Лукашэнка: Дэкрэт № 3 я не адмяняў і нават не прыпыняў

Дзеянне дэкрэта №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" не прыпыненае, заявіў Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка, гутарачы з супрацоўнікамі прадпрыемства "Кранаспан" падчас наведвання Магілёўскай вобласці.

Фрагмент сустрэчы быў паказаны ў эфіры навін тэлеканала "Беларусь 1".

"Як бы ні было непапулярна: дэкрэт № 3 я не адмяняў і нават не прыпыняў. Гэта няправільна вам кажуць. Дэкрэт № 3 сёння працуе. Адзінае, што я запатрабаваў, калі ўлада вінаватая была, панакіроўвалі гэтыя "лісты шчасця" і каму трэба, і каму не трэба, прыпынілі выплату вось гэтымі людзьмі, якія павінны працаваць, — не працуюць, як яны сябе дармаедамі называюць, мы прыпынілі на гэты год плату. Значыць, за гэты год хай выплацяць у наступным годзе, але за гэты час мы выверым усе спісы, — сказаў Лукашэнка. — Мы паглядзім, хто павінен працаваць — не працуе, хто там ну інваліды, там ёсць у дэкрэтным адпачынку людзі і іншае, і іншае. Але яны і вызваленыя. Усе гэтыя спісы мы выверым. Апошні тэрмін — 1 кастрычніка, каб людзі не крыўдзіліся, і ўсім прад'явім: вось, хлопцы і дзяўчаты, ці ўладкоўвайцеся на працу, ці мы вам знойдзем працу, разумееце якую".

"Ненармальна, калі мільёны людзей працуюць, а 300–350 тысяч, гэта дакладна будзе, як мінімум, па маіх разліках, у краіне бадзяецца незразумела дзе. 350 тысяч, якія павінны працаваць і не працуюць і не нясуць ніякай нагрузкі па ўтрыманні той сферы жыллёва-камунальных паслуг, аховы здароўя, адукацыі, абароны, бяспекі і гэтак далей і таму падобнае. Усе павінны адказваць", — заявіў афіцыйны лідар.

"Таму вы павінны ведаць, што, я пакуль прэзідэнт, я ад гэтага не адступлю. Мы павінны навесці ў краіне парадак. Надышоў час, калі трэба наводзіць парадак і з занятасцю людзей", — сказаў Лукашэнка.

Ён зазначыў, што пасля з'яўлення дэкрэта "аб дармаедах" людзі пачалі трымацца за працоўныя месцы, таму што "зразумелі, што з імі жартаваць ніхто не будзе", а таксама сталі легалізаваць свае шэрыя даходы. "Гэты дэкрэт — лакмусавая паперка ў сацыяльнай сферы. Вельмі многія негатыўныя пытанні ён высвеціў. Таму мы ад яго адмаўляцца не будзем, але прывядзем усё гэта да ладу, каб людзі не крыўдзіліся", — дадаў беларускі кіраўнік.

Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што забараніў звальняць работнікаў без узгаднення з мясцовымі органамі ўлады. "Але ж сёння, калі я патрабую сярэдні заробак у тысячу рублёў, ужо некаторыя падумваюць: так, дамо тысячу рублёў, але скароцім энную колькасць людзей, у тым ліку нармальных работнікаў. Вось гэтага без узгаднення з мясцовымі органамі ўлады рабіць нельга, — сказаў ён. — Нельга ў цяжкі час выкідваць людзей на вуліцу. Гэта няправільна. Хай гэта нярынкава, але пакуль мы будзем дзейнічаць такім чынам".


Пра тое, што дэкрэт № 3 адмяняць не стануць, але на працягу года збор даручана не спаганяць, стала вядома 9 сакавіка падчас нарады ў Лукашэнкі "пра актуальныя пытанні развіцця краіны".

З 17 лютага ў розных гарадах праходзяць акцыі пратэсту супраць дэкрэта. Паводле звестак праваабаронцаў, затрымана ўсяго амаль 250 чалавек, у тым ліку журналісты. Большасць атрымалі адміністрацыйны арышт і штрафы.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: