Леў Марголін: Крэмль можа націснуць на беларускія ўлады…

Афіцыйны Мінск паабяцаў Украіне дапамагчы нафтапрадуктамі, што выклікала нервовую рэакцыю ў Маскве. 



Леў Марголін


Эканаміст Леў Марголін адзначае, што “на такі крок беларускія улады ідуць з-за цяжкага эканамічнага становішча”.

Беларускія ўлады паабяцалі Кіеву дапамагчы нафтапрадуктамі. Трэба адзначыць, што больш паловы імпарту нафтапрадуктаў Украіны прыпадае на пастаўкі менавіта з Беларусі.

У сваю чаргу сябра камітэта Дзярждумы Расіі па справах СНД і еўразійскай інтэграцыі Раман Худзякоў прапанаваў прыпыніць пастаўкі нафты ў Беларусь.

— У абяцаннях Мінска Кіеву трэба менш шукаць палітыкі і больш глядзець на эканамічныя чыннікі, бо нафтапрадукты — гэта асноўны прадмет беларускага экспарту ва Украіну, — кажа Леў Марголін. Таму любая магчымасць павялічыць яго ці захаваць у старых аб’ёмах — вельмі важная справа для беларускага бюджэту. А, калі ўлічваць, што ўлады збіраюцца падняць падатак на дабаўленую вартасць, можна зрабіць выснову, што эканамічная сітуацыя дастаткова складаная. Пра гэта сведчаць і тыя меры, якія накіраваны на абмежаванні імпарту. Адным словам, заявы наконт дапамогі нафтапрадуктамі — цалкам эканамічнае рашэнне, якое, натуральна, не падабаецца Расіі. Крэмль насамрэч можа прапанаваць нейкія санкцыі ў адносінах да Беларусі ці націснуць на беларускія ўлады іншых шляхам, каб тыя адмовіліся ад такіх паставак.

— А можа гэта такая прыхаваная просьба да Расіі даць яшчэ грошай?

Так. Калі Расія будзе ціснуць, то адказ напэўна ж будзе такім: маўляў, калі вы не хочаце, каб мы давалі нафтапрадукты Украіне, то дайце яшчэ больш грошай нам.

— Альбо адмяніце нафтавую мыту…

Гэта таксама варыянт, бо яе, па некаторай інфармацыі, толькі з будучага года плануюць зменшыць удвая. Хоць такі расклад, безумоўна, б’е па расійскаму бюджэту.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: