Літву «здзіўляюць і засмучаюць» дзеянні Беларусі

Літву «здзіўляюць і засмучаюць» дзеянні Беларусі ў сувязі з будаўніцтвам АЭС у Астраўцы, заявіў міністр замежных спраў гэтай краіны Лінас Лінкявічус, каментуючы праведзеныя 17 жніўня ў Астраўцы грамадскія слуханні пра бяспеку будучай станцыі.



«Узнікае пытанне: калі ўсё ідзе бяспечна і роўна, чаму яны не выконваюць патрабаванні Канвенцыі Эспаа? Канвенцыя Эспаа — прызнаны ў міжнародным маштабе дакумент, менавіта ён вызначае пытанні ядзернай бяспекі, звязаныя з гэтым пытанні, асабліва калі гаворка ідзе пра суседнія краіны», — цытуе Лінкявічуса інфармагенцтва BNS.
 
 
Кіраўнік МЗС у чарговы раз падкрэсліў, што публічныя слуханні немагчымыя, пакуль Беларусь не прадставіла адказы на зададзеныя Літвой пытанні. «Можна выказаць меркаванне, што, магчыма, гэтых адказаў няма, таму выкарыстоўваюцца такія канцэртныя спосабы дыялогу. Нам не патрэбнае шоу, нам трэба, каб паслядоўна выконваліся патрабаванні Канвенцыі Эспаа, як належыць», — заявіў Лінкявічус.
 
 
Беларускія ўлады, паводле яго слоў, дагэтуль не растлумачылі, чаму для будаўніцтва АЭС абралі менавіта Астравецкую пляцоўку, што за 50 км ад Вільнюса.
 
 
Няма адказу і на пытанне, чаму Беларусь не праводзіць сейсмічныя выпрабаванні, улічваючы, што ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў у гэтым месцы былі зафіксаваныя моцныя землетрасенні.
 
 
Літва таксама сцвярджае, што ўсё яшчэ чакае адказу на пытанне, як будуць праводзіцца работы па ахаладжэнні рэактара. Астуджаць станцыю мяркуецца вадой ракі Нерыс (Вілія ў Беларусі), хоць сама пляцоўка станцыі знаходзіцца вышэй за раку і аддаленая ад яе на 10 км — гэта павышае верагоднасць магчымых збояў у працы ахаладжальнай сістэмы.
 
 
«Спецыялісты павінны даць вельмі дакладныя адказы. Пасля іх атрымання можна праводзіць публічныя слуханні, а не наадварот», — падкрэсліў кіраўнік МЗС Літвы. Ён таксама дадаў: самая вялікая бяда ў тым, што АЭС пачалі будаваць да завяршэння даследавання ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.
 
 
«Яны цяпер угразлі ў гэтай сітуацыі і, мабыць, шукаюць нейкія выхады. Кампрамісаў тут быць ніяк не можа, я хачу вельмі рашуча сказаць. Гэта не так сабе аб’ект, гэта ядзерны аб’ект. Гэты праект існуе толькі на чарцяжах, як кажуць спецыялісты, толькі ў праектах, ён нідзе не быў рэалізаваны. Таму не можа быць ніякіх кампрамісаў адносна даследавання ўздзеяння на навакольнае асяроддзе», — сказаў Лінкявічус.
 
 
Cлуханні ў Астраўцы праводзіліся па ініцыятыве беларускага боку насуперак пазіцыі афіцыйнага Вільнюса. Беларускія чыноўнікі азнаёмілі прадстаўнікоў літоўскай грамадскасці з трыма дакладамі на тэму бяспекі будучай АЭС для насельніцтва і навакольнага асяроддзя Беларусі і краін-суседзяў. Актыўнай дыскусіі па дакладах і справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе не адбылося.
 
 
Беларускі бок, нагадаем, не прымае прэтэнзіі Літвы і сцвярджае, што падаў літоўскім спецыялістам вычарпальныя адказы на ўсе пытанні, якія датычацца ўзвядзення АЭС.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: