Літва накіравала Беларусі ноту пратэсту ў сувязі з загрузкай паліва на БелАЭС

Міністэрства замежных справаў Літвы 7 жніўня накіравала ў амбасаду Беларусі ноту пратэсту ў сувязі з пачаткам загрузкі ядзернага паліва на Беларускую АЭС, паведамляе «Свабода».

БелАЭС. Фота Славаміра Адамовіча

БелАЭС. Фота Славаміра Адамовіча

У ноце сцвярджаецца, што «дзеянні Беларусі ў рэалізацыі праекту АЭС парушаюць прынцыпы адкрытасці, празрыстасці і добрасуседства, а дзейнасць АЭС побач з літоўскай сталіцай Вільняй стварае непасрэдную пагрозу нацыянальнай бяспецы, навакольнаму асяроддзю і насельніцтву Літвы праз нявырашаныя праблемы ядзернай бяспекі».

Літва заклікае прыпыніць запуск атамнай электрастанцыі ў Астраўцы да выканання рэкамендацыяў па стрэс-тэставанні ад Еўрасаюза, а таксама ў поўнай меры супрацоўнічаць з Еўрапейскай групай рэгулятараў ядзернай бяспекі, Еўрапейскай камісіяй і іншымі міжнароднымі арганізацыямі.

Міністэрства згадвае, што 6 жніўня міністр замежных справаў Лінас Лінкявічус інфармаваў вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза ў замежных справах і палітыцы бяспекі аб будучым запуску БелАЭС і падкрэсліваў, што Літва чакае актыўнага ўдзелу інстытуцыяў Еўрасаюза. Таксама пытанне БелАЭС сярод іншых Лінкявічус абмеркаваў з міністрам замежных справаў суседняй Польшчы.

www.svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: