Латушка растлумачыў, пры якіх умовах санкцыі будуць мець плён

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка выказаўся ў эфіры «Еўрарадыё» пра эфектыўнасць санкцый, якія ўводзяцца краінамі Захаду. Адказаў ён і на сумневы шэрагу палітолагаў у эфектыўнасці санкцый.

— Па-першае, хочацца запытацца ў шаноўных палітолагаў: якія іншыя ў нас ёсць інструменты, калі ў краіне гвалт, калі грамадзяне не маюць права на абарону правоў, калі адвакатаў пазбаўляюць ліцэнзій?.. Асоба ніяк не можа абараніць сябе перад беларускімі ўладамі. Які інструментарый ёсць?

Санкцыі ж — рэальны інструмент знешняга ціску. Таксама гэта «тэст і для Еўрапейскага саюза».

— Санкцыі накіраваныя не на тое, каб пакараць улады, а каб прымусіць улады змяніць стаўленне да народа, паводзіны. І яны будуць эфектыўнымі, толькі калі будуць рэальнымі, — дадае Павел Латушка. — Санкцыі не будуць мець выніку, калі іх не будзе. А сёння іх няма.

На цяперашні момант Еўрасаюз увёў тры пакеты санкцый супраць беларускіх афіцыйных асоб, адказных за фальсіфікацыю выбараў і гвалт, а таксама супраць бізнесменаў, якіх падазраюць у фінансавым забеспячэнні рэжыму Лукашэнкі. Да абмежаванняў далучыліся многія краіны па-за межамі ЕС. Латушка ўпэўнены, што чацвёрты пакет санкцый будзе прыняты неўзабаве.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: