
«Вейшнорыя» — гэта чарговая назва крамлёўскага праекту захопу
Беларусі. Праект — адзін, назвы — розныя. Я не веру ў супадзенні,
асабліва калі іх больш за адно. У выпадку з Вейшнорыяй супадзенняў —
процьма.
Напачатку, як вядома, было слова. Варта ж памятаць
і пра тое, што слову наступнічала дзея. А таму пагуляліся — дый годзе. Варта
ўсё назваць сваімі імёнамі. І хай пасля прачытання гэтых развагаў хтосьці назаве
аўтара фэйсбучным сектантам на ўзроўні экспертаў з «Одноклассников» (а то і
горш), галоўнае — каб прачыталі. Усё ж пад бокам у нас вайна, а войскі агрэсара
ўжо і на нашай тэрыторыі.
Карысныя ідыёты
У выпадку з «Вейшнорыяй» нескладана было спрагназаваць тую хвалю адначасовага абурэння дый смеху з кпінамі, якую ў беларускім грамадстве выклікала агучванне сцэнару вучэнняў «Захад–2017».
Абурэнне выкліканае тым, што ці не ўпершыню частку беларускіх грамадзянаў афіцыйна залічылі да ворагаў дзяржавы (калі не браць у разлік выказванні кіраўніка дзяржавы пра «пятую калону»), а частку Беларусі выкінулі па-за дзяржаўныя межы ды абвясцілі яе агрэсарам. Безумоўна, гэта абраза і правакацыя. І на гэта трэба рэагаваць.
Між
тым спробы рэагаваць на абразу і правакацыю літаральна ўмомант патанулі ў
шквале кпінаў, мемаў і тролінгу. Літаральна ўмомант былі створаныя віртуальныя
дзяржаўныя інстытуцыі Вейшнорыі, абраныя герб і сцяг, а таксама гімн і
адміністрацыйнае дзяленне новай дзяржавы, тысячы ахвотнікаў запісваюцца ў чаргу
на атрыманне пашпарта вейшнорца, прапісваецца абгрунтаванне адасаблення Вейшнорыі
ад астатняй Беларусі… Па-сутнасці,
сямімільнымі крокамі ствараецца падмурак для замацавання ў свядомасці беларусаў
магчымасці ў нашай краіне сепаратызму (сёння — пад вейшнорскім сцягам, а заўтра
— пад якім?)

У профілі найбольш актыўнага прасоўвальніка ідэяў Вейшнорыі ў твітары "МЗС Вейшнорыі" найперш звяртаюць на сябе ўвагу даты: профіль створаны 30 жніўня 2017 г. і ўжо 31 жніўня (праіснаваў роўна адзін дзень) прыпыніў сваю дзейнасць. Для правакацыі рукамі карысных ідыётаў часам дастаткова адно штуршка ў патрэбным кірунку...
Зразумець гэткую рэакцыю можна. Агульная стома ад рэжыму Лукашэнкі і прага да хоць нейкай альтэрнатывы, шматгадовы няўдзел у дзяржавабудаўніцтве, непрыманне ўсё большай русіфікацыі Беларусі — усё гэта падштурхоўвае беларускіх пасіянарыяў, шчырых і адданых беларускіх патрыётаў да ўдзелу ў прапанаванай гульні ў сваю сапраўдную рэспубліку мрояў — Вейшнорыю.

Вось толькі адкуль быў першы штуршок да яе? Хто першы агучыў ідэю Вейшнорыі? Сапраўдныя «айцы-заснавальнікі» Вейшнорыі зусім не шчырыя беларускія патрыёты, а… аўтары расійска-беларускіх вучэнняў «Захад–2017». Дый чаму сярод сеткавых апалагетаў Вейшнорыі так шмат расійскіх профіляў? Супадзенне?
Дзеля справядлівасці, я таксама стаўся ў пэўнай ступені карысным ідыётам. У маёй стужцы цягам аднаго дня (30 жніўня) таксама з’явіліся чатыры публікацыі, вытрыманыя ў атмасферы агульнага захаплення гульнёй у новую дзяржаву. Публікацыі выдаляць не буду — як сведчанне і напамін таго, што статкаваму ачмурэнню і эйфарыі цяжка супрацьстаяць свядома і што нават найбольш пільным не варта разнявольвацца.
Літванія, Вейшнорыя,
Наваросія

А вось і профіль аўтаркі каменту — нейкай Паліны Антанюк з расійскага Мурманску, профіль літаральна забіты перапостамі пра Вейшнорыю
У Беларусі спробаў раздзьмуць агонь сепаратызму ў постсавецкі перыяд Расія
рабіла прынамсі некалькі. Бадай, найбольш яскравыя — паляшуцкі рух «Етвязь» (1990-я гг.) і палоналітвінскі рух «Літванія» (2000-я гг.).
Пазней быў створаны сайт Літваніі (па-руску, хто б сумняваўся), суполкі ў сацыяльных сетках. Літаральна праз пару месяцаў Нагнібяда і Юцкевіч хацелі заснаваць і зарэгістраваць у Польшчы партыю літвінаў, праз якую планавалі ўздымаць пытанне адасаблення заходніх рэгіёнаў Беларусі і магчымага іх далучэння да Польшчы.
Назіраючы ж гэтымі днямі за «вейшнорскай» хваляй ды патугамі ператварыць Вейшнорыю ў хай пакуль што і толькі віртуальную, але цалкам самастойную дзяржаву з усімі атрыбутамі (у тым ліку мовай, гісторыяй, уласнай палітыкай), а таксама з пакуль што асцярожнай агрэсіяй у бок усяго беларускага, цяжка ўстрымацца ад правядзення паралеляў паміж Літваніяй і Вейшнорыяй. Пры гэтым, паралеляў настолькі шмат, што выпадае гаварыць менавіта пра адзіны праект, які паслядоўна рэалізоўваецца пад рознымі назвамі.Адрозненне ж праекту «Вейшнорыя», скажам, ад праекту «Данецкай Народнай Рэспублікі» ў кірунку гетаізацыі. Ва Украіне крамлёўцы стваралі гета менавіта для прарасійскіх украінцаў расійскага паходжання, якія кампактна пражываюць па паўднёвым усходзе краіны. У выпадку ж з «Вейшнорыяй» гета ствараецца, наадварот, для ўсіх «нярускіх» (як у выпадку іншага крамлёўскага сепаратысцкага праекту ва Украіне «Карпацкая Русь»).

Пасля таго як Нагнібяда і Юцкевіч адначна зніклі (гэтаксама нечакана, як і з’явіліся), усе сляды праекту "Літванія" ў інтэрнэце былі старанна зачышчаныя, уласна сайт "Литвании" быў выдалены. Між тым што-нішто ўсё-ткі засталося на форумах ды ў кэшы...
Эфект лыжкі лайна
Як вядома, лыжка лайна ў бочцы мёду няўхільна ператварае апошнюю ў бочку лайна. Крамлёўскія сепаратысцкія праекты ад пачатку не мелі значнай падтрымкі сярод мясцовага нерасійскага насельніцтва. Зрэшты, гэткая падтрымка хоць і магла стаць прыемным бонусам для аўтараў і рэалізатараў сепаратысцкіх праектаў, аднак найперш мела зусім іншую мэту — падрыхтоўка глебы для расійскай акупацыі.
Гэтак, у 2010 годзе крымская партыя «Русское единство» (заснаваная ў 2008-м пад назвай «Авангард») на выбарах у Вярхоўны савет украінскай аўтаноміі набрала ўсяго 4,02%, атрымаўшы 3 са 100 мандатаў. Яшчэ праз два гады нават гэткая мізэрная падтрымка ў межах статыстычнае памылкі сышла на нішто: аніводзін з кандыдатаў ад «Русского единства», выстаўленых на чатырох акругах у часе парламенцкіх выбарах, не перамог.
І гэта — у Крыме, пра нібыта татальную прарасійскасць якога апошнім часам чулі нават глухія! Між тым, менавіта гэтая партыя, якая не карысталася папулярнасцю нават сярод найбольш прарасійскіх жыхароў паўвыспы, адыграла адну з галоўных роляў у акупацыі Крыма, а маргінал Аксёнаў па мянушцы «Гоблін» умомант узляцеў на вяршыні крамлёўскай прапаганды.
Менавіта таму не варта заўчасна выдыхаць з палёгкай, назіраючы, як «галоўны беларускі казак» Мікалай Улаховіч атрымаў у часе апошніх прэзідэнцкіх выбараў усяго толькі 1,67% галасоў. Калі рух вейшнорцаў усё ж такі пусціць карэнне ў беларускую глебу, то, відавочна, вышэй за межы маргінальнага «фрык-руху» ён не скокне. Аднак прыклад крымскага «Гобліна»-Аксёнава сведчыць: для падрыхтоўкі глебы пад расійскую акупацыю шмат не трэба.
Пры гэтым, можна прагназаваць, што, як і Аксёнаў ды Улаховіч, уступаць у канфрантацыю з дзейснымі ўладамі Беларусі «лідары» вейшнорцаў таксама не будуць. Мэта падобных крамлёўскіх праектаў, паўтаруся, не пабудова сапраўднай новай дзяржавы, а толькі задзел на будучую расійскую акупацыю.
Падзел беларусаў
Беларусы ўсцяж застаюцца дастаткова маналітнай нацыяй: пры наяўнасці розных і нават супрацьлеглых палітычных і геапалітычных сімпатыяў, аднак, у краіне адсутнічае выразна прарасійскі рэгіён альбо значная тэрыторыя, кампактна заселеная этнічнымі рускімі. Калі ж чагосьці няма, то яго можна паспрабаваць стварыць штучна.
Маючы за аснову тэзу «беларусы і рускія — адзіны рускі народ», крамлёўская прапаганда намагаецца падзяліць беларусаў не паводле лініі «беларусы vs рускія», але паводле лініі «беларусы vs беларускія беларусы». Іншыя акрэсленні апошніх: свядомыя, змагары, ліцвіны, «тру-беларусы», бээнэфаўцы, а зараз — і вейшнорцы.
Падобныя працэсы, дарэчы, адбываліся і ва Украіне, дзе крамлёўская прапаганда старанна ўмацоўвала падзел украінцаў на ўкраінцаў трох гатункаў (самыя «трушныя» ўкраінцы першага гатунку — Заходняя Украіна, другі гатунак — у цэнтральнай Украіне, трэці гатунак — усходнія ды паўднёвыя ўкраінцы).
Мапа электаральнай падтрымкі кандыдатаў у прэзідэнты Украіны Віктара Юшчанкі і Віктара Януковіча (2004)
Падзел нацыі паводле гатункаў забівае адразу двух зайцаў:
Па-першае, тым, каму «пашчасціла» трапіць у найвышэйшую катэгорыю, падаграецца пыха: маўляў, мы і сапраўды лепшыя за тых горшых, тыя горшыя — несапраўдныя, а таму няма чаго за іх трымацца, хай ідуць лесам у сваю Расію, а мы будзем ці асобна жыць, ці наагул пойдзем пад Польшчу, бо там нас чакаюць як частку «сапраўднай Заходняе цывілізацыі».
Па-другое, тым, каму «не пашчасціла», і трапілі яны ў найніжэйшую
катэгорыю, навязваецца комплекс непаўнавартасці ды крыўда на першых: маўляў,
задзяўблі яны сваёй фанабэрыяй, нічога не робяць, а мы іх кормім, пойдзем да Расіі,
якая нас любіць і чакае.

Гэткія ўлёткі ад імя прыхільнікаў "Памаранчавай рэвалюцыі" Віктара Юшчанкі распаўсюджвалі сярод простых украінцаў структуры ягонага суперніка Віктара Януковіча (2004)
Таксама чыняцца спробы падзяліць беларусаў не толькі паводле моўна-культурнай, але і паводле рэлігійнай прыналежнасці. Гэтак крамлёўская і мясцовая каланіяльная прапаганда ўсяляк намагаецца вымалеваць вобраз ворага з беларускіх каталікоў.
Маўляў, значная частка беларускіх каталікоў — прадстаўнікі польскай нацыянальнай меншасці, то бок аўтаматычна «небеларусы», «нянашыя».
Каталікі асацыююцца з Заходняй цывілізацыяй, якую адэпты «русского мира» лічаць варожай сабе. Адпаведна, беларускія каталікі ў вачах «русского мира» — альбо варожыя агенты, альбо здраднікі, што яшчэ горш.
Пераважная колькасць каталікоў аддаюць перавагу беларускай (нярускай) мове
і культуры ды нярускаму вектару развіцця Беларусі — пра гэта сведчаць перапісы
насельніцтва ды прэзідэнцкія выбары.
У дадатак. Акрамя дэмаралізацыі і раз’яднання нацыі, падзел беларусаў мае на мэце і стварэнне адмысловага «гета» для тых беларусаў, якія здольныя на збройны супраціў Расіі ў выпадку захопу Беларусі апошняй, а таксама складання яшчэ аднаго «расстрэльнага спісу» тых, хто падпадае ў тым ліку і пад фізічную ліквідацыю ў першыя ж дні акупацыі.
Знешнепалітычны эфект
Вядомы факт: адным з галоўных ачагоў патэнцыйнай геапалітычнай напружанасці на глебе міжэтнічных і міжнацыянальных канфліктаў у Савецкім Саюзе разглядалася — нароўні з Каўказам — і беларуска-літоўска-польскае памежжа. Так, тая самая «Вейшнорыя». Супадзенне?
Як і ў выпадку з Украінай, якую крамлёўцы прапаноўвалі па кавалках разабраць ці не ўсім дзяржавам-суседкам, асноўны падзел Беларусі, паводле задумы, мае адбыцца паміж Расіяй (большая частка Беларусі) і Польшчай (Заходняя Беларусь), у дадатак, магчыма, нешта атрымаюць сабе і літоўцы. Гэткім чынам, Вейшнорыя мае адысці палякам ды літоўцам у якасці геапалітычнага падарунку ды залагоджвання.
Падобныя прапановы падзелу Беларусі з боку расійскіх прапагандыстаў, зрэшты, ужо неаднойчы агучваліся. Як і ў выпадку з Украінай, калі ў часе ваеннай эскалацыі на Данбасе з падобнымі прапановамі да Польшчы звяртаўся шэраг расійскіх адыёзных палітыкаў і прапагандыстаў.

Адна з мапаў крамлёўскіх прапагандыстаў з прапанаванымі перадзеламі Беларусі і Украіны
Пры гэтым — і тут няма ілюзіяў — размаітых «ватнікаў» ды іншых апалагетаў Расіі
на тэрыторыі «Вейшнорыі» таксама багата. А таму аддадзеная палякам ды літоўцам
тэрыторыя аўтаматычна ператвараецца ў сепаратысцкія гнайнікі — толькі ўжо
прарасійскія, агмень дэстабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне. Масавыя пратэсты,
сабатаж, тэракты, незаконныя ўзброеныя фармаванні — усё гэта мае ператварыць
тэрыторыі Вейшнорыі ды прылеглых Вясбарыі ды Лубеніі (як Польшчу і Літву
назвалі ў легендзе вучэнняў «Захад–2017») у «шэрую зону», якая ў перспектыве
дае Расіі кантроль над «Сувалкскім калідорам» ды наземнае злучэнне з
Калінінградзкай вобласцю РФ без наўпроставага ваеннага супрацьстаяння з NATO.

Мапа сцэнару вучэнняў "Захад-2017"
А таму Берасцейшчына хоць і ўваходзіць у панятак «крэсаў», мае, аднак, патэнцыял ператварэння ў геапалітычны козыр у гульні не толькі ды не столькі з Польшчай, колькі з Украінай. Гаворка пра згаданы вышэй сепаратысцкі паляшуцкі рух Міколы Шэляговіча «Етвязь» напрыканцы 1980-х — пачатку 1990-х гг., які даводзіў небеларускасць Палесся, найперш Берасцейшчыны з ухілам у тэзу «Берасцейшчына — гэта Украіна». Між тым, сувязяў з Масквой ды крамлёўскую дапамогу яго ініцыятыве Шэляговіч таксама асабліва не хаваў.
Што рабіць?
Трымацца Беларусі — адзінай і непадзельнай. І разбудоўваць менавіта Беларусь — усім, незалежна ад палітычных перакананняў, рэгіянальных ды геапалітычных сімпатыяў і г.д. Здушваць на корані якія-колечы сепаратысцкія праекты — неістотна, пад якім сцягам ды рыторыкай яны прапаноўваюцца.
І не забываць: вораг ужо ў нашым — беларускім — доме. Вораг, гатовы ваяваць, рабаваць і забіваць нас з вамі. Усіх — незалежна ад нашых палітычных перакананняў, рэгіянальных ды геапалітычных сімпатыяў.
Вейшнорыя павінна памерці. Жыве Беларусь!
Абмеркаванне:
Белорусский поляк
Grodno-style
Белорусский поляк
Grodno-style
Белорусский поляк
Уважаемый, что Вы можете сделать для своей страны под аккупацией? Только то, что Вам разрешат! Иначе будет расправа.
И учения Запад 2017 проводятся так, как буд-то российская армия воюет на своей земле - не белорусы защищаются, а Россия защищает. Защищает не белорусов, а землю, которой своей считают и ведут себя тут как дома, потому что считают, что они дома. А Вы дальше не нойте, а делайте что-нибудь для своей страны.
Grodno-style
Літвін-беларус з Менску
Літвін-беларус з Менску (працяг допісу)
Volo
Обзывалка "Укропы" значительно сплотила украинцев. Может Беларуси именно этого не хватает?