Liberation: У Беларусі «новае грамадства нараджаецца ў суседніх кварталах»

«Буйныя жнівеньскія дэманстрацыі супраць пераабрання Лукашэнкі саступілі месца надзеі на ўнутраную рэвалюцыю: на вуліцах Мінска праходзяць невялікія акцыі, якія выслізгваюць ад паліцыі, а пасіўны супраціў засяродзіўся на выкарыстанні беларускай мовы», — піша ўплывовае французскае выданне Liberation.

Ілюстрацыйнае фота


«(...) 29-гадовы Аляксей ператварыў свой пакой у падпольную майстэрню па вырабе бел-чырвона-белых сцягоў, якія з'яўляюцца сімвалам рэвалюцыі. З верасня гэты праграміст выразаў, шыў і збіраў вынайдзеным ім метадам лёгкія сцяжкі, якія ён вешаў высока на дрэвах або на лініях электраперадач вакол свайго дома, звычайна падчас прагулак», — апавядае спецыяльны карэспандэнт Liberation у Мінску Аня Новак.

«Гэтым разам прагулка ў тры гадзіны ночы, са сцягамі ў кішэнях — гэтага дастаткова, каб цябе арыштавалі і прысудзілі да турэмнага зняволення. “Проста смешна, толькі з-за сцягоў! Але, хто ведае, можа быць, гэта апошняя кропля, якая перапоўніць чару...”. (...) Аляксей абменьваецца інфармацыяй у прыватным чаце жыхароў свайго квартала, якія выкарыстоўваюць Telegram (толькі па запрашэннях, з меркаванняў бяспекі) для арганізацыі амаль штодзённых акцый — разавых і кароткіх, але ў большасці сваёй непрадказальных», — паказвае аўтар артыкула.

«Сустрэча праводзіцца з боку двара, у ёй удзельнічае больш за 50 чалавек. Перад выхадам адбываецца канчатковая праверка размяшчэння паліцэйскіх машын, даецца інфармацыя аб бяспецы (Ігар паказвае будынкі, коды ад дзвярэй якіх ён ведае, каб схавацца там, Аляксей вызначае планы ўцёкаў), затым разгортваюцца сцягі, маскі, пасля чаго пратэстоўцы сыходзяць. На вуліцы дэманстранты крычаць: «Жыве Беларусь!» Суседзі адказваюць і далучаюцца да выкрыкаў са сваіх балконаў, машыны сігналяць. Паліцыянты нічога не робяць — натоўп занадта вялікі (ад 50 да 70 чалавек), выклікаць падмацаванне таксама няма калі: максімум праз паўгадзіны дэманстранты разыходзяцца — такая перавага жыхароў квартала. Затым яны сустракаюцца бліжэй да вечара, каб пагуляць у настольныя гульні, абмеркаваць палітыку. І пераканацца ў тым, што іх відэа размясціў Nexta», — піша Libération.

«(...) Беларускае грамадства стала вельмі актыўным, — тлумачыць Вінцук Вячорка, філолаг, гістарычны праціўнік рэжыму і былы лідар партыі «Беларускі Народны Фронт». — Людзі прагнуць палітыкі, дыскусій і ўсё больш і больш цікавяцца бягучымі падзеямі. Хоць савецкаму рэжыму ўдалося разбурыць само пачуццё прыналежнасці да роднага кварталу, сёння мы зноў знаходзім якаснае грамадства».


«23-гадовы інжынер Міша, змацуючы сэрца, прыбраў бел-чырвона-белы сцяг са свайго акна. Ён больш не ўдзельнічае ў маршах, “таму што больш няма сэнсу, мы ўжо ведаем, што мы ў большасці супраць Лукашэнкі”. Яго рэвалюцыя ўнутраная: той, хто заўсёды марыў пакінуць гэтую краіну — “усё роўна, куды з’ехаць, абы гэта была не Беларусь”, — цяпер вырашыў застацца і будаваць яе будучыню. З гэтага лета ён зацікавіўся беларускай мовай — такая ж тэндэнцыя закранула яго сям’ю. (...) Аляксей больш не хоча чытаць па-руску — ні вялікіх класікаў, ні нават Святлану Алексіевіч, беларуску, якая піша па-руску, але з’яўляецца членам Каардынацыйнай рады (органа, адказнага за арганізацыю новых выбараў) і Нобелеўскім лаўрэатам па літаратуры 2015 года», — зазначае аўтарка рэпартажу.

«Вінцук Вячорка радуецца новай і нечаканай цікавасці да беларускай мовы, якую ён адстойваў на працягу дзесяцігоддзяў і якая да гэтага часу лічылася прэрагатывай інтэлектуальнай эліты: “З жніўня па сённяшні дзень доля паведамленняў на беларускай мове ў чаце Telegram павялічылася з 1% да 25%. Суседзі просяць мяне даць урокі мовы, арганізуюць курсы! Яна стала, бадай, нават больш, чым бел-чырвона-белы сцяг, знакам даверу і прыналежнасці да апазіцыі, што не патрабуе далейшай праверкі”. Доступ у прыватныя чаты адрозніваецца ў залежнасці ад кварталаў — мэта ў тым, каб прадухіліць пранікненне ў іх паліцыі. Адміністрацыя вельмі рызыкуе: на днях быў затрыманы стваральнік і адміністратар Telegram-канала «Сухарава News» і Telegram-чата «Сухарава-97», - гаворыцца ў артыкуле.

«Ці патрэбныя яшчэ дэманстрацыі? — задумваецца Арцём Шрайбман, палітычны аналітык, які спецыялізуецца на ўнутранай і знешняй палітыцы Беларусі, запрошаны эксперт Маскоўскага цэнтра Карнегі. — Я не думаю, што Лукашэнка зможа доўга заставацца ва ўладзе, яго пазіцыя незаможная і занадта слабая. Яму даводзіцца сутыкацца з моцным унутраным і вонкавым ціскам, які не памяншаецца. Ён у паніцы нарабіў шмат памылак, занадта залежны ад расійскіх грошай, і беларусы не забудуць рэпрэсіі і катаванні. Ён загнаны ў кут, магчыма, ён не пратрымаецца і года. І дэманстрацыі адновяцца пры найменшай іскры».

«(...) Памылка рэжыму складаецца ў тым, што ён засяродзіўся на дапамозе звонку, асабліва ў сваёй прапагандзе, у той час як новае грамадства нараджаецца ў суседніх кварталах. Дапамога эмігрантаў важная, але нельга забываць, што ў Беларусі, — і гэта савецкая спадчына, — існуе пэўны недавер да ссыльных, якія рызыкуюць быць забытымі на працягу шасці месяцаў або аднаго года», — лічыць Вінцук Вячорка.

«(...) Прычын для радасці ў апошнія тыдні стала менш, за адным выключэннем: у панядзелак Міжнародная федэрацыя хакея з шайбай адмяніла арганізацыю чэмпіянату свету ў Мінску, пасля некалькіх месяцаў адкладвання і цёплых абдымкаў паміж кіраўніком Федэрацыі Рэнэ Фазэлем і Аляксандрам Лукашэнкам, пра якія так шмат гаварылі. Гэта цяжкі ўдар для дыктатара, ад планаў якога ў дачыненні да апазіцыянераў валасы ўстаюць дыбкі, — паказвае журналістка. — Урывак з восеньскай прамовы, якая прыпісваецца намесніку міністра ўнутраных спраў Мікалаю Карпянкову, апублікаваны на мінулым тыдні ў Інтэрнэце ініцыятывай BYPOL (ініцыятыва, якая аб’ядноўвае супрацоўнікаў сіл бяспекі, якія далучыліся да апазіцыі), падрабязна апісвае жаданне ўладаў стварыць для апазіцыянераў працоўны лагер, акружаны калючым дротам, і “там іх трымаць, пакуль усё не супакоіцца”».


«(...) Але для Аляксея і гаворкі не магло быць пра тое, каб адмовіцца ад сваіх пратэстных сцягоў нават пры мінус 20 градусах. Першы кідок не атрымаўся, палотнішча заблыталася ў галінах, робячы ўражанне змятай рэвалюцыі, — апісвае Аня Новак. — “Нічога страшнага, — усміхаецца Аляксей, — усё астатняе даробіць вецер”».

Паводле inopressa.ru, пераклад НЧ



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: