Лукашэнка: дамова пра ЕАЭС не тая, але мы ніколі не былі жлаб’ём

Дамова аб Еўразійскім эканамічным саюзе з’яўляецца нейкім кампрамісам і не той дамовай, на якую разлічвала Беларусь і пра якую першапачаткова заяўлялі партнёры. Пра гэта заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка на нарадзе, праведзенай напярэдадні візіту ў Казахстан для ўдзелу ў пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў.



Праца па Дамове аб Еўразійскім эканамічным саюзе выйшла на фінішную прамую, і 29 мая ў сталіцы Казахстане Астане, як і дамаўляліся тры прэзідэнты, павінна адбыцца падпісанне гэтага дакумента. «Нашы пазіцыі былі першапачаткова яснымі і зразумелымі. Нас, праўда, у апошні час адкрытыкоўваюць і нават жорстка крытыкуюць, асабліва расійскія сродкі масавай інфармацыі, што Лукашэнка выгандлёўвае нешта, хоча даражэй прадаць свой подпіс. У сувязі з гэтым мы абсалютна сумленна і шчыра заяўлялі, што гэтак жа, як і Расія, і Казахстан, мы пойдзем туды, дзе выгадна нашай краіне, — інтарэсы перш за ўсё», — цытуе Лукашэнку БелТА.

«Але мы ніколі не былі жлаб’ём, мы ніколі не патрабавалі ад сваіх партнёраў і суседзяў больш таго, чым аддавалі ў агульную скарбонку. У выніку дамова, якую мы можам падпісаць, з’яўляецца нейкім кампрамісам. На жаль, гэта не тая дамова, на якую разлічвала Беларусь, і не тая, пра якую першапачаткова заяўлялі нашы партнёры, перш за ўсё Расійская Федэрацыя», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Калі мы гаворым аб эканамічным саюзе, аб паўнавартасным мытным саюзе — мы нікога за язык не цягнулі. Было прапанавана, каб гэтая дамова была без выключэнняў і ўсялякіх абмежаванняў. Гэта фактычна адна краіна з пункту гледжання эканомікі, правілы функцыянавання эканомік трох дзяржаў абсалютна аднолькавыя і знаходзяцца ў адзіным прававым полі. Гэта была заява Расіі, якую перш за ўсё падтрымаў Казахстан, — адзначыў Лукашэнка. — Мы разумелі, што ў іх эканомікі некалькі іншыя, чым у нас, і нават не некалькі, а істотна, у іх сыравінныя эканомікі, у іх нафта, газ і іншае, нам няпроста будзе ў гэтых умовах працаваць без выключэнняў і абмежаванняў, але тым не менш мы заявілі: так, мы згодныя, мы на гэта пойдзем».

«Прайшлі гады. Час прайшоў. Нешта там палічылі, слёзы. Аказваецца, не могуць без выключэнняў і абмежаванняў, і вывелі некаторыя пытанні фарміравання рынкаў нафты, газу, лекаў, іншых напрамкаў на двухбаковую аснову. Ну што ж, двухбаковая, так двухбаковая», — узгадаў беларускі кіраўнік. Ён звярнуў увагу, што з Казахстанам істотных праблем у двухбаковых адносінах няма. Што тычыцца Расіі, то Беларусі трэба было дамовіцца па нафтавым пытанні. «Па газе ў нас існуюць дамоўленасці, аналагічна можна было выбудаваць па нафце, у тым ліку па аб’ёмах паставак, аб пералічэнні мытных пошлін па нафтапрадуктах, якія мы ў бюджэт Расіі пасля перапрацоўкі іх нафты пералічваем да $4 млрд. Мы таксама паставілі гэтае пытанне: калі мы гаворым аб паўнавартасным эканамічным саюзе, якія могуць быць да нас прэтэнзіі? Мы купілі тавар, перапрацавалі яго, прадалі — гэта нашы даходы. Нам кажуць, што гэта спецыфічны тавар, таму пакуль будзем рабіць так. А мы паставілі вельмі сур’ёзна гэтае пытанне. І не таму, што мы хочам нешта выгандляваць, хоць і гэта, напэўна, было б натуральна, а таму што Расія перш за ўсё прапанавала перанесці гэтае пытанне на двухбаковыя адносіны. Таму мы і пачалі гэтыя перамовы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што многае ўдалося вырашыць, у тым ліку па пералічэнні мытных пошлін. «У будучым годзе $1,5 млрд застаецца ў беларускім бюджэце. Гэтае пытанне адкрытае, і мы цвёрда дамовіліся з прэзідэнтам Расіі, што мы будзем здымаць гэтае пытанне, каб гэтыя грошы заставаліся ў бюджэце Беларусі і тады мы ні да каго не будзем хадзіць з працягнутай рукой і прасіць ўраўнаважыць нам плацежныя балансы», — адзначыў Лукашэнка. Ён нагадаў, што дасягнута дамоўленасць па аўтамабілях, па аўтаперавозках, па квотах на нафту, што Беларусь будзе атрымліваць не менш за 23 млн тон у год. «А калі трэба — і больш, калі раптам мы захочам пабудаваць новы нафтаперапрацоўчы завод», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка пацікавіўся ў прысутных на нарадзе, якія яшчэ пытанні застаюцца няўзгодненымі: «Маё галоўнае пытанне да ўсіх прысутных: што засталося ў недамоўленасцях, пра што мы не дамовіліся, якія пытанні я яшчэ павінен паставіць перад прэзідэнтамі, з якімі мне заўтра неабходна будзе весці гэтыя складаныя перамовы, перш чым падпісаць дамову, якія засталіся пытанні?».

«Гэта вельмі сур’ёзна. Я хачу, каб урад і ўсе прысутныя тут разумелі: калі мы падпісваем гэты дагавор, мы павінны потым будзем прытрымлівацца духу і літары гэтага дагавора», — падкрэсліў Лукашэнка.

«Вы прапануеце прыняць нейкую заяву да гэтай дамовы. Калі гэта так, то напішыце яе на мове, зразумелай для ўсіх, без эквілібрыстыкі. Мы нешта там будзем улічваць... І улічвайце, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Трэба выразна даць зразумець нашым партнёрам: калі нас задавальняюць нашы дамоўленасці на двухбаковай аснове, а гэта як дадатак да гэтай дамовы, задавальняюць яны нас у 2014 і 2015-м — дзякуй, добра, мы працуем як партнёры. Калі мы не дасягаем пагадненняў у будучыя гады, можа быць, не мы будзем, хтосьці за намі прыйдзе ва ўладу Беларусі, але мы павінны дакладна вызначыць і запісаць, калі мы не дасягаем двухбаковых дамоўленасцяў — тады які эканамічны саюз? І гэта павінна быць дакладна і адназначна прапісана, каб нас потым не папракалі, каб нам не прад’яўлялі прэтэнзій, што вы разумееце гэта так, а мы вось разумеем гэтак».

Лукашэнка папрасіў далажыць яму аб канчатковых выніках перамоваў беларускага боку з расійскім і казахстанскім па стане на раніцу 28 мая па пытаннях падпісання Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: