Лаўроў параіў журналістам не цікавіцца адкліканнем Бабіча

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў у інтэрв'ю РБК пракаментаваў адкліканне амбасадара Міхаіла Бабіча з Беларусі. 
Фота: Станіслаў Коршунаў, TUT.BY

Фота: Станіслаў Коршунаў, TUT.BY

— Рашэнне аб прызначэнні амбасадараў прымае прэзідэнт, зыходзячы з сукупнасці фактараў, якія тычацца задач прасоўвання нашых адносін з адпаведнай краінай, і зыходзячы з сітуацый, якія складваюцца ў таго ці іншага чалавека, які працуе на пасадзе амбасадара. Ва ўсіх бываюць нейкія асабістыя абставіны. На месцы журналістаў я б не стаў вельмі моцна гэтым цікавіцца, — адказаў Лаўроў на пытанне пра тое, што здарылася з расійскім амбасадарам Міхаілам Бабічам.

Міністр заклікаў не прыпадабняцца некаторым Telegram-каналам, якія «пісалі нейкую бязглуздзіцу на гэтую тэму». На яго думку, камусьці захацелася з гэтага зладзіць скандал, але не атрымалася.

Нагадаем, 30 красавіка Уладзімір Пуцін адклікаў Міхаіла Бабіча з пасады амбасадара Расіі ў Мінску і прызначыў экс-губернатара, сенатара Дзмітрыя Мезенцава новым амбасадарам у нашай краіне.

За дзевяць месяцаў працы ў Мінску Міхаіл Бабіч некалькі разоў уступаў у завочную жорсткую сварку з беларускім МЗС. Падчас апошняй беларускі МЗС заявіў, што «разбурыць нашы адносіны з Расіяй знешнім сілам не ўдавалася дзесяцігоддзі, Бабіч змог».

TUT.BY

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!