Літоўскае МЗС: абвінавачанні Мінска на адрас Літвы — спробы апраўдаць уласныя дзеянні

Пасля заявы Мінска аб тым, што ён нібыта валодае данымі аб «генацыдзе беларусаў» з боку батальёна СС, які дзейнічаў у Літве, Міністэрства замежных спраў Літвы заявіла, што гэта «марныя спробы» сказіць гісторыю з мэтай апраўдаць уласныя рашэнні, прынятыя ў таталітарным духу.
«Апошнім часам заявы прадстаўнікоў беларускага рэжыму ўжо не здзіўляюць. Вартая жалю спроба сказіць і палітызаваць балючыя пытанні гісторыі, як і заява аб спробе арганізаваць перавароты і да таго падобнае, хочуць адцягнуць увагу ад парушэнняў правоў чалавека ў гэтыя дні ў Беларусі, пазбегнуць адказнасці за пагаршэнне двухбаковых літоўска-беларускіх адносін, апраўдаць уласныя рашэнні ва ўнутранай палітыцы ў таталітарным духу», — адзначыла ў каментары BNS Міністэрства, піша delfi.lt.

Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед у інтэрв'ю беларускаму дзяржтэлебачанню заявіў, што ўдалося ўстанавіць даныя аб усё яшчэ жывых «нацысцкіх злачынцах», якія ажыццяўлялі злачынствы ў Літве і ў Польшчы.

«У нас ёсць інфармацыя пра ўсё яшчэ жывых нацысцкіх злачынцаў, якія былі ў спісах і ўдзельнічалі ў дзейнасці карных батальёнаў. Перш за ўсё — у літоўскіх батальёнах SS і (у польскай арганізацыі) "Армія Краёва"», — сказаў Швед.

«Цяпер рыхтуюцца адпаведныя матэрыялы і будзе накіравана даручэнне аб аказанні прававой дапамогі ў гэтыя дзяржавы для таго, каб адпаведныя праваахоўныя органы правялі з гэтымі асобамі (а яны яшчэ жывыя, нам вядома іх месца жыхарства) працэсуальныя дзеянні ў рамках крымінальнай справы аб генацыдзе», — растлумачыў Андрэй Швед.

Ён таксама распавёў, што Генпракуратура плануе прадставіць у міжнародныя трыбуналы доказы, каб пачаць працэдуру афіцыйнага прызнання генацыду беларускага народа падчас Другой сусветнай вайны.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: