Лукашэнка спужаўся? Асноўных канкурэнтаў не зарэгістравалі

Канешне, толькі зацятыя аптымісты думалі, што Цэнтарвыбаркам зарэгіструе Віктара Бабарыку кандыдатам у прэзідэнты. Але, гледзячы на рэкордную колькасць подпісаў, сабраных у яго падтрымку, усе мы сталі крышачку аптымістамі. І думалі: «А раптам пракоціць?» Не пракаціла.


Віктар Бабарыка не будзе кандыдатам у прэзідэнты. Адвакаты экс-банкіра сцвярджалі, што з дэкларацыяй аб даходах у прэтэндэнта на прэзідэнта ўсё ў парадку, але ЦВК пабачыў у яго кампаніі прыкметы «замежнай дапамогі».

Гэта вельмі дзіўная «замежная дапамога». Найперш, у дэкларацыі не былі пазначаныя матэрыяльныя сродкі з замежных рахункаў. Камітэт дзяржаўнага кантролю сцвярджае, што «злачынная група» здабывала злачынныя даходы, і незаконная дзейнасць Бабарыкі як «кіраўніка злачыннай групоўкі» «пацвярджаецца» канфіскаванымі матэрыяламі і допытамі падазраваных. Выявілі, што Бабарыка нібыта атрымаў незадэклараваныя 350 тысяч долараў ЗША.

Ярмошына нават пажартавала, што «хабар у падатковай дэкларацыі не пазначаецца».

Дзяржкантроль таксама сцвярджае, што Бабарыка незаконна выкарыстоўваў замежную фінансавую дапамогу падчас кампаніі — рэсурсы «Белгазпрамбанку», які на 99% належыць расійскім кампаніям. Некаторыя чальцы ініцыятыўнай групы працавалі ў гэтым банку і займаліся справамі выбарчай кампаніі ў працоўны час і з выкарыстаннем працоўных сродкаў, а гэта парушэнне Выбарчага кодэксу.

Але тут Ярмошына яўна парушыла прэзумпцыю невінаватасці. Суду над Бабарыкам яшчэ не было, тое, што 350 тысяч долараў ягоныя — не даказана. Як не даказана і тое, што экс-банкір мае да гэтых грошай дачыненне. Што ж да выкарыстання рэсурсу «Белгазпрамбанку», то Бабарыка сышоў з яго да прэзідэнцкай гонкі. А калі і так, ці можна выкарыстанне тэлефона лічыць «замежнай дапамогай»?

Адмоўлена ў рэгістрацыі было і Валерыю Цапкалу. Прычына зразумелая — недахоп подпісаў. Нягледзячы на тое, што ўжо вядома, як камісіі «адбракоўвалі» подпісы за яго. Знаная гісторыя пра Фрунзенскі раён Мінску, калі камісія прызнала неадпаведнымі подпісы за Цапкалу 26 чэрвеня, у той час, як адказ ад адпаведных органаў, якія ажыццяўлялі гэтую праверку, тая ж камісія атрымала 27 чэрвеня.

Нягледзячы на тое, што ЦВК прызнала «тэхнічны збой» у Бабруйску і дадала прэтэндэнту каля трох тысячаў подпісаў, на вынік гэта не паўплывала.

Сярод лідараў па зборы подпісаў кандыдаткай у прэзідэнты стала толькі Святлана Ціханоўская, якая пайшла ў кампанію замест арыштаванага мужа, і якая, падаецца, пакуль нават не ведае, што з гэтай рэгістрацыяй рабіць.

Святлана Ціханоўская ля ЦВК. Фота Радыё Свабода


Астатнія прэтэндэнты, як і планавалася, былі зарэгістраваныя. Ганна Канапацкая выказала нават падзяку Ярмошынай, што не дзіўна — у яе, як і ў Андрэя Дзмітрыева, і ў Сяргея Чарэчаня, невядома адкуль ўзнікла некалькі дзясяткаў тысяч «лішніх» подпісаў. Ужо тады было зразумела: зроблена гэта не проста так.

Значная дэталь: ніводзін з прэтэндэнтаў, якім «дамалявалі» подпісы, якія яны не збіралі і не здавалі, не абскардзіў гэтую сітуацыю і не адмовіўся ад іх. А «дапісванне» галасоў нават «на нашую карысць» — такое ж парушэнне, як і дапісванне за апанента.

Цяпер вялікае пытанне, што будзе рабіць Святлана Ціханоўская, якая засталася адзіным сумленным (зыходзячы з працэдуры «дамалёўкі» подпісаў) кандыдатам у прэзідэнты з усёй кампаніі. Крок, які напрошваецца сам сабою — гэта аб’яднанне ў сваіх шэрагах камандаў Бабарыкі і Цапкалы. І вось тут ужо пачнуцца інтрыгі.

Нерэгістрацыю Бабарыкі і Цапкалы большасцю інтэрнэт-аглядальнікаў расцэньваецца не як перамога, а як параза дзейнага кіраўніка краіны. Такая сітуацыя яскрава паказвае — Аляксандр Лукашэнка не можа выйграць выбары сумленна.

Лукашэнка збаяўся нармальнай канкурэнцыі. Ён выліваў на сваіх апанентаў тоны бруду і кампрамату, ён пасадзіў некаторых у вязніцы — але ўсё роўна напалохаўся і перастрахаваўся, не дапусціўшы Бабарыку і Цапкалу да кампаніі. Прычым, не дапусціўшы несумленнымі метадамі.

Такім чынам, дзейны кіраўнік краіны не выглядае ў вачах народа моцным лідарам, іміджу якога ён ўвесь час дамагаўся. Ён выглядае на «Сашу 3%»: баязліўцам, які, седзячы на троне, сапраўды, па яго ж словах, «ухапіўся за гэтае крэсла сінеючымі пальцамі». Нават закратаваныя людзі яго напалохалі да дрыжыкаў у каленках.

Карацей, для народа ён больш не «Бацька», а баязлівец.

Можна намаляваць сабе колькі заўгодна працэнтаў на выбарах, і колькі заўгодна рабіць выгляд, што ты — пераможца. Але пытанне ў тым, хто ў гэта паверыць.

Страта ўнутранай легітымнасці — гэта не вельмі простыя словы. Калі кіраўнік дзяржавы не мае аўтарытэту сярод уласнага народа, яго ўказы, загады, распараджэнні, і нават законы выконвацца не будуць. Кіраванасць краінай у такіх варунках — рэч сумніўная. Да кожнага працоўнага па міліцыянту не прыставіш.

І калі ўрэшце нас дагоніць хваля чарговага фінансава-эканамічнага крызісу, прадказаць яе сацыяльны эфект у адсутнасці ўнутранай легітымнасці кіраўніцтва, проста нельга. Можа быць усё: ад страйкаў да рэвалюцыі. І гэта не пагроза, гэта папярэджанне. Таму што адказны за гэта будзе ён — напалоханы баязлівец, які ўсімі сродкамі імкнуўся застацца пры ўладзе.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: