Крыніца: Чацвёрты пакет санкцый ЕС супраць улад Беларусі разгледзяць у чэрвені

Чацвёрты пакет санкцый ЕС супраць кіраўніцтва Беларусі не будзе гатовы напярэдадні саміта Еўрасаюза па замежных справах 10 траўня, паведамляе карэспандэнт «Радыё Свабода» ў Брусэлі Рыкард Юзвяк.

«Магчыма, да чэрвеньскай сустрэчы, калі Беларусь будзе адным з асноўных пунктаў парадку дня. Дагэтуль незразумела, прапануе пакет група краін ЕС ці Еўрапейская служба знешніх сувязей», — напісаў журналіст у сваім Твітары.

Пра тое, што Еўрасаюз працуе над падрыхтоўкай чацвёртага пакета санкцый у дачыненні да Беларусі, заявіў 20 красавіка прадстаўнік Еўрапейскай службы замежных дзеянняў Люк Дэйвін.

Першы пакет санкцый у дачыненні да Беларусі ЕС увёў 2 кастрычніка 2020 году, нагадвае «Свабода». Пасля спіс асоб, якія падпадаюць пад іх дзеянне, быў пашыраны другім і трэцім пакетамі 6 лістапада і 17 снежня адпаведна.

Адметнасцю трэцяга пакета стала тое, што, акрамя персаналій, у яго ўключылі арганізацыі.

Абмежавальныя меры прадугледжваюць забарону на паездкі ў Еўрасаюз і замарозку актываў асоб з санкцыйнага спісу, які цяпер налічвае 88 чалавек, уключна з Лукашэнкам, а таксама замарозку актываў сямі арганізацый. Акрамя таго, фізічным і юрыдычным асобам — прадстаўнікам ЕС — забаронена наўпрост ці ўскосна даваць сродкі асобам з санкцыйнага спісу.

Латвія, Літва і Эстонія 25 сакавіка ўвялі новыя нацыянальныя санкцыі ў дачыненні да 118 беларускіх супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і юстыцыі, а таксама мясцовых органаў улады.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: