Латушка растлумачыў, чаму яго абвінавацілі па «расстрэльным» артыкуле Крымінальнага кодэксу

«Не ўкладваецца ў галаве ні па якіх прыкметах, ні па якіх стандартах» — так пракаментаваў былы дыпламат, кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка сваё ўключэнне ў складзены КДБ спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.
«Гэта ўсё трэба разглядаць як элементы запалохвання, для таго каб дэматываваць дэмакратычныя сілы ў сваёй дзейнасці», — сказаў Латушка ў інтэрв'ю расійскаму тэлеканалу «Дождж».

2 красавіка КДБ уключыў палітыка ў спіс тэрарыстаў на падставе абвінавачання па ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму), які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 10 да 25 гадоў або пажыццёвага зняволення, альбо смяротнага пакарання.

Латушка бачыць у гэтым завяршэнне лагічнага ланцужка: «Я успамінаю сітуацыю некалькі гадоў таму назад, калі Лукашэнка ў гутарцы са мной сказаў: "Калі ты мяне аддасі, я задушу цябе ўласнымі рукамі". Зараз, калі я ўжо заняў пазіцыю, дастаткова адкрытую, ён заявіў публічна перад тым, як я пакінуў Беларусь і з'ехаў тады ў Польшчу, менавіта ў тую ноч, напярэдадні, ён заявіў, што я перайшоў чырвоную лінію і буду адказваць перад законам ... Я ўспамінаю словы Церцеля, старшыні КДБ, які сказаў, што беларускі народ (ну ён мае нібыта права казаць ад імя беларускага народа) знойдзе ўсіх сваіх здраднікаў і прыцягне да адказнасці. Так што ланцужок замкнуўся, кола замкнулася: асабістая пагроза задушыць рукамі, заява старшыні КДБ і артыкул Крымінальнага кодэкса, частка трэцяя 289-й, якая прадугледжвае расстрэл».

«Як кожны нармальны чалавек, вядома, ты адчуваеш пэўную, можа быць, псіхалагічную нязручнасць, але, паверце, я чалавек моцны і моцнага характару і заўсёды казаў, што я буду ісці да канца і змагацца да перамогі», — падкрэсліў кіраўнік НАУ.

«Мы не можам дазволіць сабе, каб рэжым, які параўноўваюць ўжо з рэжымам "чорных палкоўнікаў" 70-х гадоў у Грэцыі, паўтарыўся ў Беларусі. Ён ужо паўтараецца, на жаль, ён развіваецца. Учорашнія законапраекты па барацьбе з экстрэмізмам мяркуюць, што за любую крытыку ўлады чалавек можа патрапіць у турму ... Я ўпэўнены ў нашай перамозе», — сказаў Латушка.

Паводле яго слоў, беларускія ўлады плануюць падаць запыт генеральным пракуратурам Літвы і Польшчы аб выдачы яго і Святланы Ціханоўскай, якая таксама ўнесеныя ў спіс тэрарыстаў на падставе аналагічнага абвінавачання. «Якое рашэнне прымуць польскія ўлады - гэта рашэнне польскіх уладаў. У астатнім я працягваю сваю дзейнасць», — заявіў палітык.

«Гэта ўжо чацвёртая крымінальная справа, якая ўзбуджана ў адносінах да мяне за апошні час, — адзначыў Латушка. — Наколькі я разумею, гэта яшчэ не канец. Крымінальны кодэкс досыць доўгі. У Інтэрпол яны заяўлялі, што падалі адпаведную заяўку. Я звярнуўся праз адваката з просьбай удакладніць інфармацыю — гэта не пацвердзілася».

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: