Літва адклікае для кансультацый амбасадара ў Беларусі

МЗС Літвы ўсё ж такі адклікае свайго амбасадара ў Беларусі для кансультацый, паведамляе tut.by са спасылкай на прэс-службу ведамства.
ТАСС

ТАСС

5 кастрычніка кіраўнік літоўскага МЗС Лінас Лінкявічус правёў перамовы з кіраўніком знешнепалітычнай службы ЕС Жазэпам Барэлем, кіраўнікамі МЗС Польшчы і Германіі Збігневам Рау і Хайка Маас з нагоды патрабавання беларускага боку аб скарачэнні колькасці супрацоўнікаў у пасольствах Літвы і Польшчы ў Беларусі.

«Наша мэта — максімальна захаваць дыпламатычныя кантакты. Мы накіравалі паведамленне пра гэта беларускаму боку, з якім дамовіліся, што часовае адкліканне паслоў для кансультацый паслужыць зніжэнню напружанасці і дапаможа захаваць дыпламатычнае прадстаўніцтва на ўзроўні амбасадараў», — сказаў Лінкявічус.

Паводле яго слоў, такое рашэнне прынята сумесна з польскімі калегамі.

Лінкявічус заявіў: пакуль не ўдалося дасягнуць дамоўленасці не скарачаць дыпламатычны персанал, але калі Беларусь і надалей будзе настойваць, будуць прыняты «адэкватныя люстраныя меры».

МЗС Літвы мае намер працягваць каардынаваць свае дзеянні з Польшчай і іншымі краінамі-членамі ЕС.

Нагадаем, беларускае МЗС 2 кастрычніка запатрабавала ў пасольстваў Польшчы і Літвы ў нашай краіне скараціць колькасць дыпламатаў, якія працуюць у Беларусі. Там таксама паведамілі, што паслы Беларусі ў Польшчы і Літве з 5 кастрычніка адклікаюцца ў Мінск для кансультацый, і прапанавалі Варшаве і Вільні дзейнічаць паводле гэтага прыкладу.

Літва і Польшча тады заявілі, што не маюць намеру адклікаць сваіх амбасадараў у Беларусі для кансультацый.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: