Новыя адстаўкі ва ўрадзе

Аляксандр Лукашэнка 27 сакавіка сваімі ўказамі вызваліў ад пасады намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Русага і ад пасады міністра сельскай гаспадарскі і харчавання Леаніда Зайца.

Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Таксама вызвалены ад пасады старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Даманеўскі. На памочніка кіраўніка краіны — інспектара па Магілёўскай вобласці Генадзя Лаўрэнкава ўскладзена выкананне абавязкаў старшыні Шклоўскага раённага выканаўчага камітэта.

26 сакавіка, пад час наведвання малочна-таварнага комплексу “Сліжы” Адкрытага акцыянернага таварыства “Амкадор-Шклоў”, якое ўваходзіць у аграхолдынг “Купалаўскае”, не задаволены ўбачаным Лукашэнка заявіў, што прыспеў час прымаць новыя рашэнні: “Мы без тых 20-25% слабых гаспадарак, якія ў нас яшчэ ёсць, цалкам можам абысціся ў плане вытворчасці прадукцыі. Але там жывуць нашы людзі, там жа ёсць ворава, зямля, якую трэба апрацоўваць. Таму мы не кідаем гэтыя гаспадаркі, вёскі і людзей, а ўздымаем іх”.

Угледзеўшы, што адбываецца ў стайнях, правадыр не стрымліваў эмоцый: “Калі чалавек не разумее, што гэта Асвенцым, а вы яго ставіце кіраўніком холдынгу, я вас зусім не разумею”. 

Лукашэнка запатрабаваў зняць з пасадаў усіх, хто вінаваты ў тых умовах, якія склаліся ў памянёнай гаспадарцы, ды завесці крымінальныя справы. “Каб на стале ляжаў спіс усіх, хто мяне тут суправаджаў. Апроч губернатара і іншых, тут былі яшчэ канкрэтныя асобы, якія мусілі за гэта адказваць. Завесці крымінальныя справы згодна ўсёй жорсткасці закона. Вінаваты — кайданкі і адразу ў следчы ізалятар”, — грымеў Лукашэнка. 
Па факце злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі на кіраўніцтва ААТ «Амкадор-Шклоў» і ТАА «Купалаўскае» 27 сакавіка была заведзена крымінальная справа

Радыё Свабода ўзгадвае, чым былі адметныя пазбаўленыя пасад Міхаіл Русы і Леанід Заяц.

Кіраўнік Аграрнай партыі, былы міністр сельскай гаспадаркі і былы дэпутат Міхаіл Русы нарадзіўся ў вёсцы Вароніна Гомельскай вобласці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, працаваў аграномам, старшынём калгасу, намеснікам старшыні Кармянскага райвыканкаму.

У 1991–1994 годзе Міхаіл Русы адказваў за зямельную рэформу. У выніку рэформы Беларусь не пабачыла рэзкіх зменаў. У 1994 годзе Русы ўжо атрымаў пасаду міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У 2001 годзе ён заняў пост міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, але ўжо праз два гады Лукашэнка адправіў яго ў адстаўку з фармулёўкай «за невыкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы аб забеспячэнні поўнай і своечасовай выплаты заработнай платы».

У 2008 годзе Міхаіл Русы стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад Жыткавічаў. А ўжо ў 2012 годзе ён змог вярнуцца ва ўладную вертыкаль і адразу стаў намеснікам прэм’ер-міністра пры Міхаілу Мясніковічу, паспеў папрацаваць ва ўрадзе пад кіраўніцтвам траіх прэм’ераў: Міхаіла Мясніковіча, Андрэя Кабякова і Сяргея Румаса.

Ураджэнец Мінскай вобласці Леанід Заяц працаваў трактарыстам, брыгадзірам, галоўным аграномам. З 1991 году стаў кіраўніком калгасу «Беларусь». Ужо ў 1999 годзе стаў кіраўніком Маладзечанскага райвыканкаму, з 2001-га намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэту.

Чатыры гады Леанід Заяц быў генеральным дырэктарам агракамбінату «Дзяржынскі». Адтуль перайшоў на пасаду міністра сельскай гаспадаркі, якім пабыў амаль 7 гадоў (прызначылі міністрам у жніўні 2012 году).

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: