Латушка не выключыў стварэння паралельнага беларускага ўрада за мяжой

Член прэзідыума Каардынацыйнай рады Павел Латушка не выключыў стварэння ўрада Беларусі за мяжой і заклікаў беларусаў, якія зараз знаходзяцца за мяжой, ствараць паралельныя дыппрадстаўніцтва.
"Хто ведае, можа, у перспектыве будзе прынята рашэнне і аб стварэнні ўрада за мяжой, які будзе выдаваць адпаведныя дакументы для грамадзян Беларусі за мяжой", - заявіў Латушка падчас Сусветнага кангрэса беларусаў у суботу.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што спадзяецца, што да гэтага не дойдзе.

Таксама Латушка звярнуўся да суайчыннікаў з просьбай аб стварэнні "інфармацыйных пунктаў - правобразаў пасольстваў, дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі за мяжой".

"Паралельна дыпструктурам, якія сёння прадстаўляюць нелегітымны ваенны рэжым у Беларусі, мы павінны даваць пастаянную альтэрнатыўную інфармацыю, быць пунктамі дапамогі для ўсіх грамадзян Беларусі", - удакладніў ён.

На кангрэсе выступіла і экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская. Яна адзначыла, што падзеі ў Беларусі (адлічэнні студэнтаў, звальненні выкладчыкаў і рабочых, арышты) сведчаць пра паніку ўладаў.

"Яны баяцца нашай настойлівасці, яны ў разгубленасці, яны не могуць зразумець, чаму мы да гэтага часу не спыніліся і працягваем выходзіць на мірны пратэст", - падкрэсліла Ціханоўская.

Экс-кандыдат таксама выказала ўпэўненасць, што кангрэс дапаможа знайсці рашэнні для выхаду з крызісу, "да якога давёў рэжым".

Сусветны кангрэс беларусаў стартаваў апоўначы 31 кастрычніка. Арганізатары адводзяць на мерапрыемства 26 гадзін.

Па іх словах, беларускія дыяспары ўпершыню абмяркоўваюць на анлайн-платформе будучыню рэспублікі. На кангрэсе плануюць падняць тэмы правоў чалавека, свабоды слова і свабоды СМІ, пытанні функцыянавання Каардынацыйнай рады і знешняй палітыкі Беларусі.

interfax.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: