«Крыху несправядлівасці і абсурду — гэта ўсё, што можа зрабіць дзед з апрычнікамі»

Нам хацелася, каб перамога была заўтра. Нам хацелася, каб ужо праз тыдзень мы зажылі ў іншай новай Беларусі. Так бывае, але ў казках. Жыццё больш складанае і разнастайнае. Тое, што адбылося з Беларуссю, павінна было здарыцца, каб мы нарэшце расплюшчылі вочы.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Калі ля Акрэсціна я размаўляла з тымі, хто прайшоў праз пекла першых паслявыбарчых дзён, амаль усе пыталіся:
— Як думаеце, нешта зменіцца, гэта ўсё не дарэмна?

— Канечне, зменіцца, — адказвала ім. — Я 26 гадоў у гэта веру.

Да чаго гэта я? 26 гадоў, калі пасля 10 ліпеня Беларусь атрымала Лукашэнку, мне было горка і сумна. Я злавалася на недальнабачнасць мільёнаў. На сябе, што мала каго змагла пераканаць. І яшчэ шмат на каго. Але ў той жа час адчаю не было. Была надзея і вера ў тое, што ўсё будзе добра.

Можа, таму, што мне было ўсяго 26 гадоў, як тым хлопцам і дзяўчатам, што размаўлялі са мной ля Акрэсціна. А можа, таму, што і тады, і цяпер было ўнутранае адчуванне справядлівасці гэтага свету і таго, што дабро заўсёды перамагае.

Тое, што здарылася з нашай краінай пасля 9 жніўня, павінна было здарыцца, каб тыя, хто шмат гадоў не заўважаў, куды мы коцімся, нарэшце расплюшчылі вочы. Каб замест купкі "адмарозкаў", якім "няма чаго рабіць", на плошчы і вуліцы Беларусі выйшлі сотні тысяч.

Каб наш сцяг, ад якога так лёгка ўсе адмовіліся 25 гадоў таму, сёння стаў сімвалам нашай перамогі, сімвалам супраціву і новай Беларусі. Каб тыя, хто дасюль верыў дзяржаўнай беларускай і расійскай прапагандзе, нарэшце ўключылі мазгі.

Тое, што сёння адбываецца ў нашай краіне, праз колькі гадоў будуць вывучаць палітолагі ўсяго свету. Мы зламалі ўсе схемы. Мы парушылі ўсе паліталагічныя законы. І мы абавязкова зрынем гэты, ужо літаральна, вар'яцкі рэжым.

На кожную навіну пра затрыманне і гвалт ёсць дзесяць пра салідарнасць і грамадзянскую пазіцыю. Гэта не можа не дадаваць аптымізму. Таму я веру, мой унук абавязкова будзе ганарыцца, што нарадзіўся ў найлепшай краіне ў свеце — у Беларусі!

Ну, а для тых, хто ўсё ж яшчэ ў адчаі і роспачы, прапаную пачытаць пост Стася Карпава. Каюся, узяла яго, не дачакаўшыся дазволу, хаця і спыталася. :)

"Я тут час ад часу чытаю пасты людзей, якія ўпадаюць у адчай, — піша Стась Карпаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку. — Ну, яны так і пішуць, што я ў адчаі, усё прапала. Людзі збіраюцца валіць ці звальваюць і расказваюць, што я валю ці збіраюся валіць, бо я ў адчаі, ага.

Дык вось ваш адчай і вашы жаданні валіць — гэта вашы асабістыя справы, дарагія мае. Унутры мяне я гатовы кожнага пару гадзін гладзіць па галаве. Але.

Справа ў тым, што ўвесь наш рэсурс — гэта калектыўная вера ў свае сілы.

Народ, у адрозненні ад чалавека, — ён такі, якім ён сябе бачыць сам. Калі мы — народ, які змагаецца за свае правы, — то мы народ, які змагаецца за свае правы. Калі мы ў адчаі, то мы народ у адчаі.

Калі мы верым у перамогу і кажам пра гэта суседу, каб сусед не вешаў нос — мы перамагаем. Калі мы кажам суседу, што ўсё марна — то якога выніку вы хочаце дасягаць?

Увесь фэйсбук апошнія гадоў 10 быў поўны такой "дапамогай". Беларусы — сапляжуі. Беларусы — лукашысты. Беларусы — не выйдуць. Беларусы ніколі не збяруцца. У кожнага хата з краю...

Дзякуючы гэтым енкам мы страцілі некалькі гадоў і нават зараз у нас у сэрцах жыве гэтае гнілое зерне спадзеву на тое, што "а давайце хуценька прадуем, паперажываем, паплачам і будзем жыць, як жылі".
Нельга. Сумуйце моўчкі. Валіце моўчкі.

Вы так радаваліся, калі мянты масава звальняліся адзін за адным. Гэта надавала вам сіл. Гэта забірала сілы ў іх. Цяпер, калі вы самі вырашылі "звольніцца" — звальняйцеся, але не аб'яўляйце пра гэта "ім". Вашы скавытанні — гэта іх справаздачы аб "затуханні пратэсту". Гэта іх вера ў тое, што трэба проста ў два разы часцей уламвацца ў кватэры, у пяць разоў часцей штрафаваць і збіваць, у дзесяць разоў вышэй падскокваць, каб сарваць свежанькі бчб. Вы думаеце ім не патрэбна вера? Вы думаеце, яны не хочуць упэўненасці ў перамозе?

Быць разам — гэта не значыць разам выходзіць кожную нядзелю. Гэта значыць БЫЦЬ. Быць разам. штохвілінна.

Ваш сум і адчай — гэта проста эмоцыя. Хімія. Калі 11-га веры было болей, а зараз меней — то гэта не таму, што змянілася ральнасць. Гэта значыць, што вы не былі гатовыя гэтую рэальнасць прымаць. Прыміце рэальнасць і вярніце веру туды, дзе была.

Вера і ўпартасць у называнні белага белым, а чорнага чорным — вось што такое "разам".

Вы стаміліся. Усе стаміліся. Але ці з'яўляецца стома дастатковай прычынай, каб перастаць быць часткай таго народа, якім вы так захапляліся месяц таму? Стома — гэта проста стома.

Адчай ці вера — гэта проста выбар. Задайце сабе пытанне, чаму вы ў адчаі? І вы зразумееце, што вы выбралі быць у адчаі. Вы ў адчаі таму, што хацелі, каб усё было хутка. Няспраўджанае хаценне хуткасці — дастаткова паважная прычына, каб быць у адчаі?

Вы бачыце шмат несправядлівасці. Вы верыце ў яе вечнасць? Вы наогул верыце ў вечнасць?  На працягу некалькіх месяцаў вы былі сведкам імгненных зменаў усяго. І цяпер за пару тыдняў паверылі ў нязменнасць несправядлівасці? 

Але яшчэ крыху несправядлівасці і абсурду — гэта ўсё, што можа зрабіць дзед з апрычнікамі.

Вы лічыце, што прыняць іх пасланне і зрабіць іх пасланне карцінай свайго свету — гэта ваш выбар?

Верыць, усміхацца, дапамагаць адно аднаму, не пакідаць адно аднаго са сваёй стомай - вось што такое быць разам. І гэта тое, што ўсім нам абсалютна па сілах. Будзем разам, бо разам мы пераможам".

Дзякуй, Стась! Дзякуй усім тым, хто верыць! Жыве Беларусь!



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: