штучную павестку. У гэтую самую дыскусію пра змены ў Канстытуцыю ўключаюцца толькі маргінальныя палітычныя сілы, якія выказваюць інтарэсы зусім невялікай часткі насельніцтва.

На павестцы беларускага грамадства стаіць не савецкая бутафорыя з імітацыяй нікчэмных зменаў у Канстытуцыю, а правядзенне новых і справядлівых выбараў, спыненне рэпрэсій і расследаванне ўсіх выпадкаў гвалту. Зыходзячы з народных настрояў, у імітацыю і не падключаюцца хоць нейкія папулярныя палітычныя і грамадскія сілы.

Сваёй інтэрпрэтацыяй падзей вуснамі Лаўрова Крэмль яшчэ раз пацвердзіў, што настроі беларусаў яго ніколькі не хвалююць; стаўка зробленая на захаванне ўлады Лукашэнкі як мінімум на бліжэйшую перспектыву і далейшае ўцягванне Беларусі ў «паглыбленую інтэграцыю» на сваіх умовах.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: