Лукашэнка адмовіўся ад замежнага пасярэдніцтва для ўрэгулявання сітуацыі ў краіне

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не будзе весці дыялог з удзелам замежных пасярэднікаў для ўрэгулявання сітуацыі ў краіне.
«За мяжой Беларусі прапануюць нейкае пасярэдніцтва, ствараюць для краіны замежны ўрад. Слухайце, у нас ёсць нармальны ўрад, створаны па Канстытуцыі. Нам не патрэбныя ніякія замежныя ўрады, ніякія пасярэднікі. Мне здаецца, што, не крыўдзячы кіраўніцтва гэтых рэспублік, я хачу сказаць : вы ў сябе парадак навядзіце», — сказаў Лукашэнка на нарадзе ў Цэнтры стратэгічнага кіравання ў Міністэрстве абароны Беларусі ў суботу.

Яго цытуе дзяржагенства БелТА.

«Ніякі ўрад ні за мяжой, дзе б там ні было, нам не трэба, і кіраваць краінай не будзе ніколі. Няўжо гісторыю не вывучалі?» — падкрэсліў Лукашэнка.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, ён сказаў, што «сітуацыю мы ўтрымаем».

«Вы не горш за мяне ведаеце, што адбываецца ў краіне. Паціху пачынаюць або працягваюць разгойдваць абстаноўку, наша грамадства. Дабраліся да працоўных калектываў. Я ўжо шмат разоў казаў пра гэта. Проста хачу ў чарговы раз сказаць, што з гэтага нічога не атрымаецца. Краіну мы нікому не аддамо. Сітуацыю мы ўтрымаем», — мяркуе Лукашэнка.

Пры гэтым, паводле яго слоў, «я не хачу сказаць, што ёсць месца для нейкай дабрадушнасці, заспакоенасці. Не, мы ніколі не супакойваліся». «Вы ведаеце, жыццё наша такое і лёс, што мы, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, заўсёды павінны быць гатовымі своечасова адказаць на любыя выклікі», — заявіў Лукашэнка.

interfax.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: