Літва дамагаецца санкцый ЕС супраць Масквы і Мінска з-за будаўніцтва БелАЭС

Сейм Літвы прыняў рэзалюцыю «Аб пагрозе, стваранай Беларускай атамнай электрастанцыяй».
Сойм — аднапалатны парламент Літвы — у аўторак, 5 траўня, заклікаў урад краіны неадкладна прыняць меры, каб не дапусціць траплення электраэнергіі з Беларусі на літоўскі рынак. Парламентарыі ўхвалілі рэзалюцыю «Аб энергетычнай незалежнасці і пагрозе, стваранай Беларускай атамнай электрастанцыяй» (БелАЭС), будаўніцтва якой вядзе структура расійскай дзяржкарпарацыі па атамнай энергіі — «Расатама».

У падтрымку дакумента прагаласавалі 82 дэпутата, 4 устрымаліся. Акрамя таго, Сейм запатрабаваў ад ЕС увесці юрыдычна абавязваючыя меры ў дачыненні да Масквы і Мінска. У прынятай рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да Еўрапейскага Саюзу «прыняць юрыдычна абавязваючае рашэнне ў дачыненні да пагрозы, якую ўяўляе для насельніцтва ЕС Астравецкая АЭС, і прыняць адпаведныя меры ў дачыненні да Беларусі і Расіі».

Абмежаваць пастаўкі электраэнергіі з Беларусі ў Літву

Ініцыятары дакумента — 17 дэпутатаў — прапанавалі ўраду скарыстацца тэхнічнымі мерамі, якія яшчэ да ўвядзення БелАЭС ў строй абмежавалі б пастаўкі электраэнергіі з Беларусі ў Літву. Літоўскія парламентарыі рэкамендавалі ўладам «дамагацца ўвядзення санкцый» ад саюзнікаў Літвы, у прыватнасці, супраць кампаніі-будаўніка Астравецкай АЭС.

«Рэзалюцыя Сейма заклікае ўрад выкарыстаць усе палітычныя і дыпламатычныя сродкі для атрымання падтрымкі Еўрапейскага Саюза, краін-членаў ЕС і НАТА, Украіны, іншых краін рэгіёну і ўсёй міжнароднай супольнасці ў ліквідацыі пагрозы, якая ствараецца Астравецкай АЭС», — падкрэсліваецца далей у дакуменце.

Беларуская АЭС узводзіцца ў 50 кіламетрах ад сталіцы Літвы Вільнюса па расійскім праекце «ВВЭР-1200». АЭС будзе складацца з двух энергаблокаў. Пуск першага першапачаткова быў запланаваны на канец 2019 года, другога — на 2020 год. Генпадрадчыкам будаўніцтва АЭС з’яўляецца «Атамбудэкспарт» (структура «Расатама»). Будаўніцтва вядзецца ў партнёрстве з МАГАТЭ і Еўрапейскай групай па рэгуляванні ядзернай бяспекі (ENSREG).

Паводле dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: