Літва адмаўляецца супрацоўнічаць з Беларуссю з-за БелАЭС

Літва не можа супрацоўнічаць з Беларуссю з-за будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы (АЭС), паколькі так яна прызнала б законнасць станцыі і страціла б магчымасць патрабаваць яе закрыцця.
Пра гэта заявіла прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ.

«Любая згода на ўдзел і стварэнне сумесных інстытутаў будзе азначаць легітымацыю Астравецкай АЭС. Гэта азначала б, што мы звязваем свае рукі, і мы не зможам патрабаваць, каб Беларусь закрыла гэтую электрастанцыю», — сказала Грыбаўскайтэ журналістам у аўторак.

Паводле яе слоў, гэта адносіцца і да прапановы Беларусі дамовіцца аб стварэнні сумеснай сістэмы маніторынгу Астравецкай АЭС.

«Супрацоўніцтва з Беларуссю ў пытанні па Астраўцы азначала б юрыдычнае прызнанне Астравецкай АЭС і звязванне нам рук», — паказала прэзідэнт Літвы. Яна падкрэсліла, што «забяспечыць бяспеку Астравецкай АЭС немагчыма». "Згодна з рашэннем Эспоо, праблема не ў бяспецы электрастанцыі, а ў тым, што абраная для яе будаўніцтва пляцоўка небяспечная. Гэта азначае, што дадзеная электрастанцыя наогул не можа функцыянаваць і такой павінна быць палітычная мэта Літвы», — сказала прэзідэнт Літвы.

Праект БелАЭС, які ажыццяўляецца пры ўдзеле расійскай дзяржкарпарацыі «Расатам», быў запушчаны ў 2009 годзе ў горадзе Астравец ў 50 км ад Вільні. Літва называе будаўніцтва станцыі небяспечнай і сцвярджае, што Мінск не схільны прытрымлівацца міжнародных патрабаванняў у сферы ядзернай энергетыкі. Літоўскі парламент абвясціў БелАЭС пагрозай нацыянальнай бяспецы. У Вільні заявілі, што не прапусцяць у іншыя краіны праз свае сеткі электраэнергію з БелАЭС.

У Беларусі адзначаюць, што прэтэнзіі Літвы ляжаць у палітычнай плоскасці. У Мінску не раз падкрэслівалі, што бяспека АЭС будзе забяспечана ў адпаведнасці з самымі высокімі стандартамі.

У пачатку траўня МЗС Літвы паведаміў аб накіраванні звароту ў Еўракамісію з заклікам распрацаваць план дзеянняў у дачыненні да Беларускай АЭС. У Міністэрстве замежных спраў на пытанне TUT.BY адказалі, што Беларусь неаднаразова заяўляла і пацвярджае намер працягваць супрацоўніцтва з ЕС у гэтай сферы, праводзіць стрэс-тэсты, аднак «найменшае канструктыўнае абмеркаванне тэмы Беларускай АЭС сёння ўспрымаецца ў літоўскім кіраўніцтве як здрада».

Пуск БелАЭС намечаны на канец 2019 года.

Паводле thinktanks.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!