Літва збіраецца пабудаваць плот уздоўж мяжы з Беларуссю

МУС Літвы абмяркоўвае пытанне ўстаноўкі плота на мяжы з Беларуссю.
Фота з сайта www.racyja.com

Фота з сайта www.racyja.com

МУС Літвы і іншыя ведамствы краіны абмяркоўваюць пытанне ўзвядзення плота на мяжы з Беларуссю. Прычынай стала значнае павелічэнне маштабаў нелегальнай міграцыі. Пра гэта распавяла міністарка ўнутраных спраў Агне Білатайтэ, паведамляе  www.delfi.lt.

Агне Білатайтэ адзначыла, што наконт гэтага пытання праводзяць даследаванне. Пабудова плоту будзе каштаваць 15 мільёнаў еўра, а можа, і больш. «Мы абмяркоўваем гэтае пытанне, праводзім даследаванне магчымасці ўстаноўкі фізічнага плота. І каштаваць ён будзе, мабыць, 15 мільёнаў», — сказала міністарка ў выступленні на тэлебачанні ў перадачы «Тэма дня».

Цяпер разглядаюць розныя варыянты: плот можа быць і адзіночным, і падвойным, з калючым дротам або сігналізацыяй. Працягласць літоўска-беларускай мяжы — 678,8 кіламетраў, хоць з-за прыроднага рэльефу плот нельга ўсталяваць уздоўж усёй мяжы. Зараз плот усталяваны толькі на 78 кіламетрах мяжы з Беларуссю. Яшчэ каля 92,5 кіламетра мяжы — гэта разнастайныя вадаёмы, дзе плот усталяваць не атрымаецца, таму яго могуць узвесці на ўчастку ў яшчэ 508 кіламетраў.

Адзін кіламетр плота, паводле папярэдніх ацэнак, будзе каштаваць каля 30 000 еўра. «Калі ўлічыць рост коштаў на будматэрыялы, то кошт плота можа быць яшчэ вышэйшы», — адзначылі ў МУС Літвы. Да таго ж, уздоўж плота трэба інтэграваць відэакамеры, датчыкі ды іншае. Іх ўстаноўка на 1 км мяжы абыдзецца ў 130 000 еўра.

Паводле звестак памежнікаў, сёлета беларуска-літоўскую мяжу нелегальна перайшлі амаль 400 мігрантаў, у асноўным гэта грамадзяне Ірака. Гэта ў 5 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: