«Крывая ўсмешка Лукашэнкі». Пракрамлёўскі «Маскоўскі камсамолец» крытычна напісаў пра сустрэчу ў Сочы

Не тое каб зусім здзекліва, але, напрыклад, расійскі журналіст узгадаў, што перад выбарамі 9 жніўня рэйтынг Віктара Бабарыкі складаў 60–70%, у той час як у Аляксандра Лукашэнкі было ўсяго ад 3 да 15%. Прыводзім тэкст цалкам.

«Крывая ўсмешка Лукашэнкі: надзеі прэзідэнта Беларусі заваліла снегам Сочы» — пад такім загалоўкам выйшаў вечаровы тэкст у «МК». У лідзе адзначана, што «сустрэча з Пуціным прайшла без гальштукаў і журналістаў».

«У Краснай Паляне адбылася сустрэча паміж прэзідэнтамі Расіі і Беларусі Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам, — піша карэспандэнт Міхаіл Каткоў. — Сустрэча прайшла без гальштукаў і нават без журналістаў. Між тым, у Лукашэнкі на гэтыя перамовы былі вялікія планы, бо нават дата была перагружаная сэнсамі.

Размова праходзіла ў даволі аскетычнай абстаноўцы. Паводле дадзеных беларускіх СМІ, якія спасылаюцца на тэлеграм-канал "Пул першага", абодва прэзідэнты павінны былі сесці ў невялікія белыя крэслы, паміж якімі стаяў толькі маленькі столік. Пры гэтым ні сцягі, ні іншую дзяржаўную сімволіку ўсталёўваць не сталі. У прэс-службе Лукашэнкі паведамілі, што перамовы — хутчэй нефармальныя. У прыватнасці, пра гэта кажа адсутнасць рэгламенту. У Лукашэнкі змаглі адназначна сказаць толькі пра абед і катанне на лыжах разам з Пуціным. Хоць яшчэ 21 лютага забавы таксама былі пад пытаннем з-за багацця снегу.

Кіраўнік Расіі сустракаў свайго беларускага калегу ў кашулі і пінжаку, але без гальштука. Лукашэнка быў апрануты ў кофту і бомбер. Мяркуючы па апублікаваных кадрах, палітыкі па традыцыі абняліся, паціснулі адзін аднаму рукі і нацягнута ўсміхнуліся на камеру. Лукашэнка так стараўся, што яго нават трохі скрывіла. Па выніку сустрэчы ніякай прэс-канферэнцыі таксама планаваць не сталі.

Між тым, напярэдадні перамоў СМІ абмяркоўвалі чуткі пра тое, што Лукашэнка збіраецца прасіць прэзідэнта Расіі аб выдзяленні яму новага крэдыту ў памеры 3 мільярдаў долараў. Праўда, госць Пуціна рашуча абверг такія паведамленні. У беларускай апазіцыі ў сувязі з гэтым вырашылі, што Лукашэнка проста баіцца, што яму могуць адмовіць, а ў выпадку правалу яго аўтарытэт на радзіме канчаткова выпарыцца. Усё-ткі Беларусь знаходзіцца ў глыбокім эканамічным крызісе, і грошы ёй будуць вельмі дарэчы.

Акрамя таго, Мінск працягвае ўгаворваць Маскву зменшыць цану на газ. Калі ў 2020 годзе «блакітнае паліва» даставалася рэспубліцы па кошце ў 127 долараў за кубаметр, то цяпер ім прадаюць яго за 128,5 долара.

Паралельна з гэтым Лукашэнка і Пуцін могуць абмеркаваць судовы працэс над былым кіраўніком "Белгазпрамбанка" (дачка "Газпрама") Віктарам Бабарыкам. Летам мінулага года ён лічыўся галоўным канкурэнтам дзеючага кіраўніка Беларусі на прэзідэнцкіх выбарах. Разнастайныя сацапытанні аддавалі Бабарыку 60–70% падтрымкі выбаршчыкаў, а ў Лукашэнкі было ад 3 да 15%. У выніку Лукашэнка кінуў свайго суперніка ў турму, не чакаючы яго рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты. Цяпер Бабарыку абвінавачваюць у фінансавых злачынствах.

Лукашэнка, напэўна, хацеў бы абмеркаваць з Пуціным рэалізацыю сумесных праектаў у галіне нафтагазахіміі і стварэння электрамабіляў. Прынамсі, раней гэтыя тэмы абмяркоўвалі адзін з адным віцэ-прэм'ер РФ Юрый Барысаў і прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Больш за тое, Масква прапаноўвала Мінску перазагрузіць адносіны ў сферах супрацоўніцтва Мінска з Мінпрамгандлем, «Расатамам», «Раскосмасам». Зрэшты, ніякай канкрэтыкі не было, але яна магла б з'явіцца ў выніку паўнавартасных перамоў паміж Лукашэнкам і Пуціным, на якія ў Мінску, напэўна, разлічвалі.

Урэшце сустрэча Пуціна і Лукашэнка адбылася ў знакавую для постсавецкай прасторы дату. Ва Украіне 21 лютага 2014 года прэзідэнт Віктар Януковіч падпісаў з лідарамі Еўрамайдана пагадненне аб урэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне. На наступны дзень пасля гэтага ўкраінскі лідар збег у Расію. У 2020 годзе Лукашэнка неаднаразова праводзіў паралелі паміж пратэстамі ў сваёй краіне і тымі падзеямі. У 2021 годзе пра пагрозу каляровай рэвалюцыі гаварылі і ў Расіі. У сувязі з гэтым многія чакалі, што сэнсавае напаўненне сустрэчы будзе важней за матэрыяльнае, але, паводле папярэдніх вынікаў, не аказалася ні таго, ні іншага».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: