Лябедзька заклікае пікетаваць Вярхоўны суд, каб міліцыянты не білі людзей

Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заклікае неабыякавых людзей узяць удзел у акцыі пратэсту супраць гвалту супрацоўнікаў міліцыі над грамадзянамі.



Анатоль Лябедзька праводзіць акцыю салідарнасці з прадпрымальнікамі. Мінск, 18 студзеня 2016 года


Падставай для гэтага сталася збіццё супрацоўнікамі міліцыі дваіх грамадскіх актывістаў і журналіста ў судзе Фрунзенскага раёну Мінску падчас судовага працэсу ў справе графіці.

Напярэдадні акцыі Анатоль Лябедзька паведаміў Свабодзе пра яе матывы і мэты, а таксама пра тое, хто можа да яе прычыніцца:

«Я не падзяляю магчымых удзельнікаў: журналіст, не журналіст. Гэтаксама як, да прыкладу, быць салідарным з індывідуальнымі прадпрымальнікамі — не значыць быць гэтым індывідуальным прадпрымальнікам. Тут прынцып такі, што — або ёсць грамадзянская пазіцыя, або яе няма. Таму спадзяюся, што на пікеце буду не адзін, а калі так, то прыйду і буду чакаць другога.

Гэтым пікетам я стаўлю на мэце дзве задачы: па-першае, прыцягнуць увагу да праблемы. Гэтае здарэнне са збіццём сталася грамадска-рэзанансным таму, што быў збіты журналіст — публічная асоба. А ў штодзённым жыцці — гэта практыка, гэта сістэма працы ў сілавых структурах. Яна закранае агромністую колькасць людзей, і я хачу прыцягнуць увагу да гэтай праблемы. А па-другое — трэба супрацьстаяць гэтай практыцы і гэтай сістэме. Я і сам неаднойчы трапляў у такія сітуацыі. Гэта не мая персанальная крыўда, але я ведаю, што гэта такое і што перажываюць людзі, трапіўшы ў такую сітуацыю. Нават калі ты публічная персона і з табой так абыходзяцца, то што адбываецца з простымі, звычайнымі людзьмі, якія трапляюць пад гэты каток! Гэта наагул страшна. Таму прапаную ўсім, хто яшчэ не прызвычаіўся, што гэта нармальна — быць бітым і прыніжаным, выйсці ў суботу, 30 студзеня, у 11:00 да будынку Вярхоўнага Суду. Мой прынцып такі: сказаў — зрабіў».

Старшыня грамадскай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэй Бастунец паведаміў "Радыё Свабода", што незалежная журналісцкая арганізацыя не прымала рашэння адносна ўдзелу альбо няўдзелу ў акцыі пратэсту. Тым часам журналісты распрацавалі адмысловыя звароты ў МУС і ГУУС Мінгарвыканкаму, а таксама ў Вярхоўны суд з патрабаваннямі расследаваць справу збіцця журналіста і грамадскіх актывістаў і прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Калегі збітага журналіста таксама збіраюць подпісы пад аналагічнымі заявамі на адрас Міністэрства інфармацыі і да генеральнага пракурора Беларусі.

www.svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: