Лукашэнка: Беларусы не дазволяць сказіць праўду аб вайне

Беларусы ніколі не дазволяць сказіць праўду пра Вялікую Айчынную вайну, адабраць перамогу ў сваіх дзяцей і ўнукаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка пасля цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента на плошчы Перамогі ў Мінску.


"Кажуць, героі не паміраюць, яны з нябёсаў уважліва назіраюць за намі. А героі Вялікай Айчыннай вайны патрабавальна сочаць за тым, як мы захоўваем мір і спакой нашай Айчыны, які яны падарылі нам, нашчадкам пераможцаў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Схіліўшыся перад вашым подзвігам, мы горда і з гонарам заяўляем: мы свята захоўваем памяць аб вашай перамозе, нашай перамозе, мы не дазволілі і ніколі не дазволім сказіць праўду аб гэтай перамозе, фальсіфікаваць і адабраць яе ў нашых дзяцей і ўнукаў, і зробім усё, каб яны жылі ў мірнай і незалежнай краіне".


Лукашэнка падкрэсліў, што за ўвесь перыяд суверэннай гісторыі Беларусі не было разбурана ніводнага помніка. "Мы не дазволілі здзекавацца з памяці герояў войнаў, якія пранесліся па нашай зямлі, мы змагаліся за праўду пра вайну, за праўду пра вас. Нам не сорамна перад вамі, якія глядзяць на нас з нябёсаў, перад ветэранамі Вялікай Айчыннай, што з трывогай назіраюць за вар'ятамі , якія штурхаюць планету да новай сусветнай вайне", — заявіў ён.

"Як і 71 год таму, мы ўпэўненыя: жыццё і справядлівасць перамогуць варварства і смерць. Але для гэтай перамогі патрэбныя воля, мужнасць і ахвярнасць ўсіх людзей і народаў, якія жадаюць жыць у свеце, іх адзінства перад небяспекай", — адзначыў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, менавіта "адзіная сям'я брацкіх рэспублік Савецкага Саюза з'явілася той магутнай сілай, якая знішчыла нацызм і тым самым выратавала чалавечую цывілізацыю ад знішчэння і павальнага рабства". "Мы памятаем, як развітыя краіны Еўропы, якія валодалі магутным ваенным патэнцыялам, адна за адной кідалі зброю і схіляліся ў пакоры перад фашысцкай Германіяй, некаторыя нават без бою. І толькі савецкі народ, які яшчэ не акрыяў ад рэвалюцыйных узрушэнняў, не залячыў як след раны шматгадовай грамадзянскай вайны, не ўпаў духам перад фашысцкай армадай", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў "неацэнны ўнёсак" беларускага народа ў перамогу над фашызмам: на франтах вайны ваявала прыкладна 1,3 млн. беларусаў. "Беларусь першай з савецкіх рэспублік прыняла на сябе жорсткі ўдар агрэсара. Тут упершыню з пачатку Другой сусветнай вайны самаздаволеныя заваёўнікі Еўропы атрымалі сапраўдны адпор, што прывяло да зрыву іх плана маланкавай вайны. Беларусь дорага заплаціла за перамогу. Фашысты ператварылі наш квітнеючы край у жахлівы канвеер смерці, стварыўшы тут прыблізна 260 канцлагераў і 110 гета", — адзначыў Лукашэнка.

Памятаючы ўрокі вайны, Беларусь праводзіць паслядоўную палітыку добрасуседства і міралюбнасці, заявіў кіраўнік дзяржавы. "Для нас дарагія брацкія адносіны з рускімі, украінцамі, мы высока цэнім дружбу і супрацоўніцтва з іншымі нацыямі і дзяржавамі. Мы зробім усё, каб беларуская зямля заўсёды заставалася жыватворным кутком стабільнасці, стварэння і добрай волі. Таму мы клапоцімся пра бяспеку радзімы, пастаянна ўмацоўваючы яе абаронны патэнцыял і адстойваючы мірныя спосабы вырашэння любых праблем на міжнароднай арэне", — падкрэсліў Лукашэнка.

Сёлета галоўнае святочнае мерапрыемства ў Дзень Перамогі праходзіла ў новым фармаце. Замест традыцыйнага шэсця ветэранаў да плошчы Перамогі (у апошнія гады ветэранаў везлі наперадзе калоны ў адкрытых машынах) было арганізаванае шэсце з удзелам гараджан, прадстаўнікоў грамадскіх і маладзёжных арганізацый — у першую чаргу БРСМ, "Белай Русі", Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Ветэраны назіралі за цырымоніяй непасрэдна на плошчы.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!